Галоўная задача – забяспечыць якасць кармоў

Галоўная задача – забяспечыць якасць кармоў

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Калі будзе такі падыход да любой справы, якую робім,дасягнём многага, лічыць кіраўнік вобласці Канстанцін Сумар.
Чарговае пасяджэнне аблвыканкама адбылося 17 мая ў Івацэвіцкім раёне. Перад тым, як прыступіць да абмеркавання пытанняў парадку дня, удзельнікі выязнога пасяджэння наведалі ў райцэнтры кукурузакалібровачны завод магутнасцю 10 тысяч тон насення ў год і сельскагаспадарчае прадпрыемства “Перамога”. На прыкладзе адной з буйнейшых гаспадарак раёна было паказана: на ласку божую і міласць надвор’я спадзявацца не варта – нават у самых складаных кліматычных умовах трэба займацца нарыхтоўкай кармоў.
З дапамогай тэхнікі мы навучыліся забя-спечваць сябе патрэбнай колькасцю кармоў, – заўважыў старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар. – А зараз самая галоўная задача – іх якасць. У гэтым плане сёлетні год павінен стаць пераломным для кожнай гаспадаркі. Пара зразумець: будуць якасныя кармы – з’явяцца дадатковыя 15-20 працэнтаў жывёлагадоўчай прадукцыі. А больш атрымаем мяса, малака – зможам паспяхова канкурыраваць з імі за межамі краіны. Калі любую справу, якую робім, будзем выконваць якасна, сумленна і своечасова – дасягнём многага.
Перад тым, як даць слова старшыні аблсельгасхарчу Сцяпану Радкаўцу – дакладчыку па пытаннях “Аб ходзе выканання рашэння Брэсцкага аблвыканкама ад 20 ліпеня 2009 года “Аб ходзе рэалізацыі мерапрыемстваў па развіцці жывёлагадоўчай галіны Брэсцкай вобласці на 2008-2010 гады, зацверджаных рашэннем ад 18 лютага 2008 года №111 “Аб стане работы па далейшым развіцці галіны жывёлагадоўлі (на прыкладзе Пінскага і Столінскага раёнаў) і задачах вобласці ў гэтай галіне на 2008-2010 гады” і “Аб рабоце Брэсцкага, Жабінкаўскага, Іванаўскага райвыканкамаў па выкананні прагнозных паказчыкаў на прыкладзе асобных сельскагаспадарчых арганізацый” – Канстанцін Сумар нацэліў кіраўнікоў рэгіёнаў на зладжаную работу па стварэнні кармавой базы: “Ніякай раскачкі!” Наконт пытанняў, вынесеных для абмеркавання, упэўнена зазначыў: “Калі станем канкрэтна працаваць з кожнай гаспадаркай – вынік будзе відавочна лепшым”. Гаворачы пра Брэсцкі раён – адзін з мацнейшых у вобласці, тым не менш, на думку Канстанціна Андрэевіча, бачыш шмат праблем, калі глядзець на яго работу ў разрэзе асобна ўзятых гаспадарак. Тое ж самае назіраецца і ў дачыненні Жабінкаўскага, Іванаўскага раёнаў.
“Крыўдна, – сказаў губернатар, – калі губляем на пустым месцы”. Ён нагадаў, як іншым разам дазваляем перарастаць пашам, як трымаем жывёлу ў брудзе і гноі, а гэта ж, несумненна, уплывае на канчатковы вынік. Трэба вызначыцца і зразумець, чаму складваецца такая сітуацыя, і мяняць сістэму работы.
Сцяпан Радкавец канстатаваў, што ў апошнія гады працягваецца рост вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі ў сельгасарганізацыях вобласці. У той жа час даведзеныя заданні на 2009 год па валавай вытворчасці малака выканалі толькі Брэсцкі і Маларыцкі раёны. Калі летась сярэдні надой малака на карову склаў 4785 кілаграмаў, дык у васьмі гаспадарках Брэстчыны (у Баранавіцкім і Ганцавіцкім раёнах – па тры, у Івацэвіцкім і Пружанскім – па адной) надаілі менш за 3 тысячы. Па меркаванні Сцяпана Рыгоравіча, стрымліваючым фактарам павелічэння вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі і павышэння прадукцыйнасці жывёлы застаецца нізкая якасць кармоў.
Сёлета за прайшоўшыя чатыры месяцы вытворчасць малака да аналагічнага мінулагодняга перыяду павялічылася ўсяго на 7,8 працэнта. У Іванаўскім раёне – яшчэ менш, на 3 працэнты, Маларыцкім – 3,4, Камянецкім – 4,6, Брэсцкім – 5 працэнтаў. Неапраўдана нізкія тэмпы росту вытворчасці малака – ад 5 да 7 працэнтаў – у Бярозаўскім, Жабінкаўскім, Ляхавіцкім, Кобрынскім і Столінскім раёнах. Па словах выступоўцы, з пачатку года па вобласці атрымана малака класа “Экстра” 17,9 тысячы тон ці 6 працэнтаў ад усяго рэалізаванага на перапрацоўку. У Жабінкаўскім раёне такога малака наогул не выраблена…
Дэталёва, на яскравых прыкладах была прааналізавана работа Брэсцкага, Жабінкаўскага і Іванаўскага райвыканкамаў па выкананні прагнозных паказчыкаў сельскагаспадарчымі арганізацыямі. Здаецца, ёсць усё неабходнае для паспяховай работы – кадры, тэхніка, угнаенні. Дык у чым справа? Магчыма, у недахопе кантролю і попыту за зробленае?
– Мы і далей будзем разглядаць, наколькі кіраўнік рэгіёна ўпраўляе працэсам, – падагульняючы размову па двух пытаннях, сказаў Канстанцін Сумар, – як у раёнах працуюць з гаспадаркамі, якія не забяспечваюць выкананне прагнозных паказчыкаў. А іх дзейнасць можа быць больш плённай!..
А
б рабоце гаррайвы-канкамаў, устаноў і службаў па рэалізацыі Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 24 лістапада 2006 года №18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай ахове дзяцей у неспрыяльных сем’ях” і прафілактыцы сямейнай нядбайнасці праінфармаваў начальнік упраўлення адукацыі аблвыканкама Міхаіл Ціханчук. Паслухаўшы дакладчыка, не прыходзіцца сумнявацца ў маштабнасці прынятых мер па павышэнні адказнасці бацькоў за выхаванне дзяцей і дзяржаўнай абароне іх інтарэсаў. Летась толькі на пасяджэннях аблвыканкама тройчы разглядаліся пытанні рэалізацыі Дэкрэта №18. З асобамі, якія абавязаны кампенсаваць расходы за ўтрыманне дзяцей, што знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні, праводзіцца не проста вялікая, а індывідуальная работа. Упраўленне ўнутраных спраў аблвыканкама сумесна з камітэтам па працы, занятасці і сацыяльнай абароне распрацавалі комплекс мер па недапушчальнасці прагулаў нядбайнымі бацькамі.
Да лепшага змянілася сітуацыя з наймальнікамі па вылучэнні вакансій абавязаным асобам, для працаўладкавання якіх рашэннем аблвыканкама вызначана 1041 прадпрыемства. Калі ў 2008 годзе служба занятасці працаўладкавала 90 чалавек, дык летась – 393, а ў першым квартале сёлета – 213 чалавек.
Міхаіл Андрэевіч адзначыў, што “прафілактыка сацыяльнага сіроцтва, абарона правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх дае свае вынікі: павялічылася колькасць асоб, адноўленых у бацькоўскіх правах, і вырасла колькасць дзяцей, якія з дзіцячых сацыяльных прытулкаў вярнуліся ў біялагічныя сем’і”.
Што датычыць спагнання сродкаў з нядбайных бацькоў на ўтрыманне іх дзяцей, дык гэтая работа становіцца ўсё больш выніковай. За мінулы год лічба спагнання дасягнула 48,4 працэнта, а ў першым квартале сёлетняга – 52,1. Міхаіл Ціханчук назваў рэгіёны – Ганцавіцкі, Пружанскі і Столінскі, дзе з пачатку года пакуль што нізкім застаецца працэнт звароту сродкаў. Ніжэй абласнога ўзроўню гэты паказчык і ў Баранавіцкім раёне, Брэсцкім, Жабінкаўскім, Іванаўскім, Івацэвіцкім, Лунінецкім, Пінскім, а таксама ў Маскоўскім раёне г.Брэста і горадзе Пінску. Прынятыя меры дазволілі амаль удвая павялічыць працэнт пакрыцця ў Камянецкім і Ляхавіцкім раёнах. Высокі паказчык здолелі захаваць у Ленінскім раёне Брэста і Баранавічах. А ў Бярозаўскім і Драгічынскім раёнах працэнт спагнання сродкаў з абавязаных асоб нават перавысіў сярэднеабласны.
Так, лічбы гавораць пра многае. Але на пасяджэнні пільная ўвага была скіравана на тое, што рабіць далей, каб нешчаслівых дзяцей з кожным годам было ў грамадстве менш, каб нядбайныя бацькі станавіліся на шлях выпраўлення, як прымусіць іх працаваць і ўтрымліваць сваіх дзяцей. “Разуменне актуальнасці гэтага пытання дазволіць актыўней працаваць над выкананнем прэзідэнцкага Дэкрэта”, – лічыць начальнік абласнога ўпраўлення ўнутраных спраў Уладзімір Сычэўскі. А кіраўнік вобласці Канстанцін Сумар перакананы: калі штодзень працаваць з гэтым няпростым кантынгентам, калі нядбайныя бацькі зразумеюць, што ў іх няма іншага выйсця, як зарабляць грошы на сваіх дзяцей – справы
наладзяцца.
Галіна МАЗІНА, “НТ”,
Івацэвіцкі раён

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

Падведзены вынікі VІ Рэспубліканскага конкурсу творчых работ па сацыяльна-гуманітарных навуках

Следующая запись

Адукаванасць адкрывае дзверы ў жыццё