Адказнасць плюс крэатыўнасць

Адказнасць плюс крэатыўнасць

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Такі падыход дазволіць зберагчы культурную спадчыну
Напачатку тыдня, у панядзелак, адбылося чарговае пасяджэнне аблвыканкама і пашыраная апаратная нарада. Былі прааналізаваны вынікі работы за прайшоўшыя два месяцы. Яны, па словах кіраўніка вобласці Канстанціна Сумара, паказалі, што “мы на правільным шляху”. Таму пацвярджэнне – тэмпы росту валавога рэгіянальнага прадукту склалі больш за 112 працэнтаў.
Ды заспакойвацца не варта. Канстанцін Сумар выказаў крытычныя заўвагі па шэрагу кірункаў. Пакуль што не ўсё ў парадку з дысцыплінай, не ўсё гладка ў ажыццяўленні прынятых праграм – напрыклад, па развіцці Прыпяцкага Палесся. “Мы недаацэньваем выкананне паказчыка па замежных прамых інвестыцыях – тут таксама маецца праблема, прытым значная, – падкрэсліў губернатар. – Марнатраўна адносімся да валютных сродкаў, якія зарабляюць некаторыя прадпрыемствы, а іншыя імі карыстаюцца.
Шмат пытанняў па выкарыстанні лясных угоддзяў, ды і ўвогуле – па зямлі. Не дасягнута галоўнае – эфектыўнасць работы сяла…”
Старшыня аблвыканкама бачыць недапрацоўкі і ў тым, што тычыцца аптымізацыі гандлю, і ў развіцці будаўнічага комплексу, і ў паляпшэнні медыцынскага абслугоўвання людзей. “Зрухі ёсць, але не ўсё зроблена ў плане эфектыўнай работы аўтатранспарту ў Брэсце”, – зазначыў Канстанцін Сумар, вяртаючыся да ўзнятай летась праблемы… Сутнасць распачатай размовы зводзілася да таго, што неабходна акрэсліць слабыя бакі, каб у далейшай дзейнасці звярнуць на іх самую пільную ўвагу. І перайначыць сітуацыю такім чынам, каб выканаць запланаванае.
Менавіта такі прынцыповы падыход быў характэрны і пры абмеркаванні першага з чатырох пытанняў парадку дня чарговага пасяджэння аблвыканкама – “Аб выніках рэалізацыі мерапрыемстваў па выкананні Праграмы забеспячэння патрэбнасцей краіны ў агародніне айчыннай вытворчасці з улікам стварэння неабходных умоў яе захоўвання на 2006-2010 гады, зацверджаных рашэннем аблвыканкама ад 10 мая 2006 года №336, і мерах па далейшым развіцці вытворчасці агародніннай прадукцыі”.
Інфармуючы кіраўніцтва вобласці па гэтым пытанні, старшыня аблсельгасхарчу Сцяпан Радкавец адзначыў: згодна з вышэйзгаданай праграмай за мінулую пяцігодку на Брэстчыне ажыццяўляўся паступовы перавод галіны на інтэнсіўныя тэхналогіі вытворчасці гародніны шляхам стварэння буйнатаварнага гароднінаводства на базе 11 гаспадарак. У выніку забяспечаны рост вытворчасці гародніны на 49 працэнтаў – з 31,3 тысячы тон у 2005 годзе да 46,7 у 2010-ым. Але не ва ўсіх рэгіёнах справіліся з заданнем па вытворчасці гародніны. Крытыка тычылася сельгасарганізацый Брэсцкага, Ганцавіцкага, Жабінкаўскага, Драгічынскага, Кобрынскага раёнаў. Асноўную ж прычыну такога недавыканання Сцяпан Радкавец бачыць у парушэнні тэхналогій вырошчвання гародніны…
За прайшоўшыя гады закладзена толькі аснова развіцця галіны гароднінаводства. Неабходна павялічваць вытворчасць запатрабаванай прадукцыі за кошт новых тэхналогій. Як усё будзе ажыццяўляцца, за кошт чаго – на гэты конт былі заслуханы кіраўнікі рэгіёнаў і сельскагаспадарчых арганізацый, у прыватнасці, Кобрынскага, Брэсцкага, Лунінецкага раёнаў.
“Зразумела адно: цяпер вытворчасць і эканоміка павінны ісці паралельна, – падагульніў губернатар. – Тады магчыма будзе гаварыць пра збалансаванасць вытворчасці, яе рэнтабельнасці. Досыць спасылацца на парушэнне тэхналогій вырошчвання, незагрузку гароднінасховішчаў ці адсутнасць у гандлі якой-небудзь гародніны…” Забеспячэнне якаснай айчыннай прадукцыяй насельніцтва вобласці – гэта якраз тая задача, якую абавязаны вырашыць на працягу 2011-2015 гадоў.
Пытанне аб выкананні мерапрыемстваў па захаванні і развіцці культуры Берасцейшчыны на 2006-2010 гады і дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі” на 2011-2015 гады разглядалася з удзелам міністра культуры Паўла Латушкі. А яшчэ, не магу не зазначыць – асабліва для тых нашых чытачоў, якія наракаюць на чыноўнікаў – маўляў, не ведаюць роднай мовы: абмеркаванне вялося выключна па-беларуску. Ні для кога не сакрэт: мовай добра валодае і міністр, і губернатар. А што ўжо казаць пра начальнікаў аддзелаў культуры – каму, як не ім, быць носьбітамі і матчынага слова, і народных традыцый, і спадчыны свайго краю!..
Начальнік упраўлення культуры абл-выканкама Рыгор Бысюк сваім выступленнем пераканаў прысутных: у дадзеным напрамку зроблена шмат. Вось толькі некаторыя факты: пабудаваны Дом культуры ў вёсцы Закозель Драгічынскага раёна, крытая танцавальная пляцоўка ў Іванаве, завершана другая чарга рэканструкцыі тэатра драмы, праведзена рэканструкцыя абласнога грамадска-культурнага цэнтра, а яшчэ – ДК у Кобрыне, Ляхавічах, Лагішыне Пінскага, Агарэвічах Ганцавіцкага раёнаў, Лукава, што на Маларытчыне, іванаўскім Крытышыне – пералік можна працягваць. На працягу пяцігоддзя быў адкрыты Палескі драматычны тэатр у Пінску, харэаграфічная школа ў Драгічыне, мемарыяльны музей Касцюшкі на Івацэвіччыне і выставачная зала музейнага комплексу Орды ў Іванаўскім раёне… Замест 68 клубаў і 75 бібліятэк створана сетка перасоўных устаноў культуры – аўтаклубаў  і бібліобусаў. У сельскай мясцовасці адкрыта 20 філіялаў дзіцячых школ мастацтваў. 146 навучэнцаў гэтых і сярэдне-спецыяльных навучальных устаноў заахвочаны са спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі. За гэты час пабольшала на 49 калектываў  са званнем “народны” і “ўзорны” – і зараз іх у вобласці 362! А Брэсцкі тэатр драмы імя Ленінскага камсамола атрымаў званне “акадэмічны”, Брэсцкі тэатр лялек – “Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь”…
Сваім бачаннем далейшых перспектыў падзяліліся кіраўнікі шэрагу аддзелаў культуры – Пружанскага, Кобрынскага, Іванаўскага, Столінскага. І хоць Уладзімір Шэляговіч з Іванаўшчыны казаў, што яму пашанцавала з добрымі традыцыямі рэгіёна, з моцнымі каранямі – усё ж думаецца, гэтак можа “шанцаваць” усім яго калегам, бо кожная вёсачка, кожны раён маюць свае адметнасці – іх трэба заўважыць, і паказаць, і здзівіць, і захапіць, як гэта робяць іванаўцы і асабліва маталяне. Ды каб мець такую славу, трэба асабістая адказнасць і крэатыўны падыход у працы на культурнай ніве – вынікала з абмеркавання.
Дзякуючы кіраўніцтву вобласці за падтрымку культуры, Павел Латушка высока ацаніў такія традыцыйныя фестывалі і святы, як “Студзеньскія музычныя вечары”, “Белая вежа”, пленэр ганчароў у вёсцы Гарадная Столінскага раёна… Ён запэўніў, што Міністэрства прыкладзе ўсе намаганні, каб рэстаўрацыя Ружанскага палацавага комплексу Сапегаў была ўключана ў дзяржаўную праграму. А Канстанцін Сумар заўважыў, што на аднаўленне сядзібы Нямцэвічаў у Скоках Брэсцкага раёна нямала ўкладзена абласных сродкаў – зараз патрабуецца дапамога па яе завяршэнні.
І міністр, і губернатар акцэнтавалі ўвагу прысутных на ўзмацненні працы ў справе аховы гістарычна-культурных каштоўнасцей, якая, па-першае, будзе садзейнічаць выхаванню беларускай свядомасці, па-другое, развіццю турыстычных паслуг. Культура павінна стаць прэстыжнай для ўкладання капіталу. “Мэта Міністэрства, – зазначыў Павел Латушка, – каб грамадзяне, у тым ліку і тыя, што жывуць у сельскай мясцовасці, маглі атрымліваць культурныя даброты на максімальна высокім узроўні”. А гэта ўжо залежыць ад  прафесіяналаў, якімі багатая Берасцейшчына.
Галіна МАЗІНА, “НТ”.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

Шчырыя адказы на смелыя пытанні

Следующая запись

Выбар, які падтрымалі