Беларусь

Будзе і басейн!..


Фота: bioray.ru
Старшыня праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь Пётр Пракаповіч сустрэўся з працоўным калектывам ААТ “Модуль”
У рамках адзінага дня інфармавання Пётр Пракаповіч завітаў у Ганцавічы. На сустрэчы з калектывам ААТ “Модуль” ён перш-наперш расказаў аб перспектывах новай пяцігодкі. Асноўнай задачай па-ранейшаму застаецца забеспячэнне якаснага ўзроўню жыцця краіны. Кіраўнік Нацбанка адзначыў: зарплаты павінны ўзрасці як мінімум да 3-4 мільёнаў рублёў, але для гэтага неабходна павялічыць прадукцыйнасць працы. Напрыклад, таго ж малака можна атрымліваць у два разы больш і смела павялічваць экспарт.
– Малако для нас павінна стаць тым, чым стала нафта для арабскага свету, – падкрэсліў Пётр Пракаповіч. – З той толькі розніцай, што крыніцы нафты з цягам часу могуць вычарпацца, а малако – узнаўляльны від сыравіны.
Таксама задуманы мадэрнізацыя і рэканструкцыя айчынных прадпрыемстваў і паралельнае стварэнне новых канкурэнтаздольных  аб’ектаў, якія не патрабуюць выкарыстання імпартнай сыравіны. Важную для краіны ролю іграе павелічэнне экспарту прадукцыі за мяжу, выкарыстанне альтэрнатыўных крыніц энергіі, адукацыя і здароўе нацыі.
Пытанняў да Пятра Пракаповіча было шмат. Па-першае, ганцаўчан вельмі цікавіла хуткае святкаванне Дня беларускага пісьменства ў іх горадзе, у прыватнасці, якія аб’екты будуць добраўпарадкоўвацца і ці трапяць у праграму падрыхтоўкі да свята нецэнтральныя вуліцы. Аналагічная сітуацыя і з дзіцяча-юнацкай спартыўнай школай, дзе займаюцца звыш 670 хлопцаў і дзяўчат. Школа лічыцца адной з лепшых па падрыхтоўцы спартыўнага рэзерву вобласці, але дагэтуль не мае базы для заняткаў лёгкай атлетыкай і валейболам. Да таго ж, будынак, узведзены ў 1974 годзе, патрабуе капітальнага рамонту. Пётр Пракаповіч зазначыў: для падрыхтоўкі да свята плануецца выдаткаваць 121 мільярд рублёў – знойдуцца сродкі і на аднаўленне спартыўнай школы, і на добраўпарадкаванне вуліц.
Прысутныя не абмінулі пытанне пра высокі ўзровень беспрацоўя ў райцэнтры. Гэты даволі распаўсюджаны стэрэатып кіраўнік Нацыянальнага банка абверг у імгненне: “Пра якое беспрацоўе ідзе гаворка, калі на вашым прадпрыемстве 53 вольныя вакансіі? Ды й на будоўлі зараз нядрэнна зарабляюць. Патрэбна толькі арганізаваць людзей, якія хочуць і могуць працаваць”.
Калектыў ААТ «Модуль», якое займаецца забеспячэннем будаўнічых пляцовак матэрыяламі для пракладкі і мадэрнізацыі інжынерных сетак, не мог не пацікавіцца далейшым лёсам свайго прадпрыемства: ці плануе дзяржава матэрыяльна стымуляваць завод? Адказ быў відавочны: калі ўдасца наладзіць экспарт і зарабляць валюту – ніякая дадатковая падтрымка не спатрэбіцца.
Пётр Пракаповіч таксама развеяў  хваляванні работнікаў прадпрыемства «Модуль» наконт дэвальвацыі беларускага рубля: яна не выйдзе ў 2011 годзе за межы калідора «плюс/мінус 8 працэнтаў». На просьбу дапамагчы з будаўніцтвам басейна ў горадзе ўпаўнаважаны Прэзідэнта па Брэсцкай вобласці паабяцаў, што з цягам часу ў райцэнтры будзе і басейн.
Ніна ЛЕАНАВЕЦ, «НТ»,
г. Ганцавічы.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля