З якімі ўражаннямі адпрацавалі год леташнія выпускнікі БрДТУ?
У апошнія дні прыёму дакументаў у Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэце стаялі неверагодныя чэргі. Былыя школьнікі трымалі дакументы ў руках, зазіралі ў дзверы кабінетаў, вылічвалі колькасць вольных месцаў і з заміраннем сэрца выбіралі спецыяльнасцi, па якіх хацелі б вучыцца.
А тым часам леташнія выпускнікі БрДТУ адзначалі маленькае свята: роўна год таму яны, трымаючы ў руках чырвоныя і сінія дыпломы, назаўжды пакідалі сцены ўніверсітэта ў пошуках новага жыцця, напоўненага адкрыццямі, надзеямі, планамі і марамі. Што змянілася за гэты год?
Алёна Лобач, якая працуе эканамістам, прызнаецца, што першы год самастойнасці навучыў яе больш рэальна глядзець на свет. Сёння яна жыве не фантазіямі і марамі, як раней, а ацэньвае і аналізуе кожную падзею. На фоне гэтага аналізу Алёна думае пра стабільнасць як у асабістым жыцці, так і на працы, жадае быць упэўненай у тым, што прынясе заўтрашні дзень. Дзяўчына часта ўспамінае ўніверсітэт “як штосьці такое, што сагравае душу”, калектыў, “у якім кожны дапаможа”. Алёна адзначае, што працоўныя будні развілі ў ёй самадысцыпліну і цярпенне. Азіраючыся на мінулае, яна шкадуе, што не так часта, як хацелася б, сустракалася з аднакурснікамі і сёння асабліва жадае праводзіць з імі як мага больш вольнага часу. А школьнікам малады спецыяліст раіць уважліва выбіраць будучую прафесію: прыслухацца да сябе і толькі тады рабіць выбар.
Меркаванне Сяргея Шырчанкі, які працуе размеркавальнікам работ, значна адрозніваецца ад погляду Алёны. У сваіх развагах ён часта ўспамінае тое, што праца стала для яго нейкім абавязкам, які не радуе, месцам, якое адымае шмат часу і сіл. Сённяшняя работа яму не вельмі падабаецца, а таму Сяргей шкадуе пра згубленую бестурботнасць. Аднак малады чалавек, дзякуючы заробленым грошам, купіў машыну ў крэдыт і пабываў на новым кантыненце. А таксама стаў марыць пра маленькую, але сваю справу.
Вольга Міранюк вучылася на спецыяльнасці “Эканамічная кібернетыка”, аднак працуе бухгалтарам на «Цветатроне». Яна прызнаецца, што гэта праца ёй па душы.Скончыўшы ВНУ, Вольга выйшла замуж, пасялілася ў новым доме. Праца, адзначае малады спецыяліст, развівае ў ёй такія якасці, як дысцыплінаванасць, акуратнасць. Тым, як усё склалася, Вольга задаволена.
Віталь Істомаў скончыў факультэт інфармацыйных сістэм і працуе праграмістам. Але пра вучобу ў ВНУ ён гаворыць негатыўна. Віталь лічыць, што за адзін год працы ён больш даведаўся, чым за 5 гадоў лекцый. Па яго словах, неабходнае для работы сістэмнае мысленне не выпрацоўваецца падчас вучобы – яно набываецца на практыцы самім чалавекам, а дысцыпліны, якія яны праходзілі ў ВНУ, з’яўляюцца класічнымі і не заўсёды запатрабаваныя ў сучасным свеце. Юнак рэкамендуе маладым спецыялістам больш працаваць над сабой і самастойна спрабаваць дабівацца кар’ернага і творчага росту. Не трэба спадзявацца толькі на тэарэтычныя веды, атрыманыя ў навучальнай установе.
Што ж да мяне, дык я вельмі задаволена, што закончыла ўніверсітэт, атрымала дыплом па спецыяльнаці “Эканоміка і кіраванне на прадпрыемстве”, у час вучобы пазнаёмілася з выдатнымі людзьмі, якія сталі мне сапраўднымі сябрамі. І ад душы раю ўсім, хто неўзабаве будзе задумвацца пра выбар прафесіі: слухайце сэрца і давярайце розуму. Гэтае рашэнне вельмі моцна паўплывае на ваша жыццё. Прыміце яго правільна, каб першы рабочы год прынёс толькі задавальненне і радасць ад зробленага выбару.
Таццяна МАРОЗ,
г.Брэст
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.