Беларусь

Камфортна! І медыкам, і пацыентам


Пад гукі ваеннага аркестра 23 лютага ў мікрараёне Паўднёвы абласнога цэнтра ўрачыста адкрылі новую гарадскую паліклініку №3
Будынак на гэтым месцы (па вуліцы Жукава, 1) з’явіўся ў 1936 годзе. Старажылы Брэста ды людзі сярэдняга ўзросту памятаюць, што тут размяшчаліся гарадскі Дом афіцэраў, кафэ, гасцініца. Але ў 2004 годзе вайскоўцы перадалі будынак на баланс медыкаў. Хутка стала відавочным: аказваць медыцынскую дапамогу ў непрыстасаваных памяшканнях нязручна.
Да таго ж, мікрараёны Паўднёвы, Вулька, Валынка раслі, пачалася актыўная забудова новага мікрараёна Паўднёвы Захад. Тэрмінова трэба было пераразмеркаваць нагрузку медустаноў горада, каб наблізіць дапамогу да гараджан, палепшыць якасць яе аказання. Брастаўчане настойліва звярталі ўвагу ўлады на сваю праблему. Так, адным з наказаў выбаршчыкаў дэпутату Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ганне Анішчук стала просьба дапамагчы адкрыць шматфункцыянальную паліклініку. 23 лютага Ганна Анішчук шчасліва ўсміхалася: цяпер у свой актыў яна можа запісаць выкананне гэтай просьбы выбаршчыкаў.
Рашэнне аб рэканструкцыі будынка па вуліцы Жукава,1 гарвыканкам прыняў у 2008 годзе. Поўнамаштабная рэканструкцыя пачалася ў 2009-м. І вось фінальны акорд: ваенны аркестр, афіцыйныя асобы, чырвоная стужка. Выступаючы на адкрыцці паліклінікі, старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар сказаў: “У гэты аб’ект укладзена больш за 25 мільярдаў рублёў бюджэтных сродкаў, у тым ліку 5 мільярдаў было накіравана на набыццё сучаснай медыцынскай тэхнікі і абсталявання”. Кіраўнік вобласці выказаў меркаванне, што ў новай паліклініцы можна будзе ўкараняць перадавыя медыцынскія тэхналогіі ў аказанні амбулаторнай дапамогі насельніцтву, паляпшаючы якасць медыцынскага абслугоўвання, зніжаючы затраты на лячэнне.
Паліклініка №3 запланавана на абслугоўванне да 25 тысяч насельніцтва. Праектная магутнасць – 480 наведванняў у змену. На думку галоўнага ўрача цэнтральнай гарадской паліклінікі Мікалая Красоўскага, Брэст атрымаў яшчэ адну сучасную медыцынскую ўстанову, якую будавалі не толькі зыходзячы з запытаў сённяшняга дня, але і з улікам перспектыў развіцця гарадской медыцынскай інфраструктуры.
Дырэктар УП “Будпоспех” Аляксандр Шышлюк прызнаўся, што будаўнікі адчувалі вялікую адказнасць, працуючы на гэтым сацыяльна значным аб’екце. Стараліся, каб не было сорамна перад землякамі за якасць работ. Аляксандр Барысавіч з задавальненнем уручыў сімвалічны ключ ад новай паліклінікі яе галоўнаму ўрачу Ігару Дзеркачу. А чырвоную стужку пад дружныя апладысменты жыхароў мікрараёна, якія прыйшлі на ўрачыстасць, перарэзалі Канстанцін Сумар, Ганна Анішчук і мэр Брэста Аляксандр Палышанкоў.
Прывабная з вуліцы ўстанова аховы здароўя і ў сярэдзіне не расчаравала. Імправізаваная экскурсія пакінула найлепшыя ўражанні. Нехта парадаваўся, што ў паліклініцы размясцілася дзяржаўная аптэка  РУП “Фармацыя” – вельмі зручна для пацыентаў! Хтосьці задаволены, што ўстаноўлены рэнтген-апарат, апараты для флюараграфічнага абследавання і ўльтрагукавой дыягностыкі. Камусьці спадабалася сістэма рэгістрацыі: медыкі запэўнілі, што талон да ўрача можна будзе замовіць не толькі па тэлефоне, але і праз інтэрнэт. Жанчыны прыдзірліва аглядалі гінекалагічнае аддзяленне. Многія распытвалі, як будзе працаваць дзённы стацыянар, а іншыя – ці хутка адкрыецца лабараторыя для аналізаў. Прынамсі, усе сышліся на думцы, што ў паліклініцы №3 камфортна будзе і медыкам, і іх пацыентам.
Як запэўніў брастаўчан старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар, работа па ўдасканаленні сістэмы аховы здароўя, мадэрнізацыі медыцынскіх устаноў будзе прадоўжана. З гэтага года ў цэнтры ўвагі – рэканструкцыя абласной бальніцы, аперацыйнае аддзяленне анкалагічнага дыспансера, заканчэнне работ другой чаргі рэканструкцыі абласнога радзільнага дома. Так што наперадзе – яшчэ не адна ўрачыстасць.
Святлана ТАБОЛІЧ, “НТ”.
Даведка “НТ”
Медыцынскую дапамогу ў паліклініцы №3 будуць атрымліваць жыхары мікрараёнаў Паўднёвы, Вулька, Валынка, Паўднёвы Захад, Гершоны.
Жыхары Старых і Новых Задворцаў, дамоў №№ 340/2, 342/1, 342/2, 346/3 па вул. Маскоўскай пераходзяць з цэнтральнай паліклінікі ў паліклініку №6.
Дзеці з Гершон і Валынкі пераводзяцца пад медыцынскі нагляд у філіял на вул. Ракасоўскага.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля