Час перамен
17 лютага старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар наведаў Ганцавічы
Кіраўнік вобласці сустрэўся з педагагічным калектывам і навучэнцамі прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці. Гаворка ішла аб дэмаграфічнай бяспецы і новых якасных характарыстыках жыцця людзей:
– Падводзячы вынікі пяцігодкі, можна адзначыць, што прынятыя па стабілізацыі дэмаграфічнай сітуацыі меры далі плён. Цяпер стаіць задача выйсці на прырост насельніцтва.
Канстанцін Сумар падкрэсліў, што немалаважную ролю ў гэтым пазітыўным працэсе адыгрывае сацыяльна накіраваная палітыка дзяржавы. Між тым, кіраўнік вобласці заўважыў, што наша здароўе цалкам залежыць ад нас саміх. Аснова ўсяму – самавыхаванне. Спортам займацца можна і не чакаючы, пакуль узвядуць грандыёзны аб’ект. Губернатар расказаў, што і сам ён пасля працоўнага дня знаходзіць час на тое, каб падтрымліваць добрую фізічную форму, і працяглы час вядзе здаровы лад жыцця, які, па яго меркаванні, павінен стаць модай для маладых.
Такую думку падтрымалі ўсе ўдзельнікі сустрэчы. А яшчэ яны выказалі свае просьбы і прапановы, а таксама задалі пытанні старшыні аблвыканкама. Загадчыца сталовай прафліцэя Тамара Малышка ўзняла праблему слабага тэхнічнага аснашчэння ўстаноў грамадскага харчавання. Выкладчык ліцэя Мікалай Макатрэвіч расказаў, што ва ўстанове не хапае экскаватара для навучання будучых экскаватаршчыкаў. Канстанцін Сумар паабяцаў, што тэхніку купяць.
Шэраг пытанняў тычыўся рамонту і добраўпарадкавання школ. Усе пытанні ўзяты на кантроль. Кіраўнік вобласці выказаў думку, што праз 2-3 гады Ганцавічы будзе не пазнаць. Перамены закрануць не толькі сферу адукацыі. У рамках падрыхтоўкі да Дня беларускага пісьменства Ганцавічы не толькі папрыгажэюць – развіццё атрымае інфраструктура раёна.
Менавіта за тое, каб Ганцаўшчына квітнела і прыгажэла, выказаліся і грамадзяне, якія запісаліся на прыём да старшыні аблвыканкама. Усяго такі намер выказалі 10 чалавек. На 5 пытанняў ад прадстаўнікоў сферы адукацыі Канстанцін Сумар адказаў падчас сустрэчы ў ліцэі. Астатнія ён падрабязна разбіраў на прыёме.
Падчас сустрэчы з ганцаўчанамі Канстанцін Сумар заўважыў, што ўзнятыя праблемы не з’яўляюцца невырашальнымі, а прапановы павінны быць заўважаны і прыняты да ведама. Прыём грамадзян прайшоў у форме канструктыўнага дыялогу.
Вольга СВІРЫДОВІЧ, “НТ”.
г. Ганцавічы.
Фота аўтара.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.