Беларусь

Адпачыць па-французску


БРЭСТ
За рыбай і юшкай!
Сёння ў абласным цэнтры на вул. Карбышава (ад вул. Міцкевіча да вул. Пушкінскай) пройдзе кірмаш “Рыба Беларусі”. Рыбгасы вобласці прапануюць брастаўчанам шырокі асартымент сажалкавай і азёрна-рачной рыбы, вэнджана-вяленай прадукцыі па цэнах вытворцаў, а таксама духмяную гарачую юшку. Кірмаш будзе працаваць з 8 да 17 гадзін.
БРЭСЦКІ РАЁН
Дар’я Мушчук – “Міс Прыбужжа-2011”
У чацвер у раённым Доме культуры ў Чэрнях прайшоў конкурс “Міс Прыбужжа-2011”, які арганізавалі і правялі райкам  БРСМ і аддзел па справах моладзі райвыканкама. За гэты тытул змагаліся 10 дзяўчат, якія выйшлі ў фінал пасля адборачнага тура. Прыгажуні прэзентавалі сябе, дэманстравалі касцюмы, зробленыя з падручных матэрыялаў,  удзельнічалі ў конкурсах мастацкай самадзейнасці,  прыгатавання страў і інтэлектуальным. Па суме набраных балаў “Міс Прыбужжа-2011” стала вучаніца Вістыцкай базавай школы Дар’я Мушчук.
БАРАНАВІЧЫ
Прэм’ер-міністр незадаволены
У чацвер Прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь Міхаіл Мясніковіч пабываў на Баранавіцкім вытворчым  баваўняным аб’яднанні. На базе прадпрыемства прайшла нарада з кіраўнікамі арганізацый канцэрна “Беллегпрам”. Кіраўнік Урада застаўся незадаволены работай аб’яднання, асабліва інжынернай і маркетынгавай службамі.
БАРАНАВІЦКІ РАЁН
У Жамчужным настаўніца – супер!
Пераможцай раённага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года-2011” стала настаўніца геаграфіі Жамчужненскай сярэдняй школы Наталля Грыцук. Астатнія пяць фіналістак прызнаны лепшымі ў розных намінацыях. Прызы і дыпломы лепшым настаўнікам раёна ўручыў старшыня райвыканкама Мікалай Язубец. Наталля Грыцук будзе абараняць гонар раёна на абласным спаборніцтве.
БЯРОЗА
Доблесная працаўніца
Аператар машыннага даення кароў КУВП “Пескаўскае” Святлана Гук узнагароджана медалём “За працоўную доблесць” па выніках работы за 2010 год.  Узнагароду на ўрачыстай цырымоніі ў Нацыянальнай бібліятэцы ёй уручыў Прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь Міхаіл Мясніковіч.
ГАНЦАВІЧЫ
Гасціннасць па максімуму
Нягледзячы на лютаўскія маразы, працягваецца распачатая нядаўна рэканструкцыя гарадской гасцініцы, якая завяршыцца да Дня беларускага пісьменства. Будынак павінен набыць сучасны выгляд. А гэта значыць – сцены ўцепляцца і абновяцца, замест плоскага даху з’явіцца двухсхільны, заменяцца вокны і дзверы. Па словах дасведчаных асоб, утульнасцю і камфортам здзівяць будучых наведвальнікаў гасцініцы адрамантаваныя нумары.
ДРАГІЧЫН
Сталі піянерамі
У сераду на базе Драгічынскага раённага цэнтра паза-школьнай работы прайшло піянерскае свята, прысвечанае Дню юнага героя-антыфашыста. У яго рамках 56 вучняў пятых класаў гарадскіх школ урачыста прыняты ў піянеры. Ганаровымі гасцямі свята, якое завяршылася канцэртам, былі ветэраны піянерскага руху, удзельнікі Вялікай Айчын-най вайны.

