Суп “Марскі капрыз”
ад Людмілы ЮНЧЫК, галоўнага спецыяліста ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Івацэвіцкага райвыканкама:
– Гатаваць люблю. Калі дзеці былі малыя, заўсёды старалася пачаставаць іх чым-небудзь смачненькім. З жаданнем чарую на кухні і зараз, калі яны ўжо жывуць асобна, але на выхадныя прыязджаюць дахаты, каб паласавацца маімі стравамі, прыгатаванымі з натуральных дамашніх прадуктаў. Так-так, я не абмовілася! У нас з мужам ёсць падсобная гаспадарка, таму і мы маем практычна ўсе свае прадукты харчавання: бульбу, гародніну, зяленіва, мяса і нават малако. Перавагу муж і дзеці аддаюць мясным стравам. Таму, калі збіраемся ўсе разам, часта тушу качку з грэчкай або рысам з прыправамі.
Палюбіўся маім сямейнікам і суп са скумбрыі, які мы назвалі “Марскі капрыз”. Чаму так? Магчыма таму, што гатуецца ён на аснове марской рыбы. Яго рэцэпт і хачу прапанаваць чытачам “НТ”.
На трохлітровую каструлю нам спатрэбяцца: 4 сярэднія бульбіны, 1 морква, 1 цыбуліна, 1 скумбрыя сярэдняй велічыні, 1 сталовая лыжка з верхам манкі, соль, спецыі.
Ачышчаную бульбу рэжам на кубікі, моркву надзіраем на буйной тарцы, цыбуліну здрабняем саломкай і варым у вадзе амаль да гатоўнасці. Скумбрыю чысцім, мыем, наразаем упоперак на кавалкі, кладзём у суп, солім па смаку і варым яшчэ дзесяць мінут.
За пяць мінут да гатоўнасці ўсыпаем манку, асцярожна перамешваем, дадаём лаўровы ліст, некалькі гарошын чорнага перцу. Пры падачы на стол суп раю аздобіць зяленівам.
Прыемнага апетыту!
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.