І запаліліся новыя зоркі…

І запаліліся новыя зоркі…

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

25 лістапада адбыліся сёмыя паэтычныя чытанні “Лунінская восень” і ў чацвёрты раз уганараваны лаўрэаты абласной літаратурнай прэміі імя Уладзіміра Калесніка
…Залатая, шапатлівая восень зноўку таямніча зашамацела пад нагамі, лёгка загайдалася ў паветры жоўта-барвовай лістотай. У каторы раз яна зачароўвала ўдзельнікаў абласнога свята, якое, па ўсім відаць, надзейна прапісалася на Лунінеччыне – у Лунінскай школе і райцэнтры.
У паэтычных чытаннях “Лунінская восень” – асаблівы каларыт, палескі. Разам з адкрытасцю, пранікнёнасцю кожны раз у наваколлі нібыта лунала штосьці нязведана-загадкавае. А можа, гэтак і павінна быць: бо колькі існуе чалавецтва – столькі яно пазнае свет, адкрывае нязведанае, заваёўвае вяршыні ды стварае цуд з дапамогай магічнага Слова…
Толькі вымаві знаёмае, сотні раз чутае – зямля пад белымі крыламі – і кожны адукаваны беларус удзячна ўзгадае слыннага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча. А ўчора яму б споўнілася 80 гадоў – так што зусім невыпадкова “Лунінская восень” з’явілася своеасаблівым прысвячэннем таленту Уладзіміра Караткевіча.
Яркім промнем сонейка на фоне глыбокай восені стала сустрэча лунінскіх школьнікаў з пісьменнікамі Берасцейшчыны на чале са старшынёй абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Анатолем Крэйдзічам і сталічнымі гасцямі, сярод якіх традыцыйна былі нашы землякі – вядомыя паэты, гожыя людзі Раіса Баравікова і Алесь Бадак. Творчыя асобы не проста выступалі перад школьнікамі –
яны разважалі, дзяліліся і гэтак чыталі паэтычныя радкі – нібыта маліліся роднаму слову…
Паэт Андрэй Мазько (ён жа – намеснік старшыні Лунінецкага райвыканкама) сцвярджаў, што творчы конкурс заўжды акрыляе творчых людзей. І дае магчымасць атрымаць адказ на адвечнае пытанне: што ж робіць улада для развіцця творчасці маладых? Берасцейцам пашанцавала, і ў гэтай сувязі не адзін раз  узгадвалася імя старшыні аблвыканкама Канстанціна Сумара, які ахвотна падтрымаў добрыя ідэі. На думку галоўнага рэдактара часопіса “Нёман” Алеся Бадака, такога ўзроўню літаратурных чытанняў у Беларусі няма. “А моц “Лунінскай восені”, яе крылы – гэта вы”, – сказаў пісьменнік з Пінска Мікалай Елянеўскі  прысутным школьнікам.
Нібыта ў пацвярджэнне сказанага, крыху пазней, ужо ў Лунінцы, мы ўсе сталі сведкамі трыумфу юных талентаў – пераможцаў абласнога конкурсу творчых і літаратурна-даследчых работ “Доблесць продкаў – нашчадкам у спадчыну!”. На сцэну кінатэатра “Кастрычнік” узнімалася Дар’я Гарбацкая з Адрыжынскай СШ Іванаўскага раёна, Настасся Сідорка з СШ №3
Жабінкі, Ганна Харкевіч з ліцэя г. Лунінца, Алена Піўнюк і Марыя Варабей з брэсцкіх СШ №№27 і 33, Яніна Раманчук з СШ №3 г. Іванава. Вось толькі шкада, што сярод дзявочай пераможнай квецені чамусьці не аказалася ніводнага юнака…
Намеснік старшыні абл-выканкама Леанід Цупрык глыбока перакананы, што сёння ўсе мы павінны дбаць не толькі пра матэрыяльны дабрабыт, але і духоўны стан грамадства. Ён з бачным задавальненнем уручыў лаўрэатам дыпломы і прэміі імя Уладзіміра Калесніка. У галіне паэзіі імі сталі двое: Надзея Парчук за кнігі “Раскрыліўся бусел над хатай…” і “Зарунее жыта зноў…” ды Віктар Вабішчэвіч, аўтар зборніка “Уражанне”. Сярод празаікаў адзначаны Аляксандр Валковіч за кнігі “Алеся. Белавежскія сны” і “Бяроза белая. Бяроза чорная”. А ў дзіцячай літаратуры вылучана кніга п’ес “Казкі навагодняга лесу”, напісаных Аленай Савасціной (творчы псеўданім – Зоя Гарадзецкая)…
На думку брастаўчаніна, кандыдата філалагічных навук Уладзіміра Сенькаўца, калі жыве душа – чалавеку патрэбна мастацкае слова. А такія літаратурныя фэсты, як гэты, вядома ж, сілкуюць душу, натхняючы яе на творчасць. І тады на літаратурным небасхіле запальваюцца новыя зоркі. А што гэта так, сведчыць прыемная навіна ад сталічных гасцей: рыхтуецца ў свет паэтычны зборнік мінулагодняй пераможцы абласнога дзіцячага конкурсу, студэнткі БДУ Маргарыты Латышкевіч.
Дык ззяйце ж, зоркі, над зямлёй Берасцейскай – ярка і агніста, асвятляйце людзям шлях да духоўнасці!..
Галіна МАЗІНА, “НТ”,
Лунінецкі раён.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

Апошні жоўты ліст…

Следующая запись

Суп “Марскі капрыз”