Яшчэ адзін крок. Да перамен…
Пад заслону адыходзячага 2010-га ў аблвыканкаме ўзнагародзілі пераможцаў штогадовых конкурсаў на лепшы савет моладзі і лепшае сельскае падвор’е маладой сям’і
Традыцыйныя спаборніцтвы сёлета ахапілі 15 сямейных пар з розных куточкаў Брэстчыны. Яны прадэманстравалі свае навыкі ў вядзенні асабістай гаспадаркі, архітэктурным афармленні прысядзібнага ўчастка. Як адзначыла Ірына Замарозная, начальнік аддзела па справах моладзі аблвыканкама, адносіны пар-удзельніц да здаровага ладу жыцця, іх грамадзянская пазіцыя таксама ўлічваліся пры падвядзенні вынікаў. Ды, у асноўным, на выбар агркамітэта ўплывала змястоўнасць прадстаўленай на конкурс працы.
Першае месца ў спаборніцтве на лепшае падвор’е заняла сям’я Сяргея і Марыны Піліповічаў з Іванаўскага раёна, другое – сям’я Дзмітрыя і Ірыны Сініцыных з Баранавіцкага, а трэцяе заваявала пара Віталя і Людмілы Галоўчык, якая пражывае ў Жабінкаўскім раёне.
А вось пераможцаў у конкурсе на лепшы савет моладзі давялося адбіраць па асобных крытэрыях. Тут і ўдзельнікаў было значна больш: зараз на Брэстчыне амаль кожнае прадпрыемства ці арганізацыя можа пахваліцца наяўнасцю маладых кадраў, якія трапілі туды адразу пасля заканчэння навучальных устаноў, а потым прыжыліся на месцах. Сёння ў вобласці існуе 641 савет па справах моладзі. Ці варта казаць, што выбіраць сапраўды было з каго! Тым не менш, журы пільна сачыла за дзейнасцю сваіх канкурсантаў, звяртала асаблівую ўвагу на тое, як вядзецца дакументацыя, ці ёсць арганізатарскія здольнасці ў мала-дзёжных лідараў.
У намінацыі на лепшы савет моладзі прамысловага прадпрыемства мацнейшым аказаўся лунінецкі “Граніт”, сярод сельскагаспадарчых – перамог кааператыў “Агра-Моталь” Іванаўскага раёна, дзяржаўная лесагаспадарчая ўстанова “Брэсцкі лясгас” стала пераможцай у намінацыі “Лепшы савет моладзі арганізацыі ці ўстановы”. Ну, а самым бездакорным старшынёй прызнана Ганна Лукашэвіч з брэсцкага філіяла РУП “Белтэлекам”.
Ніна ЛЕАНАВЕЦ, “НТ”.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.