Будзе гучаць слова
Падведзены вынікі сумеснага праекта “НТ”, абкама ГА “БРСМ” і аддзела па справах моладзі аблвыканкама
Трэці год запар праходзіць абласны журналісцкі конкурс “Слова маладых”. Традыцыйна ў ім прымаюць удзел выхаванцы клубаў “Юны журналіст” пры тэрытарыяльных камітэтах ГА “БРСМ” і прафесіянальныя маладыя журналісты. Адметна, што сёлета спаборніцтва выйшла за вызначаныя рамкі і да яго далучылася шмат новых удзельнікаў.
– “Слова маладых” аб’ядноўвае прагрэсіўных, актыўных і таленавітых прадстаўнікоў новага пакалення, – разважае першы сакратар абкама ГА “БРСМ” Віктар Фісюк. – Мы імкнёмся даць магчымасць рэалізаваць свае здольнасці будучым супрацоўнікам газет, радыё і тэлебачання. Цудоўна, што гэты праект многія называюць стартавай пляцоўкай для юных зорак журналістыкі. Прафесіянальныя журналісты дзеляцца вопытам з калегамі і ахвотна знаёмяцца з іх працай. Адным словам, конкурс яднае нас.
Асабліва цяжка для журы было вызначыцца з пераможцамі ў намінацыях “Лепшы юны карэспандэнт” і “Лепшы малады журналіст”. Змястоўныя публікацыі, індывідуальная манера падачы інфармацыі, выбар тэмы – кожны ўдзельнік заслугоўваў асаблівай увагі. У выніку сярод прафесіяналаў “золата” атрымаў карэспандэнт раённай газеты “Кобрынскі веснік” Раман Мельнік. 2-е і 3-е месцы падзялілі супрацоўніцы газеты “Пінскі веснік” Ася Цярлецкая і Ірына Бабіч. Дарэчы, такое на конкурсе ўпершыню. Аднак прэзентацыі дзяўчат настолькі ўразілі членаў журы, што нават складана было вызначыцца, хто з іх якое месца павінна заняць. Да таго ж, аказалася, што журналісткі не толькі ўдзяляюць шмат увагі рэалізацыі маладзёжнай палітыкі ў рэгіёне і прапагандзе актыўнай грамадзянскай пазіцыі, але і самі жывуць па згаданых прынцыпах і прытрымліваюцца здаровага ладу жыцця.
– Вельмі задаволены, што давялося атрымаць званне лепшага сярод лепшых, – падзяліўся ўражаннямі Раман Мельнік. – Канкурэнты па намінацыі вельмі моцныя, а таму ўдвая прыемней стаць першым. У раёнцы прыходзіцца пісаць на розныя тэмы – ад сельскай гаспадаркі да экстрыму. Маладзёжная тэматыка асабліва падабаецца, а перамога ў конкурсе “Слова маладых” не лішні раз даказвае, што іду правільным шляхам.
Падводзячы вынікі ў намінацыі “Лепшы юны карэспандэнт” мы неаднойчы жартавалі, што настаў час перайначыць назву на “Лепшая юная карэспандэнтка”, бо пераважная большасць работ – ад дзяўчат. На вышэйшую прыступку п’едэстала ўзышла Дар’я Гарбацкая з Іванава. Крыху не хапіла да перамогі Вікторыі Гомза з Баранавіч і Яніне Шука з Пружан. Дзяўчаты занялі 2-е і 3-е месцы адпаведна.
– Столькі эмоцый і пазітыву атрымала на цырымоніі ўзнагароджання! – Дар’я Гарбацкая не хавае захаплення. – Класна, што ёсць такія конкурсы, дзе можна не толькі паспрабаваць свае сілы, але і пазнаёміцца з новымі сябрамі. Незабыўнымі сталі сустрэчы з журналістамі абласных газет “Народная трыбуна” і “Заря”, а таксама ўразілі экскурсіі ў Брэсцкую крэпасць і друкарню. Маю намер і ў будучым годзе ўдзельнічаць у “Слове маладых”.
За сваёй узнагародай у Брэст прыехалі і ўдзельнікі клуба “Юны журналіст” пры Бярозаўскім раённым камітэце ГА “БРСМ” разам з кіраўніком Ірынай Мінеевай. Яны сталі першымі ў намінацыі “Лепшы клуб – партнёр СМІ”. Заслужаную перамогу ў намінацыі “Лепшы клуб “Юны журналіст” атрымаў гурток з Лунінца пад кіраўніцтвам Аляксандра Каўко.
З нагоды юбілею Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, які святкавалі ў 2010 годзе, у конкурсе з’явілася новая намінацыя “Лепшая работа, прысвечаная 65-годдзю перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне”. Першае месца заняла Паліна Сідар з Ляхавіч.
Самыя-самыя прадстаўнікі дружнай маладой журналісцкай сям’і сказалі сваё слова. Узнагароды знайшлі сваіх гаспадароў. На старт выходзіць новы конкурс, а гэта значыць – слова ўсё роўна застанецца за маладымі. Ужо дакладна вядома, што конкурс “Слова маладых” перажыве пэўныя метамарфозы. Якія? Даведаецеся ў наступных выпусках “Равесніка”.
Вольга СВІРЫДОВІЧ, “НТ”.
Фота аўтара.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.