Акцыя рэспубліканскага ГА “Белая Русь” “З любоўю – да дзяцей!” прайшла ў абласным раддоме

Акцыя рэспубліканскага ГА “Белая Русь” “З любоўю – да дзяцей!” прайшла ў абласным раддоме

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Віншаваць матуль, якія нарадзілі дзетак 3 ліпеня,  у Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь,  у абласны радзільны дом прыйшла прадстаўнічая дэлегацыя: намеснік старшыні аблвыканкама Леанід Цупрык, кіраўнік абласной суполкі РГА “Белая Русь”, рэктар Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта Пётр Пойта, актывісты арганізацыі – Віктар Валюшыцкі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, і Наталля Ільніцкая, генеральны дырэктар ТАА “Лагуна”, дэпутат Брэсцкага гарадскога Савета дэпутатаў. І хоць, як сказаў галоўны ўрач абласнога радзільнага дома Анатоль Дашко, акцыі “Белай Русі” – добрая традыцыя і праводзяцца не першы раз, усё ж для 8-мі мам віншаванне стала прыемнай нечаканасцю.
А ў Дзень Рэспублікі ў Брэсце на свет з’явіліся 2 хлопчыкі і 6 дзяўчынак. Калі Юлія Кахновіч з Брэста ў гэты дзень нарадзіла доўгачаканага першынца, дык брастаўчанка Ірына Гарошка і жыхарка Кобрына Яніна Штык сталі шчаслівымі шматдзетнымі  мамамі: іх немаўляты ў сем’ях – трэція дзеці. А вось маладая мама Ганна Воліна з вёскі Знаменка Брэсцкага раёна сама нарадзілася 3 ліпеня, таму нараджэнне  дачушкі Аляксандры ператварыла гэты дзень у патроенае свята.

Кветкі, памятныя сувеніры і цёплыя словы – віншаванне атрымалася сардэчным. Напэўна ж, прыслухаюцца жанчыны да парады Пятра Пойты: “Ніколі не задумвайцеся пра тое, ці варта паўтараць такі нялёгкі крок. Нараджэнне дзіцяці – гэта радасны і шчаслівы момант у жыцці кожнай сям’і, але ў той жа час вельмі адказны. Новае жыццё – сапраўдны цуд, памятайце  пра гэта”. Тым больш, адзначыў намеснік старшыні аблвыканкама Леанід Цупрык, дзяржава будзе падтрымліваць жанчын-маці, а клопат аб дэмаграфічным дабрабыце Беларусі застаецца важным кірункам унутранай сацыяльнай палітыкі ў рэспубліцы.

Надвор’е, між іншым, і ў дзень нараджэння малых, і ў дзень віншавання жанчын у радзільным доме выдалася цёплым і сонечным. Няхай жа і лёс пакуль яшчэ зусім маленькіх грамадзян нашай  краіны будзе такім жа!
Дар’я НІКАНЧУК,
студэнтка
Інстытута журналістыкі БДУ

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

Пытанне да губернатара

Следующая запись

13 – 14 ліпеня пройдзе V абласны фестываль народнага гумару “Спораўскія жарты”