Каму дача ў радасць?

Каму дача ў радасць?

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Добра памятаю дзевяностыя гады мінулага стагоддзя, калі ўрад краіны дазволіў гараджанам абзавесціся кавалачкам зямлі, альбо, інакш кажучы, займець дачу. І адразу, як грыбы, пачалі расці садаводчыя кааператывы. Найперш іх утваралі тыя, хто па розных прычынах пераехаў у горад з вёскі. Былыя вяскоўцы, якія перасяліліся ў шматпавярхоўкі, інтуітыўна марылі аб зямлі. І вось, нарэшце, мары збыліся.
У канцы 90-х гадоў у Жабінкаўскім раёне стварылі 31 садаводчае таварыства, куды ўвайшлі амаль тры тысячы ўладальнікаў. Пах узаранай глебы. Водар веснавой раніцы. Цішыня… Але першапачатковая рамантыка з цягам часу пачала адыходзіць на другі план, таму што паўстала мноства іншых пытанняў: дзе набыць і на чым прывезці ўгнаенні, як узараць зямлю?..
Цікаўлюся справамі дачнікаў садаводчага таварыства “Бярозка”, якое месціцца каля чыгункі. Яно – найбольш жыццяздольнае з тых, што знаходзяцца побач з горадам. Дабірацца з райцэнтра вельмі зручна – па шашы. Сюды ж падведзена электрычнасць. Амаль на кожным участку ёсць домік. Уладальнікі іх расказваюць, што падчас выдзялення зямлі тут было зарослае балота. Наймалі тэхніку для выкарчоўкі кустоў і ўласнымі сіламі рабілі падсыпку. Геадэзічная служба нібыта ўсё прадугледзела, аднак каля дзесяці ўчасткаў, тым не менш, кожную вясну “плаваюць” (здымак 1), і работы на іх пачынаюцца толькі ў чэрвені, калі сыходзіць вада. Ва ўзгаданым таварыстве, як і ў суседніх, зямля даволі ўрадлівая. Гэтым могуць пахваліцца і цукразаводцы, зямельныя ўчасткі якім таксама выдзелены неблагія. Астатнія ж уладальнікі дачных сядзіб занепакоены далёкай і дрэннай дарогай, неўрадлівай глебай. Без уласнага транспарта цяжка даводзіцца дабірацца да ўчастка і апрацоўваць яго. Многія ўладальнікі дач падлічылі, што прыбытак не акупляе затрат.
– Два таварыствы – у стадыі ліквідацыі, – канстатуе факт начальнік землеўпарадкавальнай службы Жабінкаўскага райвыканкама Лілія Сакалова, – адна трэць – у “паўжывым” стане. Летась паводле Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №50 усе яны павінны былі перарэгістравацца, аднак кіраўнікі таварыстваў ідуць на гэта неахвотна. У раёне, дарэчы, пустуе ўжо 390 дачных сядзіб.
Сядаю на веласіпед і кручу да больш аддаленых ад горада дачных масіваў. За вёскай Шчэглікі па дарозе ў калдобінах бяру крыху ўлева пад самы Мухавец. Помню, гадоў пяць таму кожны ўладальнік участка тут нешта рабіў. А цяпер поле асірацела, зарастае хвояй і быльнікам. Толькі каля самага лесу захаваўся адзіны цагляны домік (здымак 2), гаспадары якога даглядаюць малады садок і зямлю.
Еду правей уздоўж канала, дзе дарога яшчэ горшая. Праз кіламетраў пяць у вочы кідаецца зарослая пустэча. Тут пасля былых гаспадароў засталіся адзінокія дрэўцы, пашкоджаныя зайцамі, і кусты адзічэлых парэчак.
Вяртаючыся назад у горад, каля мікрараёна сустракаю гараджан-пенсіянераў, якія корпаюцца на невялічкіх кавалачках зямлі.
– Пакінулі толькі паўсоткі, – даверліва кажа першая сустрэчная бабуля (здымак 3), – раней мела больш за сотку, але абрэзалі: маўляў, мяжа горада і грады псуюць агульны выгляд.
Не буду пра эстэтычны бок і квітнеючы рапс на колішніх градках пенсіянераў, бо спачуваю былым вяскоўцам: яны і на старасці гадоў не пазбавіліся прагі да зямлі, якая іх падкормлівае, дае сілы і энергію да жыцця. Ім, знямоглым і спрацаваным, дача ўжо не трэба, а вось нейкая сотка пад бокам не пашкодзіла б.
Менталітэт беларуса-вяскоўца такі, што ён без зямлі не можа, а таму чапляецца за яе з усіх сіл. Напрыклад, Рыгор Карпук (здымак 4). Жывучы ў горадзе і маючы ўласны дом, ад дачы пакуль не адмаўляецца. З жонкай некалькі гадоў збіралі пенсію і вырашылі купіць мотаблок. Без яго як без рук.
– Я цяпер сапраўдны гаспадар, – кажа Рыгор. – Маю сваю тэхніку і ні ад кога не залежу.
Званю па аб’яве і цікаўлюся коштам сучаснага мотаблока. З прычэпам і неабходнымі агрэгатамі ён цягне ажно на пяць мільёнаў рублёў. Не кожнаму дачніку такое задавальненне па кішэні…

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

Галоўная задача – забяспечыць якасць кармоў

Следующая запись

Паважаныя воіны-пагранічнікі і ветэраны пагранічнай службы Брэстчыны!