Беларусь

Спеласць спасаўскіх яблыкаў


Жнівень — самы багаты месяц у хлебаробаў. Зжаты каласавыя, абмалочаны. Збожжа схавалі ў свіраны. А сонца спеліць садавіну і агародніну. На Спаса людзі з удзячнасцю прывозяць да храма яблыкі ды грушы, свяцяць іх і просяць Бога, каб і ў наступным годзе быць з ураджаем. Хлебаробчы цыкл робіць свой абарот…
70 гадоў назад у першы дзень пасля Яблычнага Спаса ў вёсцы Курыцічы Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці ў сям’і Глушкоў нарадзіўся хлопчык. Назвалі яго Лёнем. Здавалася, усё абяцала яму шчаслівы лёс, багатае жыццё. Выйшла якраз наадварот. Неўзабаве бацька кіне Ксеню Максімаўну з дзецьмі і пяройдзе жыць да другой жанчыны. Калі ж немаўляці стукне ўсяго дзесяць месяцаў,пачнецца вайна. Бацька акажацца на фронце і ў 43-м загіне пад Ленінградам.
Яшчэ раней за дапамогу народным мсціўцам фашысты дашчэнту спаляць Курыцічы. Аж да вызвалення маці з дзецьмі будуць жыць у лесе ў зямлянцы. Вобраз “вогненнай вёскі” і перанесеныя цяжкасці на ўсё жыццё засталіся ў дзіцячай памяці, пасля паэт не раз у вершах вернецца да ўспамінаў.
Заўсёды ў яго творах прысутнічае вобраз маці, якая без стомы працавала, каб зберагчы, вывесці ў людзі сваіх дзетак. Прыгожая, яна часта параўноўваецца з калінай, што так рана расцвіла.
Вясной 1945 года Ксеня Максімаўна пакідае родныя мясціны, каб знайсці прытулак для сябе і сваёй сям’і. Пра здарэнне ў дарозе Леанід Глушко раскажа ў абразку “Белы кубачак малака”, з якім удзельнічаў у творчым конкурсе, аб’яўленым жабінкаўскай газетай “Сельская праўда”, і быў названы ў ліку пераможцаў.
Правадніцы вагона, у якой не было сваіх дзяцей, вельмі спадабаўся Ксенін меншанькі — Лёня. Яна і лашчыла яго, і кубачкам малака пачаставала, і паклала спаць. Усё ўпрошвала, каб маці аддала меншанькага, бо ёй адной будзе цяжка вырасціць траіх, але ў Ксені Максімаўны хапіла сіл не разлучаць дзетак. Сям’я Глушкоў спынілася ў вёсцы Дубай Столінскага раёна.
Тут Леанід Глушко жыў да 1960 года. Скончыў сярэднюю школу. Любіў многія прадметы, асабліва літаратуру. Ахвотна вучыў вершы напамяць, спрабаваў складаць свае. Адзін з першых надрукавала столінская раённая газета “Навіны Палесся”.
Пасля школы яшчэ год працаваў сельскім паштальёнам, дапамагаючы маці. У гэты час было “модным” ехаць маладым хлопцам на Данбас: станавіцца шахцёрамі клікалі шматлікія аб’явы. І Лёня паехаў у Краснадонскае горнае вучылішча, так што Глушко ўдалося ўразацца ў глыбокія, зляжалыя пласты, выдаваць вугаль на-гара. Але побач заўсёды былі паэзія і мастацтва. Паралельна ён паступае ў Маскоўскі завочны народны ўніверсітэт мастацтваў на факультэт малюнка і жывапісу. Потым – служба ў арміі, праца, у тым ліку і карэспандэнта ў лунінецкай раёнцы “Ленінскі шлях”.
У 1969 годзе сям’я Глушкоў (Леанід жаніўся годам раней) пераехала ў Кобрын, на жончыну радзіму, і кінула назаўжды жыццёвы якар. Тут вырасцілі трое дзетак, зараз унукі на ногі ўзбіваюцца.
Леанід год працаваў настаўнікам чарчэння і малявання ў першай і чацвёртай кобрынскіх школах, а затым перайшоў на многія гады мастаком-афарміцелем. Але заўжды — і ў час службы ў войску, і ў працоўныя будні — Глушко не мог абысціся без паэтычнага слова. Яго вершы друкаваліся ў раённых, абласных і рэспубліканскіх перыядычных выданнях, у такіх, як “Звязда” і “Чырвоная змена”, “Белорусская нива” і “Беларусь”, “Вясёлка” і “Вожык”.
Наша знаёмства адбылося ў 1972 годзе, калі шаноўны Уладзімір Андрэевіч Калеснік сабраў у Брэсце юнакоў і дзяўчат, творча адораных, каб павесці з імі гаворку пра паэтычнае майстэрства. Мы з Лёнем былі самыя старэйшыя ў тым гурце. Разгаварыліся, яшчэ не ведаючы, што наша сяброўства будзе доўжыцца дзясяткі гадоў.
Пасля таго, як я прыйшоў у “Сельскую праўду”, мне даручылі рыхтаваць літстаронкі “Плынь”. Я сутыкнуўся з праблемай: не стае твораў і аўтараў. Сталі шукаць у школах. Сазваніўся з Леанідам Глушко. Той ахвотна даслаў свае вершы. Не адзін і не два, а цэлую нізку з паметкай, каб было з чаго выбраць. Так, на многія гады завязалася дружба Глушко з “Сельскай праўдай”.
І дагэтуль Леанід Фёдаравіч дасылае свае творы ў Жабінку. Часам яны былі настолькі добра зроблены, настолькі дасканалыя, што дакранацца да іх — значыць, сапсаваць. Так і хочацца назваць яго вершы – “Бягуць удалеч паязды…”, “Печ”, “Палеская балада”, “На бялюткі ручнік” і інш.
Але часцей Глушко пускае ў свет свае творы такімі, якімі яны, мусіць, з’явіліся, як задумваліся, не абцяжарваючы сябе работай над радком і словам. Ад таго сустракаецца і рыфма недакладная, і рытміка дзе-нідзе парушаецца, і слова можна падабраць больш удалае. Леанід Фёдаравіч ніколі не крыўдуе, калі ў рэдакцыях падправяць ягоны верш. Толькі б выйграў ад гэтага!
За жыццё напісана больш за тысячу твораў. Сённяшняе літаратурнае жыццё Кобрыншчыны нельга ўявіць без імені Глушко. У Леаніда Фёдаравіча ёсць яшчэ, так бы мовіць, адно хобі: ён збірае ўсё, што з’явілася як у раённым, так і рэспубліканскім друку, у спецыяльныя альбомы. Вершы паэта склалі ўжо дзевяць такіх альбомаў. Нядаўна закладзены і дзясяты пад назваю “Пад зоркай Спаса”. У 2000 годзе лепшыя Глушковы вершы былі сабраны ў кнігу “А я веру”. Яна стала добрым дарункам прыхільнікам яго творчасці.
Зноў набліжаецца святы Спас — сямідзясяты ў жыцці Леаніда Фёдаравіча. Да юбілею паэта настаўнікі і вучні сярэдняй школы №8 г.Кобрына падрыхтавалі творчую працу “Песні душы і сэрца. Ідэйна-тэматычны дыяпазон паэзіі Леаніда Глушко”. Аб’ектам даследавання, на думку аўтараў работы, з’яўляецца чалавек, свет яго пачуццяў, прапушчаныя цераз шчодрае сэрца паэта.
Тэматычная палітра паэзіі Глушко разнастайна-шырокая. Усё навакольнае паўстае ў творах, як частачка лёсу і душы паэта. Вершы прывабліваюць натуральнасцю, жыццялюбствам, веданнем народнай творчасці. Яны ўбіраюць у сябе лірызм і грамадзянскую тэматыку, народнае слова і сатыру, так блізкія сучаснаму чытачу.
І яшчэ адзін дарунак да свайго 70-годдзя атрымаў Леанід Фёдаравіч: кобрынскія педагогі склалі і аддрукавалі на камп’ютары невялічкі зборнік для школьнікаў “Хай смяюцца нашы дзеці!”. Займальныя, поўныя радасці і светлых захапленняў, вершы Л.Глушко даўно палюбіліся юным, каму яны былі адрасаваны.
… У 70-гадовым узросце, мабыць, кожнаму чалавеку хочацца асэнсаваць пражытае і перажытае. Леанід Глушко ў адным з вершаў са зборніка “А я веру” напісаў:
Той немінучы час настане,
Калі пакіну белы свет.
Але адбудзецца
спатканне
Праз гэту кнігу. Я паэт?..
Хоць і не ўзняўся я
да трона,
Ды ў хаце ветлай
светлым днём
Успомняць родзічы
Лявона
І спелым памянуць віном.
Не толькі родзічы, але і многія чытачы, каму вершы Глушко падарылі хвіліны радасці, віншуюць яго з юбілеем. Нягледзячы на тое, што гады са два Леанід Фёдаравіч перанёс цяжкую хваробу, але хапіла ў яго сіл вярнуцца да паэзіі. Мы шчыра зычым яму даўгалецця ў жыцці і творчасці.
Творчы праект Расціслава БЕНЗЕРУКА “Вандроўкі па натхненне”

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля