Беларусь

Мільён за ліхтары


БРЭСТ
Калядныя сустрэчы
Дабрачынная акцыя “Калядныя сустрэчы” прайшла на гэтым тыдні ў тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Маскоўскага раёна. У паня-дзелак вучні СШ №28 і студэнты БрДУ імя А.С. Пушкіна выступілі з канцэртам для шматдзетных сем’яў, у аўторак – для адзінокіх пажылых людзей.
БРЭСЦКІ РАЁН
Вечарына па-тэльмінску
У Тэльмінскім Доме культуры для вяскоўцаў наладзілі вечарыну, прысвечаную калядным святам. Грандыёзны канцэрт падрыхтавалі артысты мастацкай самадзейнасці. У культурнай праграме задзейнічалі і сталых жыхароў вёскі, і дзяцей. Так, напрыклад, сярод арганізатараў і актыўных удзельнікаў была сям’я дырэктара ДК Галіны Крысанавай.
БАРАНАВІЧЫ
Мільён за ліхтары
Непрыемную карціну ўжо некалькі дзён назіраюць жыхары Паўночнага мікрараёна – на Востраве кахання невядомыя разбілі ліхтары, якія з’яўляліся часткай упрыгажэння гэтага месца. Агульны ўрон склаў каля мільёна рублёў. Поўнага аднаўлення прыгажосці гараджанам прыйдзецца пачакаць: новыя арт-аб’екты будуць зроблены ў Гродна і тады заменяць разбітыя ліхтары.
БАРАНАВІЦКІ РАЁН
А дзе грошы?
Узбуджана крымінальная справа і вядзецца вышук махляроў, якія не заплацілі за сельгаспрадукцыю фермеру з вёскі Новая Мыш. Двое мужчын прадставіліся супрацоўнікамі сталічнай фірмы і, спаслаўшыся на адсутнасць грошай, паабяцалі заплаціць пазней. Міліцыі стала вядома, што 40 тон морквы і буракоў яны рэалізавалі ў Мінску і пакінулі межы Беларусі. Фермер недалічыўся амаль 40 мільёнаў рублёў.
БЯРОЗА
Прычэп “падрос”
На ААТ “Бярозаўскі маторарамонтны завод” выпушчаны новы прычэп для перавозкі саломы, сена і іншай сельгаспрадукцыі. У яго можна загрузіць 36 сфарміраваных рулонаў, што значна больш, чым умяшчальнасць папярэдняга агрэгата. Прычэп вагой 3,5 тоны каштуе 52 мільёны рублёў. У бліжэйшы час новая тэхніка пройдзе сертыфікацыю.
ГАНЦАВІЧЫ
Творчасць вітае свет
Гэты тыдзень установы адукацыі раёна жылі творчымі хваляваннямі. Учора завяршыўся раённы фестываль дзіцячай творчасці “Прывітанне, свет!”. Свае здольнасці журы паказалі юныя канферансье, чытальнікі, спевакі, вакальныя і харэаграфічныя ансамблі. Былі арганізаваны выставы дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва. Пераможцы фестывалю выступяць з гала-канцэртам.
ДРАГІЧЫН
Пачатак вялікага шляху
У аўторак на базе сярэдняй школы №2 адбыўся раённы прафесійны конкурс маладых педагогаў “Пачатак вялікага шляху”, які арганізавалі і правялі аддзел адукацыі райвыканкама і раённы цэнтр пазашкольнай работы. Відовішчна і арыгінальна  прайшлі конкурсы “Самапрадстаўленне”, “Інтэлектуал”, “Калейдаскоп талентаў”, “Вырашэнне псіхолага-педагагічных сітуацый”, прэзентацыя аўтарскага праекта “Урок будучыні”. Па іх выніках былі вызначаны самыя эрудзіраваныя і таленавітыя педагогі.
ЖАБІНКА
Каб менш было крадзяжоў
У чацвер раённы аддзел унутраных спраў правёў дзень прафілактыкі злачынстваў і правапарушэнняў. Супрацоўнікі міліцыі пабывалі ў працоўных калектывах і асобных дамах, дзе правялі гутаркі, раздалі памяткі. Галоўная ўвага была нададзена крадзяжам маёмасці, колькасць якіх у раёне дамінуе сярод злачынстваў. Летась іх было ўчынена каля сотні.
ІВАНАВА
Фэстам завяршаем святкі
Учора пачаўся VI Міжнародны фестываль “Фальклор без межаў”. Яго ўрачыста адкрыў у сельскім Доме культуры вёскі Тышкавічы старшыня райвыканкама Юрый Бісун. У праграме гэтага прадстаўнічага мерапрыемства – песнапенні лепшых царкоўных хораў з Жыровіч, Пінска, Драгічына і выступленні самадзейных калектываў народнай творчасці з Расіі, Украіны, Польшчы і Беларусі. Удзельнікі фестывалю пазнаёмяцца і з вырабамі народных умельцаў.
ІВАЦЭВІЧЫ
Зоркі “сыпалі” дажджом
У сярэдняй школе №3 у панядзелак прайшоў фінальны гала-канцэрт раённага фестывалю “Зорны дождж”. Больш за 30 нумароў мастацкай самадзейнасці паказалі 140 школьнікаў. Гледачам запомніліся многія юныя артысты. Удзельнікі фестывалю былі адзначаны граматамі і прызамі аддзелаў адукацыі і па справах моладзі райвыканкама, раённай арганізацыі ГА “Белая Русь”.

КАМЯНЕЦ
Імпрэзы для дзяцей
Напрыканцы мінулага тыдня ў раёне завяршыўся цыкл канцэртаў “Яслі для дзіцяці”, арганізаваны праваслаўным прыходам Свята-Крыжаўзвіжанскай царквы горада Высокае. У суботу артысты выступілі ў Бучамлянскай школе-інтэрнаце, а 17 студзеня  дзеці сустракаліся з  благачынным Камянецкай благачыннай акругі айцом Сергіем і настаяцелямі цэркваў вёсак Трасцяніца, Войская, Расна, Мікалаева, Чамяры.
КОБРЫН
“Гермес” – не толькі магазін
Новы ўніверсам “Гермес” раённага спажывецкага таварыства адкрыўся ў адным са спальных мікрараёнаў Кобрына, на вуліцы Інтэрнацыянальнай. Асаблівасць гэтага самага вялікага гандлёвага аб’екта кобрынскіх кааператараў у тым, што ў ім размясціўся не толькі магазін з шырокім асартыментам прадуктовых і прамысловых тавараў, але і ўласны цэх гарачай выпечкі, а таксама кафетэрый на два дзясяткі месцаў.
ЛУНІНЕЦ
Бізнесменаў хвалююць падаткі
На пачатку тыдня ў райвыканкаме адбылася сустрэча з індывідуальнымі прадпрымальнікамі Лунінеччыны, на якой абмяркоўваліся пытанні падаткаабкладання і заканадаўства ў сферы прыватнага бізнесу. Таксама на парадак дня прысутныя вынеслі праблемы санітарна-эпідэміялагічнага характару.
ЛЯХАВІЧЫ
Маладзёжны рух
Аддзел па справах моладзі райвыканкама падвёў вынікі конкурсу на лепшае маладзёжнае аб’яднанне. За работу ў мінулым годзе першае месца атрымаў клуб “Маладая сям’я” сацыяльна-педагагічнага цэнтра раённага аддзела адукацыі. Другое прысуджана маладзёжнаму клубу “Юнацтва”, які паспяхова ўжо шмат год працуе ў Ляхавіцкім дзяржаўным аграрным каледжы. Трэцім месцам адзначаны клуб юнага журналіста пры райкаме БРСМ.
МАЛАРЫТА
“Зялёная школа”
Раённая гімназія, дзякуючы намаганням настаўніцы біялогіі Алы Чуль і пры падтрымцы спецыяліста па прыродаахоўных пытаннях ГА “Ахова птушак Бацькаўшчыны”  Дзяніса Кіцеля, уключана разам з іншымі ўстановамі адукацыі Брэстчыны ў праграму “Зялёныя школы”. Для вывучэння і захавання розных відаў жывёл, птушак і раслін навучальная ўстанова атрымала два палявыя біноклі, падзорную трубу, сачкі для лоўлі насякомых, лупы, іншыя прыстасаванні. Вучні ўжо зрабілі і развесілі на тэрыторыі гімназіі 10 кармушак, а днямі арганізавалі назіральную пляцоўку за птушкамі для гараджан у раёне парку.
ПІНСК
Смяротная пастка
Трагічна закончылася спроба рабочага адной з ПМК уручную пачысціць металічны коўш-кантэйнер, які знаходзіўся ў кузаве МАЗа. 46-гадовага мужчыну сціснулі рассоўныя сценкі каўша. Рабочы загінуў на месцы. Дэталі і прычыны здарэння высвятляе пракуратура.
ПІНСКІ РАЁН
Майстэрства выхоўваць
У раённым цэнтры пазашкольнай работы ў Пінкавічах прайшоў фінал конкурсу “Педагог-выхавальнік года”.  Сярод намеснікаў дырэктараў школ па выхаваўчай рабоце пераможцай стала Надзея Шапятунка з Пінкавіцкай САШ, сярод класных кіраўнікоў – Вольга Шпакоўская з Аснежыцкай школы. Таццяна Касько з Плешчыцкай сярэдняй школы адзначана ў намінацыі “Яркая індывідуальнасць”, Наталля Макарэвіч з Купяціцкай САШ – у намінацыі “Сэрца аддаю дзецям”, а Ірына Крыловіч з Кашэвіцкай школы перамагла ў намінацыі “Прыгажосць душы і асабістая чароўнасць”.
ПРУЖАНЫ
Сола Наталлі Трус
Салістка эстраднай студыі “Меладзін” гарадскога Дома культуры Наталля Трус заваявала дыплом I ступені на ХII Міжнародным фестывалі-конкурсе дзіцячых, юнацкіх, дарослых аматарскіх і прафесійных калектываў “Вялікаўсцюжская музычная зіма”, які прайшоў у Валгаградскай вобласці Расіі. Наташа паспяхова выступіла  ў намінацыі “Вакальнае выкананне (сола)” ва ўзроставай групе ад 7 да 10 год. Таленавітую дзяўчынку вылучыла сярод іншых удзельнікаў журы на чале з расійскім паэтам і кампазітарам Іосіфам Рогалем.
СТОЛІН
У дзясятачку!
Еўрапейскі саюз спартыўнай прэсы нарэшце пазнаёміў свет са спісам лепшых спартсменаў мінулага года. Дзясятку мацнейшых атлетаў Еўропы “закрыла” вядомая ўраджэнка Століншчыны Надзея Астапчук, якая выйграла летась не адзін старт у штурханні ядра, устанавіла нацыянальны рэкорд у сваёй дысцыпліне, а таксама здабыла шэраг гучных тытулаў.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля