Беларусь

Ні хвіліны спакою…


Брэсцкае райспажыў-таварыства – канкурэнта-здольная гандлёвая арганізацыя ў абласным цэнтры і незаменная – у сельскай мясцовасці
1. Фактар людскасці
Пазнаёміцца з работай вялікага калектыву Брэсцкага раённага спажывецкага таварыства давялося ў ліпеньскую спякоту. Таксама “гарачая” пара і ў кааператараў. Загрузіць тавар і даставіць яго ў гандлёвыя пункты, забяспечыць шэраг неабходных насельніцтву паслуг і, што немалаважна, вытрымаць жорсткую канкурэнцыю ў галіне – іх першачарговая задача.
Справа ў тым, што кааператары Прыбужжа знаходзяцца ў няпростых эканоміка-геаграфічных умовах. У абласным цэнтры даводзіцца канкурыраваць з гандлёвымі гігантамі, у раёне рынак актыўна заваёўваюць прыватныя структуры. Аднак ніякія цяжкасці не перашкаджаюць райспажыўтаварыству трэці год запар займаць трэцяе месца ў сістэме Белкаапсаюза па выніках фінансава-гаспадарчай дзейнасці і ўтрымліваць давер пакупнікоў.
Сёлетняя рэспубліканская “бронзавая” адзнака Брэсцкага райспажыўтаварыства з’яўляецца плёнам работы ўсяго калектыву і кіраўніка Мікалая Чуйко. У 2006-м ён узначаліў стратнае прадпрыемства і ўдыхнуў у яго другое жыццё. У гэтай структуры Мікалай Іосіфавіч працуе ўжо 37 гадоў. Прайшоў шлях ад старшага таваразнаўцы да старшыні праўлення, таму добра ведае спецыфіку работы. За гады працы Мікалай Чуйко неаднойчы праверыў і даказаў эфектыўнасць свайго жыццёвага дэвіза:  “Ісці наперад, ні секунды на месцы!”. Па такім прынцыпе будуецца праца ўсяго райспажыўтаварыства, назіраючы за якой, адразу ж успамінаеш словы вядомай песні “Ні хвіліны спакою…”.
Брэсцкае раённае спажывецкае таварыства абслугоўвае амаль 40 тысяч чалавек. Прадпрыемства ажыццяўляе гандлёвую і нарыхтоўчую дзейнасць, забяспечвае грамадскае харчаванне ў рэгіёне. Акрамя таго, у структуру райспажыўтаварыства ўваходзіць ПУП “Дамачава”, якім кіруе вопытны работнік Ала Герасімчук. Філіял у асноўным зай-маецца абслугоўваннем дальніх прыгранічных тэрыторый.
Асноўным відам дзейнасці спажывецкай кааперацыі раёна з’яўляецца рознічны гандаль. Задавальняюць патрэбы насельніцтва 96 магазінаў, 84 з іх – у сельскай мясцовасці. Для абслугоўвання маланаселеных пунктаў выкарыстоўваюцца тры аўталаўкі. Дарэчы, яны – прыбытковыя. Грошы зарабляюць дзякуючы прадуманай стратэгіі: выязджаюць на месцы адпачынку, у дачныя кааператывы. Для таго, каб магазінныя прылаўкі радавалі вока і густ пакупнікоў, ёсць 5 размеркавальных складоў. З 31 прадпрыемства складаецца сетка грамадскага харчавання. База нарыхтоўчай галіны прадстаўлена 5 прыёманарыхтоўчымі пунктамі, агароднінасховішчам ёмістасцю тысяча тон, фруктасховішчам на 270 тон.
Каб заставацца на грэбні хвалі, кааператары ўвесь час асвойваюць новыя віды дзейнасці, удасканальваюць матэрыяльна-тэхнічную базу і становяцца бліжэй да сваіх кліентаў. Зусім нядаўна ў мікрараёне Усход адкрылі магазін з прывабнай назвай “Каля дома”. Знаходзіцца ён у раёне жылой забудовы і апраўдвае назву на 100 працэнтаў. Жыхары суседніх шматпавярховак могуць набыць тут усе неабходныя тавары па даступных цэнах. Абслугоўваюць пакупнікоў ветлівыя і ўсмешлівыя прадаўцы. Сучаснае абсталяванне дазваляе не толькі забяспечыць патрэбныя ўмовы для захавання прадуктаў,  дае магчымасць рабіць пакупкі з камфортам.
У мінулым годзе Брэсцкім райспажыўтаварыствам набыта 62 адзінкі халадзільнага абсталявання, адрамантавана 11 гандлёвых аб’ектаў, адкрыты 2 магазіны ў аграгарадках Медна і Казловічы Вістыцкія. За свае грошы набыты тры грузавыя машыны. На трох аб’ектах у вёсцы Чэрні праведзена дэцэнтралізацыя ацяплення. Цяпер праводзіцца рамонт гандлёвых збудаванняў у вёсках Скокі, Новыя Лышчыцы і Збунін. На чарзе – магазін у Прыбарава.

Яшчэ адным пацвярджэннем паспяховасці райспажыўтаварыства з’яўляецца папулярнасць яго аб’ектаў. Так, напрыклад, любімым месцам адпачынку для многіх берасцейцаў і гасцей рэгіёна з’яўляецца бар у вёсцы Тэльмы. Модны інтэр’ер, які настройвае на прыемную атмасферу, добрая кухня і высакакласны персанал – вось візітная картка ўстановы. Любая ўрачыстасць, карпаратыўнае мерапрыемства ці проста рамантычная вячэра стануць незабыўнай падзеяй, калі пройдуць у Тэльмах. Дарэчы, працуе бар штодзённа да 24 гадзін у буднія дні, а ў выхадныя – да 1 гадзіны ночы.
Забеспячэннем патрэб жыхароў Прыбужжа займаецца больш чым 600 чалавек, большая частка – жанчыны. Многія з іх, як кажуць, правераныя часам кадры. Сумленна працаваць і прадбачыць вынік сваёй дзейнасці – залог поспеху асобна ўзятага чалавека і структуры ў цэлым. Па словах старшыні праўлення Мікалая Чуйко, кожны павінен займацца сваёй справай і мець заахвочванне – тады і праца будзе ладзіцца. Не забывае мудры кіраўнік пра фактар людскасці, якім кіруецца ў працы.
– Галоўнае наша багацце – людзі, – падкрэсліў Мікалай Чуйко. – Для таго, каб утрымаць добрага спецыяліста, неабходна не толькі стварыць яму належныя працоўныя ўмовы, але і прастымуляваць рублём – тады і аддача будзе. А разнастайныя пакаранні і праверкі – гэта дзеянні непрадбачлівага кіраўніка. Толькі стварыўшы цёплую атмасферу ў калектыве, можна спадзявацца на давер спажыўцоў, якія падзяляюць нашы эмоцыі і перажыванні.
Такую карпаратыўную палітыку падтрымлівае калектыў. Работнікі  імкнуцца не падвесці свайго старшыню, паказваць добрыя вынікі  і ў працы, і ў шматлікіх конкурсах. Дыпломаў і разнастайных узнагарод калектыў заваяваў шмат. У адказ кіраўнік не скупіцца на падзяку сваім работнікам. Калі ёсць за што, дык заахвочванне абавязкова будзе…
2. Выдатныя кадры
Што і казаць, кадравая палітыка брэсцкіх кааператараў грунтуецца на правераных часам прынцыпах, сярод якіх – аб’ектыўнасць, справядлівасць і роўныя адносіны да кожнага. Прыклады з гісторыі таварыства даказваюць: празмерны кантроль толькі перашкаджае, бо прафесіяналам сваёй справы патрэбна вольная прастора для дзейнасці. Мікалай Чуйко не па чутках ведае: каафіцыент карыснага дзеяння ўзрастае ўдвая ці нават утрая, калі людзі адчуваюць сябе матэрыяльна абароненымі.
Як толькі ў таварыстве ўзнікла праблема з недахопам вадзіцельскіх кадраў, кіраўнік падышоў да яе вырашэння таксама з фінансавага боку: маўляў, лепш пераплаціць, каб тэхніка не стаяла без справы. Для старшыні людзі гэтай спецыяльнасці – на вагу золата. Уся ж сістэма кааперацыі ўяўляецца лідару брэсцкіх гандляроў вялікай чыгункай з уласнымі законамі і стыхіямі. Зламаецца, напрыклад, адна невялічкая шпала – і цэлы састаў можа пайсці пад адхон. Вось чаму эканоміць на зарплаце працаўнікоў тут лічыцца благім тонам. Паступова Мікалаю Іосіфавічу ўдалося зрабіць так, каб у гэтым ідэальна адладжаным механізме ўсе звёны моцна трымаліся сваіх месцаў.
Па-брацку адносяцца адзін за аднаго і самі кааператары. У калектыве няма месца нядобрасумленнай канкурэнцыі ці зайздрасці – тут прызнаюць зусім іншыя ідэалы. Узаемаразуменне і сяброўства, нібы маленькія іскрыстыя маячкі, дапамагаюць кааператарам знайсці правільнае выйсце з любой складанай сітуацыі. Бесперабойна працаваць у адзіным рытме брастаўчанам не перашкаджаюць нават узроставыя адрозненні. Маладым тут заўжды “зялёнае святло”, а старажылам – непадуладная часу пашана.
Першая катэгорыя супрацоўнікаў складае 26 працэнтаў ад агульнай колькасці, яшчэ 10 навічкоў паспрабуюць атрымаць кааператарскую прапіску сёлета. Дарэчы, закранаючы тэму таленавітай моладзі, варта адзначыць першага намесніка старшыні праўлення па гандлі Алёну Ганчарук – яна таксама прыйшла сюды ў якасці маладога спецыяліста. Хуткі кар’ерны рост гэтай разумніцы яскрава пацвярджае простую формулу: толькі дасканалае веданне сваёй справы дапамагае рухацца ўверх, а зусім не хітрыкі ці ліслівасць, як лічаць некаторыя.
Апошнім часам у таварыстве значна зменшыліся цякучасць і змена кадраў, затое лічба ахвотнікаў павысіць свой прафесійны ўзровень расце з кожным годам: зараз 13 з іх навучаюцца ў ВНУ, 6 – атрымліваюць адукацыю ў каледжах. У 2009-2010 гг. вытворча-эканамічныя семінары і школы кааператыўнага гаспадарання наведала звыш 450 чалавек. Яшчэ чатыры супрацоўнікі, дзякуючы сваёй актыўнасці і мэтанакіраванасці, трапілі ў перспектыўны рэзерв Брэсцкага райспажыўтаварыства.
– Асвоіцца на рабочым месцы і настроіцца на патрэбную хвалю маладым дапамагаюць нашы вопытныя спецыялісты, якія складаюць касцяк спажывецкага таварыства, – расказвае Галіна Кашырава, намеснік старшыні праўлення па кадрах. – Пра такіх кажуць: кааператары ад бога. У дадатак да сваіх прафесійных талентаў яны яшчэ і выдатныя настаўнікі. Разам з імі нават самыя сціплыя і баязлівыя навічкі адчуваюць сябе ўпэўнена.

Перадаць частку ведаў і бясцэннага вопыту юным каляжанкам вядучы эканаміст Валянціна Уласень лічыць сваім асноўным абавязкам. Нягледзячы на 40-гадовы стаж у сістэме кааперацыі, першы працоўны дзень у Лышчыцах жанчына памятае, быццам гэта было ўчора. Менавіта тады яна раз і назаўжды зразумела, якую важную ролю адыгрываюць калектыў і кіраўнік для зусім яшчэ “зялёных” хлопцаў і дзяўчат. Валянціне Мікалаеўне пашчасціла і з першым, і з апошнім, таму думкі пра змену месца працы не турбавалі таленавітага спецыяліста на працягу гэтых шчодра насычаных радасцямі і клопатамі чатырох дзясяткаў.
Сёння яе любімы планавы аддзел усё маладзее і маладзее, а гэта значыць: Валянціне Уласень пакуль рана марыць пра адпачынак. Хто ж яшчэ так цярпліва выслухае, растлумачыць і дасць слушную параду! Бясспрэчны аўтарытэт і педагагічныя здольнасці жанчыны, а таксама рэдкі талент суперажываць сваім паплечніцам робяць яе сапраўдным дыяментам кааперацыі, якога варта падтрымліваць і песціць.
Дарэчы, больш за 30 супрацоўнікаў райспажыўтаварыства прысвяцілі сістэме кааперацыі звыш 30 гадоў свайго жыцця. Адна з такіх – загадчыца магазіна вёскі Шумакі Ганна Сапажынская, якую калегі ласкава завуць Папялушка. Казачная мянушка вельмі дакладна падкрэслівае спрытнасць Ганны Іванаўны, яе неверагоднае ўменне ні хвілінкі не сядзець на месцы склаўшы рукі. Адсутнасць гучных тытулаў у гэтай стараннай жанчыны не ўплывае на сімпатыю жыхароў вёскі: яе паважаюць за адданасць прафесіі, сумленную працу, а таксама за людскасць, якую не заменіць нават самая каштоўная ўзнагарода.
Ды шмат у таварыстве  і тытулаваных асоб. Так, 27 працаўнікоў у розныя часы атрымлівалі знак “Выдатнік савецкай спажывецкай кааперацыі” ці больш сучасны яго варыянт – “Выдатнік спажывецкай кааперацыі Беларусі”. Скарбонку папоўнілі і такія важкія ўзнагароды, як ордэн “Знак Пашаны”, граматы Вярхоўнага Савета БССР, дыпломы і вымпелы Цэнтрасаюза і Цэнтральнага камітэта прафсаюза. Нават сумненняў не ўзнікае: тут сапраўды сабраліся лепшыя з лепшых.
“Выдатніца” Марыя Крукоўская, загадчыца магазіна вёскі Покры, не адну ўзнагароду дадала да свайго і без таго багатага мінулага. За 43 гады плённай дзейнасці ў гандлёвай сферы Марыя Андрэеўна назапасіла мноства маўклівых сведкаў кампетэнтнасці і прафесіяналізму. Гэта адзнакі праўлення аблспажыўсаюза і абкама прафсаюза, граматы ЦК КПБ, падарункі і памятныя сувеніры ад раённага спажывецкага таварыства. Па іх можна адсачыць асноўныя этапы працоўнай біяграфіі няўрымслівай жанчыны, якая, дарэчы, пачынала кар’еру ў Чарнаўчыцах.
У справе брэсцкія кааператары нязменна кіруюцца дэвізам: “Калі не мы, дык хто?!”. Пэўна, аналагічнай думкі прытрымліваюцца і кліенты, якія не перастаюць абсыпаць прадпрымальных гандляроў кампліментамі і падзякамі. Уменне выгадна спалучыць традыцыі з навамоднымі тэндэнцыямі спрыяе росту спажывецкага попыту. Пастаянныя пакупнікі адзначаюць добры густ брэсцкіх кааператараў, багацце выбару тавараў і ўмераныя цэны, што сёння надзвычай важна.
Сучасны комплекс у Матыкалах, які, акрамя багатай гандлёвай базы, уключае ў сябе бар-грыль, банкетную залу, нарыхтоўчы ларок, кандытарскі цэх, парадаваў па ўсіх пералічаных паказчыках. Месячны таваразварот ад запатрабаванага аб’екта складае паўмільярда рублёў. Гэта сапраўдны гонар спажыўтаварыства і любімае месца для вясковага шопінгу і адпачынку пасля яго. А галоўнае: прадукты харчавання і некаторыя прамысловыя тавары тут значна танней, а іх асартымент – разнастайней, чым у абласным цэнтры. Згадзіцеся, даволі прывабныя перавагі.
Знаёмы з дзяцінства водар спакушае адразу пасля шопінгу зазірнуць у кафэ і паспрабаваць свежую выпечку. Фірмавым ласункам тут лічыцца мядовы пірог, які  кандытар Таццяна Сукач назвала сваім любімым. Ён прыгатаваны з асаблівай цеплынёй, можа, таму мае такі незабыўны смак і літаральна растае ў роце.
Тым не менш, у Таццяны Андрэеўны аднолькава добра атрымліваюцца любыя вырабы з цеста. Ідэй хапае нават на самыя складаныя салодкія кампазіцыі, а каб справа ішла спарней, жанчына нават людзей пад сябе падабрала: з такім жа бляскам у вачах і працоўным запалам. Яшчэ для кандытара вельмі важна навучыць падапечных галоўнаму сакрэту майстэрства – аддаваць справе часцінку сваёй душы.
Цесная сяброўская кампанія складаецца з 7 прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва. Плячо да пляча завіхаюцца жанчыны і дзяўчыны ля гарачай печы, каб падзяліцца сваёй духмянай радасцю з усімі кліентамі акуратненькага кафэ і вучнямі мясцовай школы.
Гаспадарлівы Мікалай Чуйко хоць і не збіраецца трымаць сваіх падапечных у калючых рукавіцах, але прагне быць у курсе ўсіх падзей. Нават тых, што на першы погляд здаюцца дробяззю. Пільным вокам аглядае ён свае “ўладанні” і ўпэўнена дае распараджэнні: “Скасіць траву! Высадзіць кветкі! Пафарбаваць шыльду!” Можа, таму гандлёвыя аб’екты кааператараў прывабліваюць спажыўцоў прыгожым знешнім выглядам і фактычна хатняй утульнасцю.
Не адставаць ад свайго лідара і ва ўсім яго падтрымліваць стараюцца і самі кааператары. Не дзіўна, што па эканамічна важных параметрах спажывецкае таварыства заслугоўвае адзнакі “выдатна” – гэта прызналі і партнёры, і канкурэнты, і звычайныя спажыўцы. Няхай так і будзе!
Вольга СВІРЫДОВІЧ, “НТ”,
Ніна ЛЕАНАВЕЦ, “НТ”,
Брэсцкі раён.
Фота Юрыя МАКАРЧУКА, “НТ”.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля