Запалянскі краязнаўца
Ён працуе, імкнучыся перагнаць час, працуе па загадзе свайго сэрца
Сучасны Івацэвіцкі раён, так склалася спрадвеку, умоўна дзеліцца на тры рэгіёны: Быценшчыну, Целяханшчыну ды Косаўшчыну. І кожны куточак адметны, своеасаблівы, непаўторны прыродай, людзьмі і іх традыцыямі. Спытай на той жа Косаўшчыне, што такое запалянская валока, – і даведаешся: у старадаўнія часы хлопцы ды мужчыны хадзілі на чужыя кірмашы з развязанай валокай – вяроўчынай, якой мацаваліся пасталы да ног. Як толькі хто наступаў на яе, пачыналася кулачная размова. А яшчэ жыхароў Заполля пазнавалі ў акрузе па прыгожых песнях. Не так даўно ў вёсцы існаваў цудоўны хор. На жаль, песні, якія сабралі і спявалі тут калісьці, цяпер у вёсках не гучаць. Яны захоўваюцца ў памяці старых людзей і ў рукапісах цікавейшага чалавека гэтай вёскі Аляксандра Зайкі.
Нарадзіўся ён у 1948 годзе і ганарыцца зямлёй сваіх продкаў. Яго вёска ўпершыню ў пісьмовых крыніцах згадваецца 18 сакавіка 1592 года. У сярэдзіне XIX стагоддзя ў сяле ў 94 хатах пражывала 765 душ. Сучаснае Заполле малой вёскай не назавеш: тут некалькі доўгіх вуліц з без малога трыма сотнямі сядзіб. Але жыхароў намнога паменшала – усяго толькі 557 чалавек. Пра звычаі і характары сваіх землякоў Аляксандр Фаміч можа расказваць гадзінамі, хаця ён ніякі не вучоны, а былы настаўнік беларускай мовы. І ў дадатак – краязнаўца.
З чаго пачалося яго захапленне, якое вылілася ў сапраўдную навуковую дзейнасць? З любові да людзей, сярод якіх жыве, да зямлі, на якой вырас, да мовы, якая музыкай гучыць у душы. Збіраў словы, якія не сустракаюцца акрамя Косаўшчыны больш нідзе, запісваў успаміны людзей, дыялекты, легенды, песні, жарты, прозвішчы, мянушкі і нават сны. Напачатку не было ніякай сістэмы. Ён вельмі многа ездзіў на матацыкле “Мінск” па Беларусі. Потым зразумеў: схапіць усю велічыню і глыбіню навуковага багацця немагчыма. У сярэдзіне 90-ых мінулага веку пачаў працаваць як краязнаўца ў межах раёна. Збіраў матэрыялы таксама ў бібліятэках, архівах Брэста, Гродна, Мінска і нават у замежных. Аб’ездзіў усе ваколіцы і перапісаў ад старых вяскоўцаў назву кожнага ручая, поля, лесу, урочышча… Сабраў унікальны матэрыял, якому наканавана стаць аб’ектам даследавання лінгвістаў з Акадэміі навук. Аматар-краязнаўца ў рэшце рэшт прыйшоў да высновы, што ўсё, занатаванае на паперках і ў сшытках, трэба сістэматызаваць, рыхтаваць асобныя кніжкі. На гэта падштурхнула і цяжкая хвароба ў 1999 годзе, якая год не адпускала з бальнічнага ложка.
– Зразумеў, што магу не паспець зрабіць адразу некалькі спраў, – тлумачыць Аляксандр Зайка. – Вызначыў для сябе канкрэтныя задачы і вельмі многа працую за пісьмовым сталом.
Да ўсяго ён падыходзіць з аптымізмам. З такім аптымізмам, якому пазайздросціць і малады чалавек. У свой час з дапамогай вучняў настаўнік стварыў у мясцовай школе выдатны музей. Шмат намаганняў прыклаў да з’яўлення Дома-музея Тадэвуша Касцюшкі ў Марачоўшчыне. Нездарма краязнаўца яшчэ ў 1996 годзе стаў лаўрэатам прэміі Касцюшкі. Дыплом аб атрыманні прэміі захоўваецца цяпер у самім музеі разам з імянным гадзіннікам з выявай слыннага земляка.
– Усяго ў Беларусі такіх гадзіннікаў шэсць, – кажа Аляксандр Фаміч. – Навошта падарыў такую рэліквію? Збіраючы рэчы ў этнаграфічны музей у Заполлі, я часта сутыкаўся з людзьмі, якія шкадуюць аддаваць старадаўняе. Не хацелася самому ператварацца ў такога…
Невялікі пакой у вясковай хаце. Кніжкі, слоўнікі, рукапісы на сталах і паліцах, у шуфлядах. Сярод іх – дзве новенькія кніжачкі. Кніжкі аўтарскія, выдадзеныя зусім нядаўна. У першай –
“Дыялектны слоўнік Косаўшчыны” – змешчана лексіка насельнікаў паўночнай часткі Івацэвіцкага раёна. У слоўніку падаецца каля 4000 слоў, запісаных аўтарам за апошнія 35 гадоў. Своеасаблівы працяг краязнаўчага досведу, увасобленага Аляксандрам Фамічом у літаратурныя формы (лірычныя запісы, мініяцюры, апавяданні), напоўнілі змест другой кнігі “Дым з коміна”. Гэта выданне адразу было заўважана ў літаратурных колах Брэстчыны. Нядаўна пісьменнікі вобласці з’ехаліся ў Косава на імпрэзу з нагоды прысваення аўтару Мядовай літаратурнай прэміі, якую заснаваў і ўручыў краязнаўцу і пісьменніку з Заполля Мікола Папека з вёскі Лінова Пружанскага раёна.
Ён любіць завіхацца ў двары, дапамагае жонцы Антаніне (на здымку) і працуе творча, імкнучыся перагнаць час. Працуе адзін па загадзе свайго сэрца. Жвавы, шчодры на словы і прымаўкі, Аляксандр Фаміч паказвае план творчай работы ажно на пяць гадоў. Ужо сёлета марыць выдаць кніжкі “Мікратапанімія Івацэвіччыны”, “Паселішчы Івацэвіччыны”. У другой, на падставе архіўных крыніц, адлюстраваны гісторыя і сучаснасць кожнага населенага пункта раёна, тлумачацца іх назвы. А плануемая кніга-летапіс “Як адзін дзень…” раскажа пра аўтара, людзей, падзеі і факты, пражытае і перажытае на працягу амаль усяго XX стагоддзя ад імя жыхара вёскі Заполле, спрадвечнага земляроба Фамы Якаўлевіча Зайкі – яго бацькі. У бліжэйшыя гады аўтар марыць убачыць кніжку з прыказкамі і прымаўкамі Косаўшчыны, фразеалагічны слоўнік, кніжку загадак, прымавак, дзіцячага мясцовага фальклору. Асобна – народныя песні і ўласная проза.
Запалянскі краязнаўца (і ў нейкай ступені яшчэ і філосаф) перакананы, што ягоная праца – праца дзяржаўнай важнасці ў межах роднага краю. Быць у баку ад яе ён не мае маральнага права. Без захавання родных каранёў не можа жыць наша мова, мы як народ, наша дзяржава. Апантаны любоўю да сваёй радзімы, прагай да творчасці, Аляксандр Зайка на высокім творчым уздыме. Але занепакоены адным: няма матэрыяльнай базы. Былы настаўнік, сын, унук і праўнук спрадвечных земляробаў спадзяецца на спонсараў.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.