Кропка кіпення
Эмацыянальна, са слязамі на вачах прайшоў прыём грамадзян дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Нінай Федарук у Маларыце
…Жадаючыя трапіць на прыём да Ніны Фёдараўны ля малой залы райвыканкама пачалі збірацца за паўгадзіны да яго пачатку. Бліжэй да васьмі гадзін раніцы іх налічвалася ўжо каля дзесяці чалавек.
Пенсіянерка Ніна Герасімук з вёскі Збураж пра сваю бяду расказвала са слязамі на вачах: маўляў, яшчэ адзін вялікі дождж – і яе хата паплыве. А ўсё таму, гаварыла жанчына, што праз прысядзібны ўчастак без яе згоды, без папярэджання была пракапана канава для сцёку вады. У выніку гэтага падчас дажджу ці раставання снегу яе дом аказваецца падтопленым, і яна не можа нават падысці да яго. Звароты ў адпаведныя інстанцыі не далі ніякага выніку, што і стала апошняй кропляй. “Адна надзея на Вас, Ніна Фёдараўна”, – рэзюмавала жанчына.
Растлумачыў сітуацыю ў Збуражы запрошаны на прыём намеснік старшыні райвыканкама Віктар Сарока. Ён, у прыватнасці, паведаміў, што праблема такая ёсць і вырашыць яе даручаў старшыні Маларыцкага сельскага Савета. Аднак за час яго водпуску справа з месца не зрушылася. Таму Ніне Герасімук пасля прыёму было прапанавана разам з ім і спецыялістамі з “Белгіпразема” паехаць у вёску і на месцы разабрацца, дзе не ва ўрон грамадзянам лепш зрабіць адвод для вады.
Жонка інваліда II групы маларытчаніна Івана Фешчанкі прасіла дэпутата дапамагчы атрымаць мужу пажыццёвую II групу інваліднасці, на якой ён знаходзіцца з 2005 года. Да пенсіі па ўзросце мужчыне засталося два гады, а здароўе не паляпшаецца. Дык навошта ёй яшчэ столькі часу вазіць мужа ў Брэст? Абмеркаваўшы гэтае пытанне ў прысутнасці Фешчанкаў па тэлефоне са спецыялістамі адпаведных службаў, Ніна Фёдараўна паведаміла ім, што праблема вырашальная. Неабходна толькі звярнуцца ў абласную ўрачэбна-працоўную экспертную камісію з заявай, што мужчына не згодны з устанаўленнем II групы на год і просіць устанавіць яму пажыццёвую.
Магчыма, таму, што Ніна Федарук – медык па адукацыі і доўгі час сама працавала ў бальніцы, вельмі многія выбаршчыкі звяртаюцца да яе за медыцынскай дапамогай. Менавіта з просьбай пасадзейнічаць у высвятленні дыягназу сына, які так і не змаглі назваць ні маларыцкія ўрачы, ні іх калегі з абласной бальніцы, звярнулася да дэпутата жыхарка райцэнтра Антаніна Ганчар. А інвалід Надзея Самасюк хацела б прайсці медыцынскае абследаванне, але на платнае няма грошай.
Для таго, каб дапамагчы маладому чалавеку, Ніна Фёдараўна па-абяцала высветліць, што з ім, а пасля аказаць неабходную падтрымку. Што ж тычыцца жанчыны-інваліда, дык пытанне яе абследавання ў раённай паліклініцы было вырашана з галоўным урачом Віктарам Драневічам. Калі ж нейкага абсталявання на месцы не акажацца, то дэпутат дапаможа правесці бясплатны агляд у абласной бальніцы.
Водгаласам абласных дажынак можна назваць пытанні, з якімі прыйшлі на прыём Святлана Юхімук, Людміла Баравік і Вольга Калмыкова, што пражываюць па вуліцы Інтэрнацыянальнай, Вера Бушунова і Хрысціна Літвінчук (вул. Леніна), Кацярына Тыцык (вул. Лермантава), Ала Пішчык (вул. Савецкая). Яны тычацца кампенсацыі ўрону, які быў нанесены кватэрам летнімі і асеннімі дажджамі, калі дахі большасці дамоў былі раскрытыя.
А жанчыны з вуліцы Інтэрнацыянальнай скардзіліся, што пасля пракладкі каналізацыі без гумавых ботаў па вуліцы немагчыма прайсці. Намеснік старшыні райвыканкама Віктар Сарока паабяцаў гравійнае пакрыццё. Жыхароў вуліцы гэта не задавальняе. “Няўжо ў раёне не знойдзецца грошай, каб заасфальтаваць 200 метраў дарогі?” – пыталіся жанчыны. Старшыня райвыканкама Казімір Лапіч заявіў: грошай у бюджэце няма. Вядома, такі адказ не задаволіў маларытчанак, але Ніна Фёдараўна паабяцала, што паспрабуе дапамагчы з пытаннем асфальтавання вуліцы Інтэрнацыянальнай.
У вырашэнні астатніх праблем грамадзян, якія прыйшлі на прыём да дэпутата, таксама быў зной-дзены кампраміс. Начальнік РВА ЖКГ “Маларыцкая ЖКГ” Аляксандр Пешта, які прысутнічаў на прыёме, узяў іх на кантроль, каб у бліжэйшы час выправіць хібы, дапушчаныя падрадчыкамі пры рамонце дамоў, а таксама дамовіцца з жыхарамі пра тэрміны рамонту кватэр.
Надзея ЯЦУРА, “НТ”,
г. Маларыта.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.