Адукаванасць адкрывае дзверы ў жыццё
Адукаванасць дапамагае адкрываць дзверы ў тое жыццё, якога кожны
сам сабе жадае.
У ліцэі імя П.М.Машэрава, дзе займаюся, сёлета 15 вучняў бліскуча выступілі на абласных прадметных алімпіядах. Кожнаму з іх гэта далося нялёгка. Яны вельмі доўга рыхтаваліся: шмат чыталі, рашалі задачы, выконвалі практыкаванні. Затое зараз яны знаходзяцца, як мінімум, на прыступку вышэй за равеснікаў.
Раней я думаў, што алімпіяднікі – гэта самыя вялікія “батанікі” і зануды, якія зацікаўлены толькі сваім прадметам, ды і ўсёй вучобай увогуле. Аднак пасля размовы з імі пераканаўся ў іншым. Як аказалася, гэтыя дзеці ўсебакова развітыя: многія з іх спяваюць, іграюць на музычных інструментах, займаюцца спортам. Узяць, напрыклад, прызёра абласной алімпіяды па астраноміі Дзмітрыя Міхаевіча.
Да адзінаццатага класа Дзіма не вывучаў такі прадмет, як астраномія. Мэтанакіраваная цікаўнасць да неба, зорак, планет прыйшла нечакана, калі настаўнік Валянцін Сцяпанавіч Галавейка прапанаваў юнаку прыняць удзел у ліцэйскай алімпіядзе. Вынікі яе ўразілі хлопца: Дзіма заняў першае месца. Незаўважна зразумеў, што астраномія – гэта не проста школьны прадмет, а вельмі цікавая і захапляючая навука.
Мой равеснік пачаў рыхтавацца да наступнага этапа, але забываць пра ліцэй, сяброў, спорт не стаў. Бо Дзіма не хацеў ператварацца ў нуднага завучку. Ранейшыя захапленні не перашкодзілі прайсці раённы этап алімпіяды. На абласным заняў трэцяе месца. “Вучыцца трэба, але справе – час, а забаве – гадзіна, тым больш, што вучоба – гэта мая будучыня”, – гаварыў Дзіма, збіраючыся на трэніроўку па валейболе. Ад любімай гульні не адмовіўся і ў час падрыхтоўкі да рэспубліканскага этапа. Дзіма атрымаў там дыплом 3-й ступені.
Пагутарыўшы з юным астраномам, разумею, што адукаванасць дапаможа нам адкрыць дзверы ў тую прафесію і тое жыццё, якога мы самі захочам, дапаможа ўсталявацца ў гэтым свеце як сапраўды разумным людзям. Не трэба спадзявацца на шанцаванне, а варта разлічваць толькі на свой розум.
Раман ШАМШОРЫК,
абласны агульнаадукацыйны ліцэй імя П.М.Машэрава.
Фота аўтара
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.