Кузьмінічна
Першая сцяжынка, зробленая ў навуку
Прашу ў Бога памяці, каб зварухнуць падзеі пачатку шасцідзясятых гадоў мінулага стагоддзя, каб праз паўвекавы адрэзак часу пачуць і ўбачыць сябе. Згадваецца далёка не ўсё. У тумане даўніны бачу цёплы вераснёўскі дзень, хлопчыка ў картовым касцюмчыку і сандаліках, які з чорнай сумкай з кірзы ідзе ў школу. Бачу, як адкрывае сшытак у косую лінейку і спрабуе пісаць першыя палачкі і нулікі, акуратна абмакваючы ручку з пяром “зорачка” ў чарніліцу. Гэта – я. Вельмі карціць узяць ручку ў левую руку, але слухаю настаўніцу і выконваю яе патрабаванні.
Мая першая настаўніца Разалія Кузьмінічна. Яна засталася ў памяці маладзенькай жанчынай, спакойнай і ўважлівай да дзяцей. Яна ніколі не павышала голас і не крычала, калі снежнай завейнай зімой мы іншы раз спазняліся на заняткі, бо два кіламетры бездарожжа ад роднай вёсачкі Навасёлкі да Тэвельскай пачатковай школы пераадольвалі з вялікімі цяжкасцямі. Не папракала за спазненне таму, што ў свой час сама хадзіла ў школу за многія кіламетры ад Мацоў, дзе нарадзілася і жыла.
Гэтая вёска ў пасляваенны час вызначалася своеасаблівай адметнасцю: у карэнных насельнікаў існавала няпісанае правіла – дзеці павінны атрымаць добрую адукацыю, пераважна вышэйшую. Усе шасцёра дзяцей Прымачукоў, напрыклад, закончылі Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Многія малодшыя Антанюкі, Макарукі, Леванюкі сталі высакакласнымі спецыялістамі ў галіне навукі і на вытворчасці. Вёска Мацы – радзіма прафесара філасофіі Юрыя Антанюка, генерала Міхаіла Макарука… А вось у другой сям’і Прымачукоў з пяці дачок тры сталі педагогамі. Сярод іх і Роза. Дзяўчынка з добрымі адзнакамі закончыла пяць класаў, але пачалася Вялікая Айчынная. Давучвалася пасля цяжкіх гадоў акупацыі. Па заканчэнні Брэсцкага педвучылішча здзейсніла сваю мару і пачала працаваць настаўніцай пачатковых класаў у вёсцы Павіцце Кобрынскага раёна, затым – у вёсцы Сцяброва, што побач з Жабінкай. Праз год яна апынулася ў вёсцы Тэўлі. Пераехала невыпадкова.
Калі выбухнула вайна, Дзмітрыя Кухарчука некалькі разоў сілком вывозілі ў Германію. Аднак, не даехаўшы да месца прымусовай працы, яму шанцавала ўцячы. Чарговая спроба збегчы падчас канвою не ўдалася. Але Дзмітрый не быў з кагорты баязліўцаў. Адпрацаваўшы лета, зноў кінуўся наўцёкі. Пешкі дабраўся да родных мясцін і без роздуму далучыўся да партызан. Уздоўж і ўпоперак абхадзіў палескія балоты, выконваючы заданні то па адну, то па другую лініі фронту. Пасля вызвалення краю ад акупантаў трапіў на фронт. Неўзабаве – раненне, шпіталь. Потым – служба ў войску. Калі ў 1948 годзе вярнуўся дамоў, найперш яго цікавіла дзяўчына з прыгожым імем Роза, з якой вучыўся да вайны ў Рынкаўскай школе. Першая доўгачаканая сустрэча, другая, дзясятая…
У 1950 годзе Дзмітрый і Роза ажаніліся. Ён – чыгуначнік, дзяжурны па станцыі Тэўлі, яна пераехала сюды настаўнічаць. Дзесяць гадоў сям’я кватаравала, у рэшце рэшт талакой з роднымі Кухарчукі пабудавалі ўласны дом. Год да года, дзесяцігоддзе да дзесяцігоддзя – і ў іхнія дзверы пастукала старасць. Спахапіўся і я: калі ж праляцелі гады? І закарцела сустрэцца з дзяцінствам, з настаўніцай, якая навучыла пісаць і чытаць, праліла першае святло навукі.
Крочу шырокай асфальтаванай вуліцай і ўспамінаю брукаванку. Будынак школкі пустуе, сіратліва пазірае забітымі вокнамі на перакрыжаванне дарог. Маўчыць алея высокіх бяроз, якія я з аднагодкамі садзіў у пачатковых класах. Хацеў таго ці не, але нарадзіўся верш:
Стамлёны прысеў, дзе з прыскокам
хадзіў.
З бярозай сваёй пачынаю
гаворку,
З бярозай, якую на рыжым пагорку
На радасць, на долю ля школы
садзіў.
Смуга надвячорка ўспаміны нясе
З маленькіх двароў, прапахлых
вячэрай…
Тут тысячы вёрст пехатою адмераў,
А сёння ў адну пазліваліся ўсе.
Кухарчукі сустракаюць мяне, незнаёмага чалавека, ветліва, цікавяцца мэтай візіту. Углядаюся ў твар бабулькі і ўзрушана тлумачу:
– Разалія Кузьмінічна, я – адзін з вашых вучняў-першагодак. Памятаеце такога?..
Жанчына паціскае плячыма. Згаджаюся з ёю, таму што больш чым за трыццаць гадоў настаўніцкай працы лік яе вучняў ідзе на сотні. Гаворым пра жыццё-быццё, успамінаем далёкія гады.
На лёс мая першая настаўніца не скардзіцца, задаволена пенсіяй, чатырма ўнукамі і праўнучкай. Пасля нашага развітання думаў аб тым, што жанчына да гэтага часу не страціла сваю інтэлігентнасць, некаторыя думкі і асобныя крыўды трымае ў сабе. Таму што ад знаёмых людзей, якія сябруюць з Разаліяй Кухарчук, я даведаўся пра некаторыя непрыемныя факты. Пасля доўгіх намаганняў мужа, інваліда першай групы, з дапамогай сельвыканкама сям’і крыху палепшылі жыллёвыя ўмовы. А вось пра жанчыну-настаўніцу тут не памятаюць, бо пенсіянерка ні разу не атрымала хоць нейкі ліст-падзяку альбо віншаванне з нагоды ці юбілею, ці прафесійнага свята.
Дробязь? Але з такіх дробязей складаецца наша пашана да людзей сталага веку, да тых, хто, не шкадуючы здароўя і нерваў, пракладваў дзецям першую сцяжынку ў навуку, хто вучыў працавітасці і сумленнасці.
Кобрынскі раён.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.