Лістапад, ліставей, лістабой…
Рубрыку вядзе старшы выкладчык Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта, пісьменнік Мікола СЯНКЕВІЧ
На зыходзе лістапад – месяц туманоў, зацяжных дажджоў, часам мокрага снегу. Рэдкае цяпло змяняецца холадам, снег – дажджом. А то яшчэ першы марозік, сваволячы, “старой восені пяты падпячэ”. Усё даўжэй цягнецца ноч. У народзе кажуць: у лістападзе досвітак са змрокам сярод дня сустракаюцца або яшчэ раніца вечару руку падае.
ЛІСТАПАД – адзінаццаты месяц каляндарнага года. У старабеларускай мове ён меў назву грудень (ад слова “груды” – замёрзлая зямля). Сучаснае беларускае найменне лістапад тлумачыцца проста: канец ападання лісця з дрэў. Такая ж назва месяца ў украінцаў – листопад, у палякаў – listopad. Руская назва ноябрь мае лацінскую аснову novem (дзевяць). Лістапад (у другім значэнні слова) – гэта яшчэ і працэс ападання лісця восенню, а таксама час гэтага ападання без суадносін з назвай месяца, бо “жоўтым лістком з-пад зялёнай хусцінкі” (Пятрусь Броўка) восень можа глянуць яшчэ і ў жніўні, а то і многа раней: прыйшоў Пятрок (12 ліпеня) – апаў лісток, прыйшоў Ілья – апала два. А ў верасні-кастрычніку ўжо “з кожнай лісцевай галоўкі глядзіць твар восені-свякроўкі” (Якуб Колас).
Трэба памятаць, калі мы змяняем па пытаннях назву месяца лістапада, то ў родным склоне неабходна ўжываць канчатак – а. Напрыклад: У канцы лістапада выпаў першы снег. Калі ж размова ідзе пра час ападання лісця і сам працэс, дзеянне, у такім выпадку выкарыстоўваецца канчатак – у: Мяне заўсёды хвалюе час залатога лістападу. Напярэдадні густога кастрычніцкага лістападу прыхапіў зямлю першы прымаразак.
Ад назоўніка лістапад (назва месяца) утвораны прыметнік лістападаўскі: лістападаўскія святы, лістападаўскія канікулы. З назоўнікам лістапад у другім яго значэнні суадносіцца прыметнік лістападны. Напрыклад: Лістападнаю парою ў лесе моцна пахла грыбамі. Калі ж маляваць лістапад як жывую істоту (у стылі мастацкай літаратуры), дарэчна будзе сказаць: лістападавы штукарствы, лістападавы свавольствы.
Ужываецца слова і ў множным ліку. У Яўгеніі Янішчыц чытаем: Там лістапады выпалі…
Лістапад – найбольш змрочны, няўтульны месяц “восені-ключніцы”. Наперадзе дажджы, плюхота, слата. Але не толькі па гэтай прычыне так часта насоўваецца глыбокі, неўсвядомлены, настальгічны сум. Яшчэ адна восень мінае. Будуць іншыя, горшыя ці лепшыя, але гэтая не вернецца ніколі. Яна ў жыцці была адна. Чамусьці менавіта восенню, з кожным чарговым лістападам (мо, таму, што такія кароткія дні, так хутка мяняюцца даты на календары) усё мацней усведамляеш хуткаплыннасць жыцця.
І само лісце цяпер – былое.
Адлятае лістота
ў чарговы свой вырай,
У апошні свой вырай, адкуль
Не бывае вяртання
праз прыгавар жвіру
Аніводнаму болей лістку.
Ніна Мацяш.
Нягледзячы ні на што, лістапад – надзвычай мілагучнае, прыемнае для слыху слова: пачынаецца звонкай нотай (мяккі санорны зычны ў пачатку), а ў наступных складах гучнасць паступова падае, заціхаючы ў самым канцы. Так злятае сарваны гуллівым ветрам восеньскі лісток: блісне пазалотай, затрапечацца ў паветры і паволі апускаецца на мяккую зямлю.
Лістапад – як і ўсе, без выключэння, назвы месяцаў у беларускай мове – надзвычай “гаваркое” слова. Назаўжды засталіся ў памяці Панчанкавы радкі: Лістапад – залаты лістапад. Снежань – першы густы снегапад.
Не абышлі ўвагай гэты месяц і іншыя майстры паэтычнага слова. Наўрад ці можна назваць паэта, у якога няма аднайменнага верша. Досыць часта нараджаюцца аўтарскія наватворы, якія, хоць і не пазначаны пакуль што ў нарматыўных слоўніках, паступова замацоўваюцца ў літаратурнай мове.
Так, паэт Леанід Галубовіч неаднойчы выкарыстоўвае вынайдзенае ім слова лістабой, каб перадаць трапятанне шумлівай лістоты: Мне помніцца агністы лістабой. З таго пажару не знаходжу вый-сця. Ці яшчэ, у яго выдатным, філасофскага зместу вершы пра дзве бярозы:
І ў маладой бярозы, і ў старой
Вясной шуміць зялёны
лістабой.
Адрозніць цяжка:
дзе чыё лісцё –
Адна зямля, адзінае жыццё.
Лісцвяную мяцеліцу Ніна Мацяш у адным са сваіх вершаў называе ліставеяй: Я ўсё прымаю, лета і вясну, паводку бурную і ліставею. Ліставеем хочацца назваць вецер, што падняў і закружыў у паветры апалую лістоту. “Лістапад – лістакос: вецер і мароз вяршаць залаты пакос” – прачытаў у адным з фальклорных зборнікаў і такое азначэнне месяца…
Перадзім’е. Даўно апала пачарнелае лісце ў садах, што стаяць “манахамі ў вымаклых сутанах” (Н. Мацяш). А яблыкі на асобных дрэвах трымаюцца цвёрда, нібыта збіраюцца перазімаваць тут. Калі ў сярэдзіне кастрычніка сеў на дрэвы іней, яны, хітруны, затуліліся лістамі і перачакалі холад, не пасыпаліся. І неяк дзіўнавата пазіраць цяпер на гэтае нязвыклае ў прыродзе спалучэнне чорнага і ружовага. Ці то галіны, думаеш сабе, не адпускаюць плады, ці то плады не хочуць бухацца на перанасычаную вільгаццю глебу. Усё яшчэ спадзяюцца на цяпло. Як і трава на гарадскіх газонах. Сёлетнім лістападам надарылася некалькі нечакана-пагодлівых дзён, і чорныя кусты вакол маладых (пасаджаных пад зіму) павесялелых газонаў выглядаюць, як недарэчныя прывіды…
А яшчэ ў лістападзе падаюць зоры. 17 лістапада гэтага года назіраўся сапраўдны зарапад. Каля ста зорак-знічак за адну гадзіну. Казалі, такое паўторыцца толькі праз 99 гадоў. Шкада, што так няхутка.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.