Брэсцкія пагранічнікі адзначылі прафесійнае свята на баявым пасту

Брэсцкія пагранічнікі адзначылі прафесійнае свята на баявым пасту

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

На баявым пасту сустракаюць сваё прафесійнае свята брэсцкія пагранічнікі радавы Антон Абраменка і яфрэйтар Дзмітрый Бунчук з аўчаркай Інгурам.
Пагранзастава №14 носіць імя малодшага сяржанта Аляксея Новікава.  Знаходзіцца яна ў маляўнічых мясцінах непадалёк ад гарадскога пасёлка Дамачава.
Знаёміў нас са сваёй «гаспадаркай» камандзір заставы капітан Дзмітрый Кушнер. Язык не паварочваецца назваць казармай сімпатычны двухпавярховы будынак з еўрарамонтам унутры. Спальнае памяшканне, бытавы пакой, прыбіральня, кухня і сталовая – усё зіхаціць чысцінёй і парадкам. Аднак, самакрытычна заўважае капітан Кушнер, ёсць яшчэ над чым працаваць, на чарзе – стварэнне свайго музея, дзе, акрамя экспазіцыі пра героя-пагранічніка Аляксея Новікава, знойдзецца месца і для нашых сучаснікаў.
У  лютым 2009 года інструктар-кінолаг сяржант Юрый Прылуцкі ў складзе трывожнай групы пасля таго, як спрацавала сігналізацыя, выехаў на месца здарэння. Стаяў моцны мароз, пачыналася завіруха, сляды парушальніка вялі ў бок граніцы. Як высветлілася, грамадзянін Расіі спрабаваў перабрацца за кардон. Па дарозе ён праваліўся пад лёд на рэчцы Капаёўка і працягваў рухацца ў напрамку Польшчы. Не раздумваючы, Юрый Прылуцкі з аўчаркай Інгурам кінуліся ў сцюдзёную ваду і хутка дагналі парушальніка. Можна сказаць, выратавалі таму жыццё. У такое халоднае надвор’е, у мокрым адзенні ён  бы без дапамогі пагранічнікаў абавязкова замёрз.
За гэта затрыманне Юрый Прылуцкі атрымаў медаль «За адзнаку ў ахове дзяржаўнай граніцы». Узнагароду пагранічніку ўручыў асабіста Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка. Цяпер Юрый служыць па кантракце ў іншым рэгіёне краіны, а аўчарка Інгур працягвае ахоўваць граніцу на роднай дамачаўскай заставе.

Праўда, такія надзвычайныя здарэнні бываюць рэдка. Ведаючы аб надзейнасці беларускай граніцы, парушальнікі стараюцца не рызыкаваць і рэдка правяраюць яе на трываласць. Сёлета, па словах камандзіра заставы, былі зафіксаваны толькі два выпадкі парушэння пагранічнага рэжыму: затрымалі расіяніна без дакументаў і жыхара Мінска, які арандаваў жыллё ў забароннай зоне. Ахоўваць граніцу дапамагаюць і мясцовыя жыхары – з імі ў вайскоўцаў добры кантакт. Як знак поўнага ўзаемаразумення можна расцэньваць той факт, што капітан Дзмітрый Кушнер – дэпутат Дамачаўскага пасялковага Савета па Ляплёўскай – Паўднёвай выбарчай акрузе. А ў Дамачаўскай школе 17 вучняў наведваюць гурток «Юны пагранічнік», займаецца з імі намеснік камандзіра заставы старшы лейтэнант Максім Кебікаў.
Але і ў спакойнай абстаноўцы служба ў пагранічнікаў нялёгкая. 8 гадзін знаходзіцца дзяжурны нарад на ахове дзяржаўнай граніцы, за гэты час пешшу праходзіць 10-15, а то і 20 кіламетраў,  здараецца і нясенне службы ва ўзмоцненым рэжыме. Таму ў салдат і сяржантаў асаблівай пашанай карыстаюцца знакі «100 (200) выхадаў на ахову дзяржаўнай граніцы». Толькі самі пагранічнікі ведаюць, колькі за гэтым бяссонных начэй і кіламетраў лясных дарог.
Ну, а 28 мая на заставе накрылі святочны стол. Прагучалі віншаванні, прыехалі з падарункамі шэфы, адбыўся канцэрт. І толькі дзяжурны нарад, як заўсёды, будзе несці сваю нялёгкую, але такую важную і пачэсную службу. Каб чужынцы не хадзілі па нашай зямлі…
Юрый МАКАРЧУК, «НТ»,
Брэсцкі раён.
Фота аўтара.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

СЕЛЬСКІЯ ШКОЛЫ НІ Ў ЧЫМ НЕ ЎСТУПАЮЦЬ ГАРАДСКІМ: журналістка “НТ” наведала Парахонскую сярэднюю школу

Следующая запись

На сенажацях і лугах Берасцейшчыны шырыцца нарыхтоўка кармоў з траў першага ўкосу