Самавучка з Вандаліна

Самавучка з Вандаліна

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Пару гадоў таму на шматлюдным гулянні  з нагоды праводзін зімы ў Жабінцы мяне, як і многіх аматараў народнай музыкі, уразілі два незнаёмыя гарманісты. Незвычайныя галасы інструментаў і заліхвацкія мелодыі паступова збіралі вакол сябе людзей. Адны цікавіліся: дзе можна купіць такі гармонік? Другія прытанцоўвалі, слухаючы мелодыі, якія вярталі ў дзяцінства і юнацтва.
Пасля стыхійна арганізаванага майстар-класа я пазнаёміўся з музыкантамі і з таго часу не прапускаю ніводнага свята з удзелам Яўгена Галавейкі і Івана Чайкі. Першы – беларус, родам з маленечкай вёскі Вандалін, другі –
з Украіны. Абодва – заўзятыя музыканты. Яны сустрэліся ў Брэсце гадоў дваццаць таму, сябруюць дасюль. Не толькі сябруюць, але разам выступаюць, калі іх запрашаюць, на канцэртах і святах. А не запрашаюць, дык стараюцца напрасіцца самі. Так, так!  У час падрыхтоўкі да святаў вёсак на Жабінкаўшчыне, тым болей у мястэчках, якія суседнічаюць з малой радзімай Галавейкі, Яўген не саромеўся нагадваць пра свайго сябра. Потым разам яны ішлі па вясковай вуліцы з гармонікамі на чале арганізатараў свята, запрашалі і збіралі жыхароў да імправізаванай сцэны.
Яўген не ставіць мэту прапагандаваць гармонік  і старадаўнія танцы, якія вельмі спраўна выконвае. Ён можа гадзіну спяваць прыпеўкі. Прыпеўкі да слёз смешныя і “падсоленыя”. Можа падхапіць любую песню. Калі бярэ ў рукі інструмент, на ім усё гарыць. Такі ён з маленства.
Яўгенаў дзед па маці, франтавік і вялікі аматар музыкі, купіў свайму сыну гармонік. Але ў таго душа да музыкі не ляжала, і тады гармонік дастаўся Яўгену.
– Будзеш музыкантам, – паўтараў неаднойчы дзед. – Хочаш не хочаш, а вучыся.
У дзяцінстве Жэня ўжо “іграў” на няхітрым інструменце: да звычайнага грэбеня прыкладаў паперу і выдаваў гукі. На гармоніку вучыцца было складаней.
– Пачую ад дзядзькоў-гарманістаў нейкую мелодыю, – успамінае Яўген, – і бягу дахаты, каб паспрабаваць пераняць. Потым, калі мне было каля сямі гадоў, бацькі купілі “Беларусь”. Не пашкадавалі шэсцьдзясят рублёў, за якія ў пачатку шасцідзясятых гадоў мінулага стагоддзя можна было набыць на базары пару парасят.
У свае шаснаццаць Жэня ў адрозненне ад равеснікаў не толькі ганяў футбольны мяч, але, здаралася, быў амаль галоўным вядучым на вяселлі – музыкантам. Іншы раз зарабляў нейкую капейку.
Пасля службы ў арміі ён, адзіны сын у сям’і, вырашыў пакінуць вёску і падаўся ў Брэст, куды вабіла прафесія шафёра.
– За рулём – трыццаць гадоў, – удакладняе Яўген. –
Працаваў на многіх прадпрыемствах. Апошнія гады – вадзіцелем СП “Санта Імпэкс Брэст”. Дырэкцыя станоўча адносіцца да мяне як музыканта. Не адмовіла ў паездцы ў далёкі расійскі горад Шуя, вельмі вядомы сваімі гармонікамі.
Галавейка наведаў Шую два разы і цяпер мае інструменты, якім амаль няма роўных на Брэстчыне і якіх няшмат у Беларусі.
– Каштуе такі гармонік на нашы грошы каля двух мільёнаў, – кажа ён. – Затое іграе, як брые. Лёгкі і галасісты, цудоўнага строю. Нездарма зроблены майстрам-прафесіяналам. У Беларусі такіх майстроў ужо няма. Дый гармонік у нас заціхае, не ў модзе. Хаця энтузіясты  яшчэ ёсць, дзякуючы якім і ладзяцца фестывалі.
Яўген – неаднаразовы ўдзельнік творчых фэстаў. Ён іграў на “Мінскім гармоніку-2001”,
з’яўляецца дыпламантам рэспубліканскага фестывалю “Гармонік збірае сяброў”, які праходзіў  летась у Палацы культуры Мінскага трактарнага  завода. Лік выступленняў у вобласці ідзе на сотні. З сябрам Іванам ён не адмаўляецца ад запрашэнняў выступіць на той ці іншай сцэне або ў парку.
…Нязвыклая цішыня рэжа слых. Крывая вулачка, на якой не размінуцца дзве машыны, застыла ў асыпанай лістоце. Ажывае яна ў выхадныя дні, калі ў Вандалін прыязджаюць дзеці і ўнукі тых, хто тут жыў ці жыве. А жыццё ў вёсцы цепліцца ў чатырох хацінах з сямнаццаці. Адну з пустуючых купіў мастак-дзівак, які яркімі колерамі пафарбаваў дзверы і вокны, а на дуб павесіў скрыню.
Кожныя выхадныя сюды прыязджае Яўген Галавейка, каб дапамагчы састарэлай маці, якая апрача працы даяркай у калгасе мала што бачыла. Праўда, за старанне і руплівасць на ферме была ўзнагароджана турыстычнымі паездкамі ў Венгрыю і Чэхаславакію. Пасля даўняй цяжкай і складанай аперацыі і цяпер іншы раз скардзіцца на шум у галаве. Але на нагах яшчэ трымаецца, даглядае і свінню, і курэй. Падчас выпадковай знямогі на дапамогу  прыходзіць апякун з суседняй вёскі Якаўчыцы. У суботу і нядзелю заўсёды дапаможа Жэня: дроў прынясе, есці наварыць і гаспадарку ўправіць. Апроч усяго і суседзяў, якія з горада прыязджаюць, уважыць. Каму спілуе ў агародзе старую яблыню, каму абрэжа ў садзе галлё, кагосьці пачастуе яблыкамі – сёлетні год на іх урадлівы.
А калі да яго завітаюць гараджане-землякі з нагоды нейкай падзеі ці свята, Яўген абавязкова бярэ ў рукі гармонік. Матуля, Вера Іванаўна, заўжды рада гасцям, бо таксама вельмі любіць слухаць, як іграе яе сын.
Жабінкаўскі раён.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

Долар… патаннее

Следующая запись

Пра крэдыт і сямейны канфлікт