Беларусь

Незабыўны сакавік


1966 год для свінаркі калгаса “17 верасня” Столінскага раёна Ніны Бакунец быў насычаным і багатым на важныя падзеі
Пачаўся ён для маладой дзяўчыны навагоднімі святамі, а 3 студзеня яна адзначыла свой чарговы дзень нараджэння. Гэта быў не юбілей і нават не круглая дата – ёй споўніўся 21 год, але менавіта пасля яго ў жыцці Ніны адбылося столькі знакавых і важных падзей, што перажыць іх, не захварэўшы “зорнай” хваробай, было цяжка. А яна – хоць бы што.
Крыху больш чым праз тры месяцы пасля святкавання дня нараджэння, 22 сакавіка, Ніне Бакунец, якая працавала тады свінаркай у калгасе “17 верасня”, было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы. Гэтая вестка ўмомант абляцела Століншчыну. Да самой жа гераіні дайшла яна не адразу.
– Спачатку старшыня калгаса Уладзімір Якаўлевіч Куст, які першым даведаўся, што мяне ўзнагародзілі Зоркай Героя, паведаміў пра гэта Фёдару, – расказвае Ніна Фёдараўна.
Мы сядзім з ёю на канапе ва ўтульным пакоі вясковага дома і размаўляем пра цяперашняе жыццё жанчыны. А паколькі яно напрамую звязана з мінулым, то і ўспаміны яе пра падзеі больш чым 40-гадовай даўніны.
– Фёдар – гэта хлопец, з якім я сябравала, – удакладняе гаспадыня дома. – З ім старшыня прыехаў з гэтай весткай да мяне. Яны першымі і павіншавалі.
– Спяваць і скакаць ад радасці не хацелася? І ўвогуле, што Вы адчулі, калі даведаліся пра высокую ўзнагароду?
– Я зараз гэта адчуваю, – не задумваючыся, адказвае жанчына. – А тады? Узнагародзілі і ўзнагародзілі. Радасці, ад якой хацелася б спяваць і танцаваць, не было. Асэнсаванне таго, што адбылося, прыйшло значна пазней…
Я зразумела, што мела на ўвазе Ніна Фёдараўна, гаворачы пра “зараз”. Званне Героя Сацыялістычнай Працы дае права на адчувальную даплату да пенсіі. Гэтая прыбаўка дазваляе ёй цяпер быць вальней у фінансавым плане,  дапамагаць матэрыяльна ўнукам, якія вучацца ў Мінску…
Пасля была паездка ў Маскву, дзе дзяўчыне ўручылі “Залатую Зорку” Героя Сацыялістычнай Працы і ордэн Леніна з пасведчаннямі да іх. На ўрачыстасць тую Ніна апранула самы лепшы свой касцюм і хвалявалася падчас яе да дрыжыкаў у каленях. Пасля яе заканчэння ўсіх узнагароджаных запрасілі ў рэстаран на абед. Для вясковай дзяўчыны, якая далей раённага і абласнога цэнтраў, можна сказаць, нікуды не выязджала, усё гэта было нібы цудоўны сон, хоць і адбывалася наяве. Імгненні тыя ёй не забыць ніколі.
У тым жа годзе яна яшчэ двойчы пабывала ў сталіцы: Ніна Бакунец была дэлегіравана на VII з’езд кааператараў і на злёт моладзі, прысвечаны 25-годдзю разгрому фашыстаў пад Масквой. А 30 кастрычніка яна выйшла замуж за Фёдара Колбіка – таго самага, якому старшыня калгаса першаму паведаміў пра высокую ўзнагароду дзяўчыны. І працавала, бо пасля свят зноў наступілі будні.
…Званне Героя Сацыялістычнай Працы Ніне Бакунец было прысвоена ў 21 год, а працаваць на ферме яна пачала пасля сёмага класа. Можа, некаму гэта здасца смешным, але, як прызнаецца зараз жанчына, ёй не хацелася вучыцца. Бацькі былі супраць таго, каб яна пакідала школу і ішла на ферму. Але ім давялося змірыцца з выбарам дачкі.
