Змяніць адносіны да пацыента

Змяніць адносіны да пацыента

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Медыцынскія работнікі Брэстчыны абмеркавалі зробленае за 2010 год і вызначылі задачы на будучыню
У рабоце калегіі бралі ўдзел першы намеснік міністра аховы здароўя Валерый Хаджаеў і намеснік старшыні аблвыканкама Леанід Цупрык.
Сацыяльная значнасць гэтай сферы дзейнасці па-ранейшаму застаецца актуальнай. У дакладзе аб гэтым гаварыў начальнік упраўлення аховы здароўя аблвыканкама Ігар Ласіцкі. Ён падкрэсліў, што клопат аб здароўі лю-дзей, павышэнне ўзроўню і якасці медыцынскага абслугоўвання насельніцтва, рацыяналізацыя сістэмы аховы здароўя – важнейшыя прыярытэты медыкаў. Самым пераканаўчым аргументам дзейснасці сістэмы служаць асноўныя дэмаграфічныя паказчыкі. У вобласці стабілізавалася нараджальнасць, знізіліся каэфіцыенты дзіцячай смяротнасці, зменшылася  (праўда, толькі на 0,3 працэнта) смяротнасць насельніцтва ў працаздольным узросце. І ўсё ж колькасць лятальных зыходаў ад усіх прычын павялічылася на 1,9 працэнта. Зарэгістравана больш смяротных выпадкаў ад хвароб сістэмы кровазвароту, анкалагічных, інфекцыйных, хвароб органаў стрававання і мачапалавой сістэмы. Заклапочанасць выклікае рост на 28 працэнтаў у параўнанні з 2009 годам смяротнасці з-за выпадковых атручванняў алкаголем, на 6,7 працэнта – ад няшчасных выпадкаў на транспарце. Медыкі звязваюць гэта з недастатковай прафілактычнай работай.
Нягледзячы на тое, што палепшылася рэпрадуктыўнае здароўе насельніцтва, вырас узровень матывацыі да здаровага ладу жыцця, забывацца на прафілактыку нельга. Асабліва звярнуць увагу на яе неабходна ў раёнах, дзе летась адзначана павелічэнне лятальнасці: Бярозаўскім, Івацэвіцкім, Пружанскім, Баранавіцкім, Кобрынскім, Пінскім.
У структуры першаснага захворвання па-ранейшаму сумнае лідарства трымаюць хваробы органаў дыхання, траўмы, атручванні, хваробы сістэмы кровазвароту, органаў стрававання і інфекцыйныя. А вось зніжэнне поўнай і частковай рэабілітацыі, рост ускладнення інваліднасці дыктуюць неабходнасць пашырэння спектра медыцынскіх паслуг на ўсіх этапах аказання медыцынскай дапамогі.
Сярод вызначаных задач – прадаўжэнне ўкаранення новых медыцынскіх тэхналогій, развіццё экспарту медыцынскіх паслуг, інтэнсіўнае і эфектыўнае выкарыстанне абсталявання. Пакуль не ўдаецца да канца вырашыць кадравы дэфіцыт: вобласць мае патрэбу ў больш чым 700 урачах розных спецыялізацый. Па-ранейшаму праблематычна затрымаць кадры ў сельскай мясцовасці, хоць для паляпшэння ўмоў працы і жыцця там зроблена шмат. А самай складанай задачай намеснік міністра Валерый Хаджаеў назваў неабходнасць змяніць адносіны да пацыента, бо канкурэнцыя ў галіне будзе станавіцца ўсё больш адчувальнай. Ці змогуць гэта зрабіць медыкі Берасцейшчыны, пакажа час.
Святлана ТАБОЛІЧ, “НТ”.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

Адпачыць па-французску

Следующая запись

Паглядзець на… вайну