Самы чароўны водар
Прадукцыя філіяла РУВП “Брэстхлебпрам” “Давыд-Гарадоцкі хлебазавод” лічыцца адной з самых смачных не толькі на Брэстчыне.
Воз рухаўся павольна. І як бы ні падганялі каня, ехаць хутчэй было проста немагчыма – важкі груз прадугледжваў толькі такую хуткасць. Па прыемна-казытлівым водары, што суправаджаў павозку, не цяжка было здагадацца – вязуць хлеб…
Надзея прачыналася раненька разам з сонейкам. Калі воз быў яшчэ ў дарозе, яна ўжо стаяла ў чарзе разам з астатнімі. Доўгачаканую смакату дастаўлялі праз некалькі гадзін. На возе стаяла драўляная каробка, у якой на палічках ляжалі булкі. Ад Століна да апошняй кропкі ў раёне – 60-70 кіламетраў, таму чакаць даводзілася доўга. Ды гэта не надта палохала.
Да хлебавозкі падцягвалася і маці дзяўчынкі – вялікай сям’і не хапала аднаго бохана, што выдавалі на рукі. Прыходзілася двойчы станавіцца ў чаргу, каб займець да стала хлеб…
Ішоў час, мяняліся людзі, гістарычныя ўмовы: зараз у хлеба-булачных вырабаў такі шырокі асартымент, што нават цяжка ўявіць – калісьці было па-іншаму. Ды нязменна хлеб займае галоўнае месца на кожным стале – і ў будні, і ў святы.
Надзея вырасла. Стала Надзеяй Фёдараўнай. Зараз кіруе перспектыўным прадпрыемствам, а тыя велізарныя чэргі з яе дзяцінства, хоць і засталіся далёка ў мінулым, часта ўспамінае з лагоднай усмешкай. Вось ужо 12 гадоў запар з яе лёгкай рукі смачныя булкі і буханкі, піражкі і кексы своечасова трапляюць на прылаўкі магазінаў. Прадукцыя філіяла РУВП “Брэстхлебпрам” Давыд-Гарадоцкага хлебазавода, які ўзначальвае Надзея Скрабец, лічыцца адной з самых смачных не толькі на Брэстчыне.
Прадпрыемства створана ў 1985 годзе. У тыя часы, калі на Століншчыне пражывала каля 100 тысяч чалавек, гэта быў адзін з самых густа населеных раёнаў. У Давыд-Гарадку спачатку дзейнічала маленькая пякарня – пераважна за яе кошт карміліся мясцовыя жыхары. Ды не па сілах аказалася ёй задаволіць апетыты гараджан. Трэба было расшыраць вытворчасць, самага важнага прадукту. Новую хлебапякарню будавалі на месцы былога балота – і не дзіва, што за сваю 25-гадовую гісторыю хлебазавод то павольна ішоў на дно, то зноў імкліва ўсплываў, моцна трымаючыся за цячэнне…
Надзея Скрабец, якая трапіла на прадпрыемства ў 1988 годзе, нават не здагадвалася, што сабой уяўляе хлебапякарная справа. Свае абавязкі, безумоўна, ведала выдатна – жанчыну спачатку ўзялі галоўным бухгалтарам. Але захацелася разабрацца ў працэсе вытворчасці, пазнаёміцца асабіста з кожным вінцікам, кожнай люлькай, кожнай печкай.
У 80-я гады выдзяляліся нядрэнныя датацыі на вытворчасць хлеба – таму прадпрыемства квітнела. Працавалі тры лініі і дзве рабочыя брыгады – булачнікаў ды хлебнікаў. Штодзённа выпускалі 20 тон хлеба і 6 тон булачных вырабаў. Незабыўным смакам булак ад мясцовых хлебапёкаў насалоджваліся не толькі жыхары Давыд-Гарадка і Століна, але і вяскоўцы з суседніх Альшан. Як толькі датацыі прыпыніліся – завод пачаў падаць. Якасць прадукцыі змянілася далёка не ў лепшы бок, зарплаты сталі неверагодна нізкімі. Некаторыя працаўнікі разам з былым кіраўніком пачалі шукаць іншае месца працы. Менавіта ў гэты крытычны момант выконваць абавязкі дырэктара даручылі кволай з віду жанчыне – галоўнаму бухгалтару Надзеі Скрабец.
Нават паспяховым прадпрыемствам кіраваць досыць складана, а пра махіну, якая з кожным днём усё больш і больш грузла ў балоце надзённых праблем, і казаць няма чаго. Надзея Фёдараўна ўзяла сябе ў рукі і давяла калектыву простую ісціну: з карабля, які тоне, уцякаюць толькі пацукі. Ёй паверылі, за ёй пайшлі…
Першы шанс паправіць матэрыяльнае становішча падарылі расіяне. Яны прапанавалі таннае паліва, дзякуючы чаму хлебапёкі зэканомілі 12 мільёнаў рублёў. Ухапіліся за такі выратавальны круг абедзвюма рукамі і не выпусцілі яго аж да той пары, пакуль у Давыд-Гарадок не прыйшоў газ.
Справы хоць і маленькімі крокамі, але ж пайшлі ўгору. Па-новаму ўкамплектавалі штат – засталіся толькі тыя, хто сапраўды хацеў і мог працаваць. Старэйшыя працаўнікі добра памятаюць тыя скрутныя часіны, калі ахвяравалі любімаму прадпрыемству па 12-14 гадзін у суткі, без выхадных і свят. Разам са сваёй камандай завіхалася і Надзея Фёдараўна. Жанчына прызнаецца, што толькі тры апошнія гады ідзе дадому як належыць – у 17.00. Раней пра выхадны ці водпуск нават не марыла.
Калі пайшлі першыя прыбыткі, на прадпрыемстве зрабілі невялічкі касметычны рамонт: давялі да ладу туалеты, душавыя пакоі, кухні надалі большай утульнасці, уладкавалі спартыўны пакой. На тэрыторыі з’явіліся акуратныя клумбы, якія кожную вясну цешаць вока шматколернасцю кветак. Сваім прыкладам жанчына пацвердзіла: яе кандыдатуру вылучылі невыпадкова – праз год Надзею Скрабец зацвердзілі на дырэктарскай пасадзе.
Сёння на заводзе працуе адна лінія, на якой гатуюць вячэрнюю і начную прадукцыю – булкі, начную і дзённую – хлеб. Ёсць дзве печы, айчынная і замежная. Прадпрыемства дае 7-8 тон хлебабулачных вырабаў у суткі. Так, не 20, як калісьці, ды ў даволі маладога завода яшчэ ўсё наперадзе: будуць і перспектывы, і дасягненні. Галоўнае, каб і далей хацелася працаваць у тым жа бесперапынным рытме, з той жа незгасальнай энергіяй.
Калектыў гэтага невялікага, але паспяховага прадпрыемства налічвае 94 чалавекі, 4 з іх пакуль што ў дэкрэтным адпачынку. У чатырох уласных гандлёвых кропках – двух кіёсках і двух магазінах у Давыд-Гарадку ды Альшанах – рэалізоўваюць сваю прадукцыю. Асаблівай папулярнасцю карыстаецца хлеб з ягадамі “Судар”, піражкі “Берлінеры”, кексы. Сёлета плануецца наладзіць вытворчасць соладу – умовы цалкам спрыяльныя. На новым аб’екце будуць працаваць у тры змены каля дзесяці чалавек.
– Усе нашы дасягненні з неба не ўпалі, – разважае Надзея Скрабец. – І камяні сустракаліся на шляху, і ямкі. Не ведаю, як іншыя заводы, але мы сёння таксама сутыкаемся з цяжкасцямі. Напрыклад, мінскія вытворцы заключылі дамоўленасць з прыватнікамі, якія развозяць хлеб па вёсках на нашай тэрыторыі абслугоўвання. “Падножкі” ставяць мукамолы з іншых абласцей – у 7 гадзін раніцы ўжо сігналяць пад хатамі: маўляў, купляйце, цёткі, танную муку. Шчыра кажучы, мы самі прывучылі людзей набываць толькі свежы, гарачы хлеб, каб пальцы ўлазілі ў сярэдзіну. Учарашні прызнаюць толькі тады, калі ён каштуе на рублёў 200-300 менш. Цэнасны фактар тут не залежыць ад якасці. А канкурэнты, што выязджаюць машынай, скідваюць кошт на пару рублёў, – працягвае аповяд дырэктар. – Вельмі цяжка дастаецца нам хлеб. І калі людзі гавораць: “Такі я не буду есці, хачу цёплы” – гэта трошкі расчароўвае. Вулічны продаж хлеба з горам папалам прыпынілі – дапамагла санстанцыя. Хлеб не для таго вырошчваецца, каб яго з пылам прадавалі…
Больш за ўсё дырэктар Давыд-Гарадоцкага хлебазавода ганарыцца сваімі адданымі падапечнымі-паплечнікамі, з якімі разам не адзін пуд солі з’елі.
Галоўнага бухгалтара Людмілу Сопіч Надзея Фёдараўна знайшла ў… бальніцы, жанчына вяла зарплату. Хуценька за яе – і на завод. Людміла Аляксандраўна цалкам апраўдала выданы ёй крэдыт даверу.
Інжынер-тэхнолаг Дзмітрый Варонін прыехаў сюды як малады спецыяліст пасля Магілёўскага тэхналагічнага ўніверсітэта. Вось ужо два гады хлопец стараецца, працуе і з кожным днём падымае асабістую планку яшчэ вышэй.
Эканаміст Алена Захарэнка, па словах кіраўніка, вельмі ўдалая знаходка для прадпрыемства – яна і школу скончыла на выдатна, і ўніверсітэт, і ў справе не падводзіць. А начальнік лабараторыі Алена Палукошка, як ніхто іншы, умее знаходзіць агульную мову з калегамі. Надзея Фёдараўна са шчырай, амаль мацярынскай усмешкай прызнаецца, што падбірала кадры пад сябе, каб, як і яна, былі такія ж моцныя характарам, працалюбівыя, мэтанакіраваныя.
Сярод пекараў ёсць і мужчыны: Іван Ляшкевіч, Андрэй Лаўрэнчук, Пётр Пуп. Некаторыя сучасныя прадстаўнікі моцнай паловы чалавецтва, здаецца, баяцца нават падысці да печы, а гэтыя завіхаюцца каля яе па некалькі гадзін запар. Жанчыны-хлебапёкі задаволены сваімі памочнікамі, бо вельмі часта тое, што жанчыне не па сілах – мужчына выканае ў імгненне вока.
Не дзеля прыгожых лічбаў на паперы стараюцца давыд-гарадоцкія пекары. Праца над якасцю прадукцыі вядзецца бесперапынна – каб не вярталіся вырабы на завод. Вынікі даволі істотныя. Летась прадпрыемства атрымала прэмію аблвыканкама за актыўную работу, якая праводзіцца па павышэнні якасці выпускаемай прадукцыі, аказанні паслуг і ўкараненні высокаэфектыўных метадаў кіравання якасцю. Сёлета хлебапёкаў адзначылі Ганаровай граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь за якасць. Сама Надзея Скрабец з’яўляецца намінанткай рэспубліканскага конкурсу “Жанчына года-2008” у намінацыі “За лідарства і паспяховае кіраўніцтва”.
…Пах рошчыны ў пякарні хлебазавода аднаўляе ў памяці выявы з дзяцінства, калі бабулька мясіла цеста, усю ноч яно падыходзіла і пакой напаўняўся неверагодным водарам. Духмянасцю хлеба – духмянасцю жыцця. Пранізаныя скрозь гэтым незабыўным водарам, давыд-гарадоцкія хлебапёкі проста не могуць працаваць не па сумленні.
Ніна ЛЕАНАВЕЦ, “НТ”,
г.Давыд-Гарадок
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.