ЖАБІНКА
На экскурсію – у Белавежскую пушчу
Райкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу арганізаваў экскурсію ў Белавежскую пушчу для паўсотні прафсаюзных актывістаў. Шмат уражанняў яны атрымалі ад наведвання музея прыроды, рэзідэнцыі Дзеда Мароза. Прафсаюзныя лідары вырашылі арганізаваць такія ж экскурсіі для сваіх калектываў.
ІВАНАВА
Адпачыць па-французску
У панядзелак урачыста адкрылася першая і пакуль адзіная ў райцэнтры ўстанова грамадскага харчавання для дзяцей і моладзі, арыентаваная на правядзенне вольнага часу без алкагольных напіткаў. Кавярня “Mon amour” парадуе наведвальнікаў гарачымі блінамі з рознымі начынкамі, салатамі, чаем, сокамі, пірожнымі, круасанамі, якія выпякае па арыгінальных рэцэптах міні-пякарня ПГУП “Святлана”.
ІВАЦЭВІЧЫ
Рыбацкае шчасце
Раённы камітэт прафсаюза работнікаў АПК арганізаваў на вадасховішчы Козікі конкурс рыбацкага майстэрства. У спаборніцтве ўдзельнічалі 15 каманд. Рыбацкае шчасце ўсміхнулася прадстаўнікам КУСП “Перамога”, якія і занялі першае месца. На другім – каманда Івацэвіцкага  прафліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці, на трэцім – рыбакі УП “Івацэвіцкая ПМС”. Узнагароды атрымалі і пераможцы ў індывідуальных намінацыях.
КАМЯНЕЦ
Новы корпус для ветэранаў
Новы спальны корпус адкрыты на гэтым тыдні  ў санаторыі “Белая вежа”. Дзякуючы гэтаму зараз за змену тут могуць паправіць здароўе каля 200 ветэранаў вайны і працы, інвалідаў з захворваннямі органаў стрававання, кровазвароту, дыхання, апорна-рухальнага апарату.  Да паслуг адпачываючых – лячэбна-дыягнастычны і спальныя карпусы з адна- і двухмеснымі нумарамі.
КОБРЫН
Клопат пра інвалідаў
Учора ў райцэнтры адбылося пасяджэнне пастаяннай камісіі па пытаннях сацыяльна-культурнай сферы і сацыяльнай абароны насельніцтва абласнога Савета дэпутатаў. Было разгледжана пытанне “Аб узаемадзеянні спецыялізаваных устаноў у пытаннях выхаваўчай работы і працоўнай рэабілітацыі дзяцей-інвалідаў і дарослых інвалідаў і мерах, якія прымаюць органы мясцовай улады па паляпшэнні іх функцыянавання”. Удзельнікі пасяджэння наведалі САШ №1,
тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.
ЛУНІНЕЦ
Фінал – за газетчыкамі
У нядзелю адбыўся фінал спаборніцтваў па міні-футболе, прысвечаны памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. 14 каманд прадэманстравалі свае навыкі валодання мячом. На апошнім этапе турніру сустрэліся спартсмены-аматары з рэдакцыі газеты “Інфарм-прагулка” і райвыканкама. З лікам 5:1 перамаглі газетчыкі, менавіта ім дасталіся кубак  і грашовая ўзнагарода.
ЛЯХАВІЧЫ
Гімназія – кузня пераможцаў
На гэтым тыдні сталі вядомыя пераможцы абласных алімпіяд. Усе яны – навучэнцы гарадской гімназіі. Адзінаццацікласнік Сяргей Краўцэвіч атрымаў дыплом I ступені па біялогіі. Два дыпломы II ступені, па беларускай і англійскай мовах, – у Алёны Максімчык. А па нямецкай мове вылучылася ведамі Юлія Сілакова, у якой дыплом II ступені. Перамогі гімназістаў былі дасягнуты дзякуючы настаўнікам Ніне Смаршчок, Святлане Ермаковіч, Марыі Каліноўскай і Марыне Чыркун.
МАЛАРЫТА
Каб супрацоўнічаць разам
Напрыканцы мінулага тыдня ў райцэнтры пабывалі прадстаўнікі адміністрацыі польскага горада Мендзыжац-Падляскі. Падчас сустрэчы з кіраўніцтвам раёна быў падпісаны дагавор аб супрацоўніцтве ў розных сферах грамадскага жыцця. Дэлегацыя з Польшчы наведала таксама  спартыўны комплекс. Палякі запрасілі маларытчан прыняць удзел у фестывалі “Лапамендзыжацкія сляды маладзёжнай творчасці”, які адбудзецца ў канцы лютага.
ПІНСК
Прызнанне з берагоў Нявы
На IX Санкт-Пецярбургскі адкрыты конкурс імя прафесара В.М. Веніямінава на лепшую студэнцкую навуковую работу па эканоміцы, кіраванні і інфарматыцы ў эканамічнай сферы Палескі дзяржуніверсітэт адправіў 12 распрацовак. У выніку 4 навуковыя работы студэнтаў пінскай ВНУ адзначаны дыпломамі II ступені, 6 – дыпломамі III ступені.
ПІНСКІ РАЁН
Конкурсны бум
Раённыя этапы адразу 6 конкурсаў мастацкай самадзейнасці прайшлі на Піншчыне ў мінулую нядзелю. Журы вызначыла калектывы, якія прадставяць раён на конкурсах “Фанфара-2011”,
“Ляці, наша песня”, “Тэатральнае Палессе-2011”, “Берасцейскія забаўлянкі”, “Берагіня” і “Суквецце культур”. Разам з тым свае званні пацвердзілі народныя калектывы “Маладзіцы”, “Верас”, “Рабіначкі”, “Суквецце”.
ПРУЖАНЫ
Навучыцца энергазберажэнню
На гэтым тыдні завяршыўся раённы конкурс школьных праектаў па эканоміі і беражлівасці “Энергамарафон-2010”. У намінацыі “Лепшы педагог – арганізатар работы па выхаванні культуры энергазберажэння ў навучэнцаў” адзначаны работы Марыны Шлеба і Алены Мяшэчкі з САШ №3 г. Пружаны і Таццяны Пракопчык з 5-й школы. Лепшым вучнёўскім праектам практычнай накіраванасці названа распрацоўка дзевяцікласнікаў гімназіі Антона Шаўчэні і Кірыла Заброцкага.
СТОЛІН
А крэдыт – зусім не “мікра”…
На чарговым пасяджэнні ў Цэнтры сельскага развіцця на Століншчыне прысутныя абмеркавалі механізмы мікракрэдытавання асабістых падсобных гаспадарак раёна. У цесным супрацоўніцтве з “Парытэтбанкам” за мінулы год было выдадзена 24 крэдыты.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля