У Брэсце стартавалі паўфінальныя заезды маладзёжнага чэмпіянату свету па акадэмічным веславанні
Вяслярная эпапея пачалася два дні таму. Шарыкі з сімволікай 53 краін-удзельніц узняліся ў неба. Ды весткі аб тым, што чэмпіянат стартаваў, без знешняй атрыбутыкі разнесліся па ўсёй Брэстчыне. У пацвярджэнне таму брастаўчане і госці абласнога цэнтра прыйшлі ў сераду на канал. На афіцыйнай цырымоніі адкрыцця арганізатары пажадалі спартсменам вяслярнай вынослівасці. У ліставаным віншаванні Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка таксама заклікаў да відовішчнасці і здаровай канкурэнцыі: “Няхай беларуская вада закіпіць ад напалу напружання!” І яна сапраўды закіпела.
Адным спаборніцтвы далі нядрэнную магчымасць палепшыць уласныя рэкорды, другім – вызначыць сваю ролю ў вялікім спорце. Як прызнаўся на прэс-канферэнцыі выканаўчы дырэктар Міжнароднай федэрацыі веславання (FISA) Мэт Сміт, для многіх каманд гэта генеральная рэпетыцыя перад сёлетнім дарослым чэмпіянатам свету па акадэмічным веславанні ў Новай Зеландыі. У Брэсце трэнеры пратэсціруюць сваіх падапечных, каб выбраць лепшых на наступныя спаборніцтвы. Зборная Беларусі – не выключэнне. Зараз, пэўна, няма такога чалавека, які хаця б краем вуха не чуў пра Кацярыну Карстэн. “Акадэмічныя” перамогі нашай вядомай зямлячкі не раз давалі падставы ганарыцца сваёй краінай. Ды годную змену Кацярыне Вялікай, як празвалі спартсменку, рыхтаваць патрэбна ўжо зараз. Маладзёжны чэмпіянат свету – самы яркі агляд талентаў, будучых зорак “акадэміі”. Таму выбіраць ёсць з чаго. Да таго ж, перыяд ад 18 да 23 гадоў у спартыўным свеце лічыцца праблемным і ўтрымаць маладых людзей адпаведнага ўзросту ў спорце часам бывае цяжкавата. Першы чэмпіянат свету для гэтай узроставай катэгорыі весляроў адбыўся ў Амстэрдаме ў 2005 годзе. Цалкам зразумелыя мэты ставіць перад сабою спартыўны форум у Брэсце – вывесці нацыянальныя каманды на міжнародны ўзровень.
Як ужо адзначалася, рэкордная колькасць удзельнікаў форуму – 894 спартсмены – своеасаблівае дасягненне для Беларусі. Зараз на вяслярным канале задзейнічаны 75 суддзяў, больш як 32 прадстаўнікі FISA на чале з прэзідэнтам Дэнісам Освальдам, 100 чалавек абслугоўваючага персаналу, 150 валанцёраў, якія дапамагаюць дэлегацыям адаптавацца да незнаёмага горада.
– Спартыўныя рэкорды і перамогі – гэта, безумоўна, галоўная задача для кожнай каманды, – адзначыў Аляксандр Грыгараў, старшыня ГА “Беларуская федэрацыя веславання”. – Але не трэба забываць, што перад намі, у першую чаргу, моладзь. Таму культурна-масавую праграму ладзілі менавіта пад іх узрост. Уключылі ў яе і сустрэчы, і дыскатэкі, і экскурсіі. Вельмі важна, каб маладыя знайшлі агульную мову, пасябравалі.
Здаецца, аргкамітэт паклапаціўся і пра тое, каб з самага масавага чэмпіянат ператварыўся ў самы дружны.
Праблем арганізатарам дадае гарачы ліпень – не ўсе гасцініцы прыстасаваны да спякотнага надвор’я, некаторыя з іх не маюць кандыцыянераў. Затое водгукі ў адрас канала выдатныя. Прадстаўнікі FISA сцвярджаюць, што вельмі прыемна зноў вярнуцца сюды, бо, па іх меркаванні, у Беларусі шмат амбіцый і магчымасцей для правядзення буйных чэмпіянатаў.
У адрозненне ад мінулага года замест аднаго дня фінальных спаборніцтваў аматараў веславання чакаюць два дні, поўныя напружання і жадання перамагаць. Маленькія карэктывы ў праграме чэмпіянату звязаны з імкненнем аргкамітэта прыцягнуць як мага больш увагі з боку сродкаў масавай інфармацыі. Яшчэ падставай для новаўвядзенняў паслужылі змены ў алімпійскай праграме па веславанні – фіналы расцягнулі з 2 да 4 дзён, каб цікавей было і ўдзельнікам, і гледачам, і, безумоўна, журналістам. Дарэчы, FISA стала першай Міжнароднай спартыўнай федэрацыяй, якая далучылася да алімпійскага руху: з 1896 года весляры ўдзельнічаюць у алімпіядах.
З 21 віда сёлетняй праграмы каманда Беларусі паспрабуе сілы ў 20. Айчынныя атлеты і іх трэнеры разлічваюць у сярэднім на 3 узнагароды, у дадатак – ставяць перад сабой мэту трапіць у васьмёрку мацнейшых у агульнакамандным заліку. Спадзяванні землякоў цалкам матываваныя: акадэмічнае веславанне на ўсіх алімпіядах прыносіла беларусам медалі. Дый народная мудрасць пра родныя сцены, якія дапамагаюць, спадзяюся, у гэты раз таксама не падвядзе.
Ніна ЛЕАНАВЕЦ, “НТ”
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.