Хочаш стаць каралевай?
Стартаваў ХХ Міжнародны конкурс грацыі і артыстычнага майстэрства “Каралева Вясна-2011”
Ініцыятар правядзення конкурсу – ГА “БРСМ”. Арганізуюць яго Агенцтва медыяінавацый, Культурны цэнтр Маскоўскага дзяржуніверсітэта пры падтрымцы Міністэрстваў адукацыі і інфармацыі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі, Нацыянальнай школы прыгажосці, Прадстаўніцтва міжнароднай тэлерадыёкампаніі “Мір” і Расійскага саюза моладзі.
Адборачныя туры праходзяць у вышэйшых навучальных установах. Да ўдзелу запрашаюцца студэнткі ва ўзросце 17-25 гадоў, якія маюць рост 168-180 см. Прэтэндэнткі павінны ўмець выступаць перад вялікай аўдыторыяй, мець пачуццё гумару, валодаць асновамі этыкету і артыстычным майстэрствам. Непрынцыпова, каб дзяўчына мела параметры 90-60-90, аднак знешнія дадзеныя павінны быць блізкія да гэтага стандарту.
Прыгажуні будуць спаборнічаць у мастацтве дэфіле, інтэлектуальным і творчым конкурсах. Кампетэнтнае журы вызначыць самых лепшых. Арганізатары абяцаюць пераможцам шмат прызоў.
Нагадаем, што конкурс “Каралева Вясна” стаў добрым стартам для папярэдніх яго пераможніц і прызёрак. Фіналістка спаборніцтва прыгажосці Вера Карэтнікава пачала сольную кар’еру спявачкі. Алеся Ганчарова пасля дэбюту ў конкурсе стала “Міс Інтэрнэт Беларусь-2004”, а праз тры гады – фіналісткай конкурсу “Місіс Свету”. Пасля ўдзелу ў барацьбе за званне “Каралева Вясна” Марына Ляпеша заваявала тытулы конкурсаў “Жамчужына Чорнага мора” і “Miss Supranational-2009”. Влада Цімафеева і Дар’я Малахоўская з’яўляюцца салісткамі гуртоў “Топлес” і “Верасы”.
Конкурсы ў навучальных установах павінны прайсці да 10 сакавіка. Фінал дзейства адбу-дзецца 13 красавіка ў Нацыянальнай бібліятэцы ў Мінску. Таму, калі вы адчуваеце, што карона каралевы можа стаць вашай, звяртайцеся да кіраўніцтва факультэтаў, у пярвічныя арганізацыі ГА “БРСМ”, а таксама шукайце падрабязнасці ў інтэрнэце.
Алёна СВЯТЛАНАВА, “НТ”.
Фота з архіва ГА “БРСМ”.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.