Малочная кропелька

Малочная кропелька

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

У выніку тэхнічнага пераўзбраення Лунінецкага малочнага завода прадукцыя яго стала больш якаснай
Малочная кропелька… Гэтыя два словы Сяргей Фёдаравіч Карпец падчас нашай размовы паўтарыў некалькі разоў і кожны – з асаблівай асалодай, робячы аднолькава ўзрадаваны націск і на “малочная”, і на “кропелька”. Ва ўсіх выпадках вусны нашага суразмоўцы кранала шчырая, паважлівая ўсмешка.
Можа, гэта ад таго, што працуе Сяргей Фёдаравіч дырэктарам ААТ “Лунінецкі малочны завод” і па службовых абавязках і стане сваёй няўрымслівай душы павінен, паказваючы прыклад іншым, беражліва адносіцца да кожнай кропелькі малака. А можа, і таму, што падчас яго дырэктарства прадукцыі прадпрыемства прысвоена гандлёвая марка “Малочная кропелька”, і цяпер яе ведаюць не толькі ў Лунінцы і тутэйшых вёсках, а нават у Амерыцы, Японіі, Саудаўскай Аравіі, Егіпце, Кітаі, Сінгапуры, Германіі, Францыі, не гаворачы ўжо аб краінах бліжняга замежжа, куды экспартуюцца вырабы лунінецкіх малочнікаў і дзе яны набываюць добрую славу.
– Інакш не бралі б, – кажа Сяргей Фёдаравіч.
Тут ён мае рацыю. А людзі цяпер ужо не толькі ў Лунінцы ведаюць, што прыкметныя станоўчыя зрухі на згаданым прадпрыемстве адбыліся пасля таго, як дырэктарам дружна і аднагалосна выбралі Карпца. З цягам часу аб ім загаварылі ў вобласці. А за ўклад у забеспячэнне высокаэфектыўнай дзейнасці філіяла “Лабчанскае” (далучанай да прадпрыемства стратнай гаспадаркі) Сяргей Фёдаравіч узнагароджаны Ганаровай граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь. Во, на якую арбіту вывела дырэктара і яго падначаленых звычайна-незвычайная малочная кропелька!
Але, калі ўдумацца і прааналізаваць глыбей біяграфію гэтага чалавека, ра-зумееш – невыпадкова гэта. Па-першае, сярэднюю школу №3 у Лунінцы, куды пераехалі з Луніна з-за пасады ягонага бацькі (Фёдара Фёдаравіча акурат у год нараджэння сына прызначылі дырэктарам “Райсельгастэхнікі”), закончыў з залатым медалём. Далейшы выбар зрабіў сам: паступіў у Інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі, дзе на першым курсе адсеялася палова ягоных аднакурснікаў, а ён з кожным годам прыбаўляў у вучобе і ВНУ закончыў з чырвоным дыпломам.
Сам сябе, маючы такое права як выдатнік, размеркаваў на Лунінецкі малочны завод. Працаваў інжынерам па забеспячэнні, спецыялістам па маркетынгу. У красавіку 2004 года завадчане выбралі кемлівага, ініцыятыўнага, непаседлівага Сяргея Карпца сваім дырэктарам. Людзі пераканаліся: бачыць малады чалавек перспектыву, для яго не існуе дробязей, спагадліва-чулы да людзей. Пры ім пайшлі паказчыкі ўгору, прадукцыя – за мяжу (на экспарт зараз адпраўляецца амаль 70 працэнтаў высакаякасных натуральных вырабаў). Лунінчане, ды і не толькі яны, імкнуцца трапіць сюды на работу і стараюцца захаваць працоўнае месца, уладкаваць на малаказавод сваіх дзяцей, родзічаў, знаёмых.
Чаму так? Многае залежыць ад умоў працы, адпачынку, створанага мікраклімату ў калектыве, ад клопатаў кіраўнікоў і, у першую чаргу, Сяргея Фёдаравіча Карпца пра сваіх падначаленых, які і падтрымае, і падвучыць, і паўшчувае, калі пабачыць, што кропелька малака пралілася на падлогу.
Дрэнны той гаспадар, у якога хата пустая ды голая. Прышываннем “лат” на прадпрыемстве Сяргей Карпец заняўся, толькі заступіўшы на пасаду. Зараз тут наспявае маштабнейшая тэхнічная рэвалюцыя.
– Мяняюць падлогу ў цэхах, на прыёмцы малака плануюць увесці камп’ютарную сістэму – яна значна спросціць працэс, – расказвае Кацярына Халімоўская, начальнік участка асноўнай вытворчасці. – У апаратным не лішнім будзе яшчэ адзін сепаратар для вытворчасці смятанкі, хоць і зараз тут стаіць добрае нямецкае абсталяванне, якое па магутнасці значна пераўзыходзіць айчынныя аналагі і ў гадзіну перапрацоўвае да 17-20 тон малака. Кіраўніцтва працуе таксама над набыццём новай сушылкі для вытворчасці сухога малака, бо яно “корміць” прадпрыемства і з’яўляецца асноўнай крыніцай прыбытку.
Кацярына Адамаўна – адна з тых, хто стаяў ля вытокаў завода ў далёкім 69-м, таму мае поўнае права параўноўваць і праводзіць паралелі. Тым больш, што зрабіць гэта вельмі лёгка: жанчына добра памятае тыя часы, калі даводзілася хадзіць у гумавых ботах па калена ў вадзе. Затое зараз тут належная санітарыя, а ўваход на вытворчасць без спецадзення строга забаронены.
Кіраўнікі мяняліся адзін за адным, ды калі справу ў свае моцныя рукі ўзяў малады, ініцыятыўны Сяргей Карпец, пачаўся новы перыяд у гісторыі малочнага завода – і для людзей, і для машын. У 2006-м перавялі кацельню на прыродны газ, памянялі старое абсталяванне на сучаснае, зрабілі касметычны рамонт у кабінетах. Умовы наблізіліся амаль што да ідэальных: з’явіліся і душавыя пакоі, і ўласная сталовая, і месца для адпачынку, і медыцынскі кабінет. Летам тэрыторыя прадпрыемства цешыць вока разнастайнасцю яркіх фарбаў. Знешні выгляд завода – таксама фактар поспеху. Ад яго, як лічаць на прадпрыемстве, залежыць працоўны настрой як кіраўніцтва, так і саміх малочнікаў, таму паса-джаныя кветкі на некалькі месяцаў надаюць сціплай тэрыторыі райскую пышнасць. Галоўнае – людзі задаволены, у іх няма прычын для нараканняў, адсюль і працоўны патэнцыял расце як на дражджах.
Нягледзячы на тое, што неверагодны запал, энергію, уменне тварыць з малака цуды немагчыма вымераць, лёгка перадаць у лічбах іншыя не менш важныя паказчыкі. За адну змену шпаркія працаўнікі паспяваюць расфасаваць да 10 тон малака, 4 – кефіру, 2 – смятаны і тварагу. Сёння на заводзе працуе каля 340 чалавек, яшчэ 210 задзейнічаны ў падсобнай гаспадарцы. Цякучкі кадраў фактычна няма.
– І не дзіўна, – каменціруе сітуацыю Сяргей Фёдаравіч, – зарплата годная, ды і на Лунінеччыне мала такіх прадпрыемстваў. Паважаем наша старэйшае пакаленне, з якога ўсё пачыналася, але пры працаўладкаванні перавагу аддаём маладым, бо яны ўжо неяк па-новаму глядзяць на звычайныя рэчы.
У пацверджанне слоў кіраўніка – статыстыка: калі раней на прадпрыемстве па колькасці лідзіравалі больш вопытныя працаўнікі, то цяпер кадравы склад завода напалову амаладзіўся.
Вядома, калі ўсе знаходзяцца ў роўных умовах і аднолькава дзеляць паміж сабой адказнасць, людзям няма чаго сапернічаць, таму і адносіны на прадпрыемстве надта падобныя да сямейных. Малочнікі паважаюць усталяваныя часам традыцыі. Сумесныя святкаванні прафесійных і навагодніх свят падабаюцца і старэйшым, і маладзейшым. Пенсіянераў-юбіляраў кіраўнік Сяргей Карпец прапанаваў спачатку віншаваць дома – з падарункамі і цёплымі словамі, а пасля запрашаць імяніннікаў на экскурсію па заводзе, каб на свае ўласныя вочы пабачылі, што змянілася ў гэтым малочным каралеўстве.
З  ранку да вечара справа кіпіць у руках здольных лунінчан, а завод квітнее дзень за днём. Нездарма галоўным скарбам падрыемства па праву лічацца яго працаўнікі, якім лёсам наканавана памнажаць багацце на карысць людзям. На вытворчасці ад пільнасці і ўважлівасці завадчан прама залежыць якасць малочных прысмакаў. Перш чым сакавітыя ёгурты, смятана ці масла трапляюць у магазіны, а пасля і на наш стол, яны прахо-дзяць кантрольную экспертызу ў лабараторыі. А тут ужо права на памылку зводзіцца да мінімуму, бо яна можа вельмі дорага абысціся прадпрыемству.
Асартымент тавараў уключае ў сябе любімае лунінчанамі масла “Сялянскае”, малако, тварог, смятану, крэм “Мара”, шматлікія фруктовыя ёгурты. У хуткім часе на радасць ласухам на заводзе збіраюцца наладзіць выраб мяккага марожанага. Паспрабаваць свежанькую малочную смакату можна ў кафэ “Верас”, дзе з прадукцыі лунінецкіх малочнікаў робяць смачнейшыя ў горадзе кактэйлі і дэсерты. А ў фірмавым магазіне з аднайменнай назвай часцей за ўсё набываюць тое, што давялося пакаштаваць у кафэ.
Дарэчы, смятана і масла ад лунінчан папоўнілі спіс лаўрэатаў конкурсу “Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь-2010”. Іх натуральны смак падабаецца не толькі землякам: вялікія партыі нерасфасаванага масла экспартуюцца ў Расію, а там тавар не залежваецца на прылаўках. Таленавітыя масларобы спрабуюць нас пераканаць, што ніякага сакрэту насамрэч няма. Дастаткова толькі добра выконваць свае абавязкі і не забываць пра старыя дзедаўскія традыцыі ў любімай справе, бо менавіта яны – аснова асноў.
У  скарбонцы Лунінецкага малочнага завода – шматлікія ўзнагароды і дыпломы. Прадпрыемства не аднойчы называлася адным з лепшых у галіне якасці, а яго прадукцыя атрымлівала гучныя тытулы. І гэта правільна, бо ў наш час, скрозь аўтаматызаваны, перанасычаны паўфабрыкатамі і фаст-фудам, на першы план выходзяць якасныя паказчыкі. А значыць, тыя, хто з пяшчотай ставіцца да кожнай малочнай кропелькі, заўсёды будуць у фаворы.
Уладзімір СІТУХА, “НТ”,
Ніна ЛЕАНАВЕЦ, “НТ”,
г. Лунінец.
Фота  Юрыя МАКАРЧУКА, “НТ”.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

Падпісаў? Не выкруцішся!

Следующая запись

Камфортна! І медыкам, і пацыентам