Пра дом і кантракт
Калі адміністрацыя прапусціла тэрмін папярэ-джання аб заканчэнні кантракта, ці можа работнік не падпісваць новы, а перайсці на бестэрміновы кантракт ці дагавор працоўнага найму?
Павел МЕЛЕХАВЕЦ,
г. Брэст.
Адказвае намеснік старшыні абласнога аб’яднання прафсаюзаў Вячаслаў САЛАВЕЙ:
– Наймальнік абавязаны не пазней чым за 1 месяц да заканчэння тэрміну дзеяння кантракта пісьмова папярэдзіць работніка аб рашэнні прадоўжыць ці спыніць працоўныя адносіны на ўмовах кантракта або працоўнага дагавора на нявызначаны тэрмін. Незахаванне дадзенай умовы можа прызнавацца судом як парушэнне парадку звальнення з працы, якое не цягне за сабой аднаўлення на рабоце, але можа быць падставай для вынясення рашэння аб пакрыцці маральнай шкоды (артыкул 246 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь), калі такое патрабаванне заяўлена.
Што тычыцца прадаўжэння працоўных адносін на ўмовах працоўнага дагавора, заключанага на нявызначаны тэрмін, дык у адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 31 сакавіка 2010 года №164 наймальнік з пісьмовай згоды работніка, які не дапускаў парушэнняў працоўнай і выканальніцкай дысцыпліны і прапрацаваў у наймальніка не менш за 5 год, па заканчэнні тэрміну кантракта можа заключыць з работнікам дагавор на нявызначаны тэрмін. Калі работнік ад такога пагаднення адмаўляецца, дык па пісьмовай згодзе бакоў паміж імі можа быць прадоўжаны стары ці заключаны новы кантракт.
Аўтаматычна кантракт трансфармуецца ў працоўны дагавор, заключаны на нявызначаны тэрмін, толькі ў адным выпадку: калі тэрмін кантракта, які з’яўляецца разнавіднасцю тэрміновага працоўнага дагавора, закончыўся, а працоўныя адносіны фактычна працягваюцца і ні адзін з бакоў не запатрабаваў іх спынення. Гэтая ўмова прадугледжана артыкулам 39 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
У 2009 годзе ў Брэсцкім раёне купіў дачны ўчастак. Хто павінен даць дазвол на будаўніцтва на ім? Ці патрэбны ён увогуле?
Мікалай ПАПОВІЧ,
г. Брэст.
Адказвае старшыня Брэсцкага райвыканкама Уладзімір МАЦУКА:
– У адпаведнасці з Палажэннем аб садаводчым таварыстве і Палажэннем аб парадку падрыхтоўкі і выдачы дазваляльнай дакументацыі на будаўніцтва аб’ектаў для будаўніцтва садовага доміка на садаводчым участку патрабуецца дазвол мясцовага выканаўчага і распарадчага органа на правядзенне праектна-пошукавых і будаўніча-мантажных работ. У дадзеным выпадку трэба звяртацца ў Брэсцкі райвыканкам (г. Брэст, вул. Веры Харужай, 2) у службу “Адно акно” (кабінет №9).
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.