Пачынала дзяўчына працоўную біяграфію ў 1958 годзе цялятніцай у мясцовым калгасе, а ў 1960-м прыйшла на свінаферму. Спачатку працавала на адкорме, калі перайшла на матачнае пагалоўе, даглядала 40 свінаматак. Карміла свіней (рацыён у асноўным складаўся з бульбы, мукі і вады) уручную, гэтак жа і памяшканне ад гною чысціла. І апаросы сама прымала. Здаралася, што прама з клуба ішла на ферму, калі свінаматка парасілася. Толькі і паспявала забегчы дахаты, каб пераапрануцца. Цяжка было. Ніне па першым часе мама дапамагала ўпраўляцца.
За апарос яна атрымлівала ў сярэднім па 20-22 парасяці. Увогуле, на ферме ўсе жанчыны так адказна адносіліся да выканання сваіх абавязкаў, бо ад гэтага залежыў вынік работы – выхад і захаванасць маладняку. Адсюль – заробак. Таму добрыя паказчыкі тады былі ў многіх свінарак. Чаму менавіта яна стала Героем Сацыялістычнай Працы? Магчыма, таму, што Ніна Бакунец была маладая, прыгожая, ды яшчэ і камсамолка. Ёй пасля яшчэ ў партыю прапаноўвалі ўступіць…
– А не страшна было маладой дзяўчыне? Ведаю, што некаторыя свінаматкі падчас апаросу бываюць агрэсіўнымі, могуць не толькі прыплод разарваць, але і на чалавека кінуцца…
– Страшна, але ў маёй практыцы такіх выпадкаў не здаралася. Усё звычайна праходзіла спакойна і без ускладненняў, – адказвае Ніна Фёдараўна.
У партыю маладая жанчына так і не ўступіла. Магчыма, калі б яна працягвала працаваць на ферме, дык і жыццё яе склалася па-іншаму, і поспехаў у вытворчай дзейнасці дасягнула яшчэ большых. Ці мала яшчэ што магло адбыцца ў жыцці вядомай свінаркі?! Але лёс распарадзіўся па-свойму. У 1967 годзе Ніна моцна захварэла, і дактары забаранілі ёй працаваць на ферме. Аднак без работы, нягледзячы на тое, што ў сям’і падрасталі трое дзяцей, маладая жанчына не сядзела. Працавала малаказборшчыцай. І сярэднюю адукацыю яна атрымала: у вячэрнюю школу хадзіла разам з мужам.
Жыццё з Фёдарам пражылі нядрэнна. Муж 38 гадоў адпрацаваў трактарыстам. За свае грошы пабудавалі дом, трымалі асабістую гаспадарку, гадавалі свіней, цялят, прадавалі іх, каб адкласці якую капейку. Цяпер жанчына жыве адна. Муж памёр. Дачка Наташа і сыны Юрый з Аляксандрам жывуць асобна. Мае чатырох унукаў. Двое старэйшых вучацца ў ВНУ, а малодшыя яшчэ ходзяць у школу. Увагай родных яна не абдзелена. Ды і ўлады не забываюць: калі якія мерапрыемствы ў раёне праводзяць – абавязкова запрашаюць.
І жанчына ніколі не адмаўляецца ад удзелу ў іх. Такая ўвага грэе душу. А яшчэ – успаміны. Калі становіцца адзінока і сумна, дастае Ніна Фёдараўна чорна-белыя фотаздымкі амаль паўвекавой даўніны, узнагароды – і жыццё тое зноў пралятае перад вачыма, нібы знічка ў небе. Вось яна – маладая і прыгожая, у сваім лепшым касцюме з шыкоўнай прычоскай і “Залатой Зоркай” на грудзях. А гэта – удзельнікі з’езда кааператараў…
45 гадоў мінула з той пары. І няхай “зорнае” жыццё Ніны Бакунец было не такое доўгае, як у некаторых іншых Герояў Сацыялістычнай Працы, яна не засядала ў Вярхоўным Савеце СССР і БССР, не з’яўлялася членам абкама і райкама партыі, жанчына ніколькі не шкадуе пра гэта. У яе ўсё было так, як наканавана лёсам. Вось і зараз былая камсамолка і актывістка на схіле гадоў далучылася да веры. Яна пастаянна наведвае царкву, разам з іншымі вернікамі сочыць за парадкам на яе тэрыторыі, высаджвае кветкі.
– Летам наш храм патанае ў квецені, – гаворыць Ніна Фёдараўна, – і мне вельмі прыемна, што ў гэтай прыгажосці ёсць  часцінка і маёй працы…
Надзея ЯЦУРА, “НТ”.
Столінскі раён.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля