Беларусь

  • Главная
  • Актуальна!
  • 150 тысяч 175 абітурыентаў выказалі жаданне прайсці цэнтралізаванае тэсціраванне

150 тысяч 175 абітурыентаў выказалі жаданне прайсці цэнтралізаванае тэсціраванне


На наступным тыдні маладых берасцейцаў будзе ліхаманіць не толькі ад невыноснай спякоты летніх будняў, але і ад самай гарачай падзеі самага гарачага сезона: цэнтралізаванае тэсціраванне пачынае масавы рух па нашай краіне. Ужо ў аўторак жадаючыя трапіць у лік студэнтаў пройдуць першае з выніковых выпрабаванняў ведамі: давядзецца здаваць беларускую мову. Памятаю з уласнага вопыту, таму раю і вам, шаноўныя абітурыенты: не спазняйцеся на іспыты, паводзьце сябе ціхенька, давярайце толькі ўласным ведам. Каб максімальна сканцэнтравацца на заданнях, менш увагі звяртайце на парады добразычлівых суседзяў.
Як паказвае практыка, старанна рыхтуюцца да ўступнай кампаніі не толькі нядаўнія выпускнікі, але і навучальныя ўстановы. На Брэстчыне будучых студэнтаў чакае шэраг прыемных сюрпрызаў, звязаных з пашырэннем спектра магчымых прафесій. Яшчэ вагаецеся з выбарам месца вучобы? Вось вам некалькі цікавых варыянтаў ад вядучых ВНУ вобласці.
Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт сёлета распачне падрыхтоўку кадраў па новым профілі “Машыны і апараты харчовых вытворчасцей”. Экалагічны напрамак установы таксама прырасце яшчэ адной “галінкай”: на факультэце водазабеспячэння і гідрамеліярацыі з’явіцца спецыяльнасць “Прыродаахоўная дзейнасць”. Падобная спецыяльнасць – “Экалогія, маніторынг, менеджмент і аўдыт” – існуе тут з мінулага года, зараз яна набывае яшчэ большую папулярнасць. Увогуле, па словах кіраўніцтва БрДТУ, сёлета плануецца залічыць звыш двух тысяч першакурснікаў.
Новы кірунак “Камп’ютарная лінгвістыка” на факультэце замежных моў і спецыяльнасць “Вытворчасць прадукцыі і арганізацыя грамадскага харчавання” на біялагічным факультэце годна папоўняць спіс навінак Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна. Да таго ж, прынята рашэнне аднавіць прыём абітурыентаў па спецыяльнасці “Беларуская мова і літаратура і англійская мова” і “Руская мова і літаратура і польская мова”.
Па-за межамі абласнога цэнтра таксама адчуваецца подых уступных метамарфоз. Нават язык не паварочваецца назваць навучальныя ўстановы на перыферыі правінцыяльнымі. Такое азначэнне тычыцца хіба што геаграфічнага становішча, бо па іншых параметрах Палескі і Баранавіцкі дзяржуніверсітэты не саступаюць і сталічным альма-матар. Пры першым не так даўно адкрылі курсы павышэння кваліфікацыі для старшынь кіраўніцтва таварыстваў уласнікаў і арганізацый забудоўшчыкаў. Другі ж можа пахваліцца наяўнасцю трох новых прафесій у сваім сёлетнім адукацыйным арсенале. Усе тры – сельскагаспадарчага напрамку, які здаўна пакутуе ад недахопу кадраў менавіта гэтага звяна: “Агранамія”, “Заатэхнія”, “Геаэкалогія”. Для жадаючых атрымаць запатрабаваныя прафесіі існуе некалькі істотных “але”: навучацца будучыя аграномы і заатэхнікі будуць па скарочанай праграме на базе Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа – структурнага падраздзялення БарДУ. На вакантныя студэнцкія месцы змогуць прэтэндаваць выпускнікі сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, якія ўжо маюць дыпломы па аналагічных спецыяльнасцях.
Калі ж выбар зроблены, выхадныя можна правесці па-рознаму: за кніжкамі, паўтараючы кожную формулу і аксіёму, ці адпачываючы перад важным этапам дарослага жыцця. Жадаем поспехаў!
Тамара ВАСІЛЬКОВА, “НТ”.

МАЙЦЕ НА ЎВАЗЕ
* 150 тысяч 175 абітурыентаў выказалі жаданне прайсці цэнтралізаванае тэсціраванне ў навучальных установах Беларусі. Лідарства сярод прадметаў па-ранейшаму трымае матэматыка (103 тысячы 571 чалавек), побач з “каралевай навук” – руская мова, якую здадуць 97 тысяч 589 абітурыентаў, з вынікам у 53 тысячы 168 чалавек тройку замыкае беларуская мова. Самым непапулярным прадметам стала іспанская мова – сёлета яе абралі 346 юнакоў і дзяўчат.
* Уступная кампанія стартавала 14 чэрвеня. Яе адкрыў экзамен па беларускай мове, на наступны дзень абітурыенты здалі рускую мову, 17-га – гісторыю Беларусі, 19 чэрвеня – матэматыкау, 21 – грамадазнаўства, 22 – хімію, 23 – сусветную гісторыю навейшага часу, 25 – фізіку, 26 – біялогію, 28  —  замежныя мовы і 29 – геаграфію. Тыя, хто па аб’ектыўных прычынах прапусціць цэнтралізаванае тэсціраванне па графіку, змогуць рэабілітавацца 5 ліпеня – у рэзервовы дзень. Усе іспыты пачынаюцца ў 11.00.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля