Беларусь

Пра крэдыт і сямейны канфлікт


Рубрыку вядзе юрыст “НТ” Лілія КАШТАНЮК
Я з’яўляюся маладым спецыялістам. Працую ў дзяржаўнай структуры. У жніўні скончыцца тэрмін маёй адпрацоўкі. Ад знаёмых чула, што ў банку малады спецыяліст можа ўзяць льготны крэдыт на бытавыя патрэбы. Падкажыце, ці так гэта на самай справе?
Наталля ЛЕВАНЮК, г. Брэст.
Льготныя крэдыты ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 27 лістапада 2000 года № 631 “Аб дадатковых мерах па павышэнні заработнай платы і выдачы льготных крэдытаў асобным катэгорыям грамадзян” даюцца выпускнікам дзяржаўных устаноў, якія забяспечваюць атрыманне сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі, на працягу двух гадоў пасля заканчэння гэтых навучальных устаноў на набыццё хатняй маёмасці (мэбля, халадзільнік, тэлевізар, газавая ці электрычная пліта, пральная машына, мікрахвалевая печ, камп’ютар, манітор, пыласос, электрачайнік, кухонная машына) і тавараў першай  неабходнасці (адзенне, абутак, пасцельная бялізна, коўдра, падушкі, посуд), вырабленых у Рэспубліцы Беларусь. Льготнае крэдытаванне праводзіць ААТ “Ашчадны банк “Беларусбанк” у памеры да 15-кратнага бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва, зацверджанага на дату выдачы крэдыту, тэрмінам да 5 год з выплатай за карыстанне ім 25 працэнтаў стаўкі рэфінансавання Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь.
Льготныя крэдыты даюцца па спісах, зацвержаных раённымі, гарадскімі, раённымі ў гарадах выканаўчымі і распарадчымі органамі, на аснове хадайніцтваў арганізацый, якія фінансуюцца з бюджэту, а таксама вайсковых часцей, органаў унутраных спраў, органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях, арганізацый спажывецкай кааперацыі і сельскагаспадарчых арганізацый, у якіх працуюць (прахо-дзяць службу) выпускнікі дзяржаўных вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў.
У 2009 годзе атрымаў размеркаванне па месцы працы і жыхарства жонкі ў Баранавічы. Праз год мы развяліся. Ці магу я пераразмеркавацца ў іншы горад на гэтай падставе?
Вадзім ЖДАНОВІЧ, г. Баранавічы.
Падставы пераразмеркавання маладых спецыялістаў вызначаны ў пастанове Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 10 снежня 2007 года № 1702 “Аб зацвярджэнні Палажэння аб размеркаванні выпускнікоў устаноў адукацыі, якія атрымалі прафесійна-тэхнічную, сярэднюю ці вышэйшую адукацыю”. Выпадак, які ўказаны ў пытанні, да ліку такіх не адносіцца.
Вы можаце быць пераразмеркаваны пры наяўнасці іншых падстаў, адзначаных у пункце 22 згаданага дакумента. Напрыклад, у выпадку пераводу з Вашай згоды ад аднаго наймальніка да другога па пагаджэнні між імі ў адпаведнасці з атрыманай спецыяльнасцю (прафесіяй) і прысвоенай кваліфікацыяй;  пры скасаванні тэрміновага працоўнага дагавора па Вашым патрабаванні ў выпадку парушэння наймальнікам заканадаўства аб працы, калектыўнага ці працоўнага дагавора і інш.

ДАВЕДКА “НТ”:
Бюджэт пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва на перыяд з 1 лістапада 2010 года па 31 студзеня 2011-га складае 283 050 рублёў.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля