Чакаем адмены віз?
Напрыканцы мінулага тыдня Брэстчыну наведаў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Карэя ў Беларусі Ян Жунг Мо
Мэта яго візіту – азнаямленне з эканомікай і культурай вобласці. Пасол пабываў у Брэсцкай крэпасці, сустрэўся са старшынёй аблвыканкама Канстанцінам Сумарам. На сустрэчы было адзначана, што тавараабарот паміж Брэстчынай і Рэспублікай Карэя за 9 месяцаў гэтага года склаў 6,6 мільёна долараў ЗША, а тэмп росту –
127 працэнтаў. Бакі зацікаўлены ў павелічэнні аб’ёмаў знешнегандлёвай дзейнасці і бачаць высокі патэнцыял супрацоўніцтва. Ян Жунг Мо на прапанову старшыні аблвыканкама Канстанціна Сумара аб прыездзе карэйскіх інвестараў у свабодную эканамічную зону “Брэст” для вывучэння магчымасцей інвесціравання заявіў, што калі будуць прадстаўлены інвестыцыйныя праекты, то ён абяцае распаўсюджваць гэтую інфармацыю сярод карэйскіх суб’ектаў гаспадарання. Адказ не прымусіў сябе чакаць: інвестыцыйныя праекты былі прапанаваны падчас наведвання СЭЗ “Брэст”.
Таксама Пасол паведаміў, што паміж Рэспублікай Карэя і Рэспублікай Беларусь вядуцца перагаворы аб падпісанні пагаднення па адмене візавага рэжыму, чаму ён імкнецца садзейнічаць.
А яшчэ ў ходзе візіту высокага госця цікавілі сфера турызму, пытанні навуковага і культурнага супрацоўніцтва. Пасол падзяліўся і асабістымі ўражаннямі аб нашай краіне і людзях. Ён у Беларусі знаходзіцца толькі пяць месяцаў і пераважна ў Мінску, але зараз пачаў ужо знаёміцца з рэгіёнамі краіны. У яго склалася меркаванне, што беларусы – вельмі мірны і гасцінны народ, а ў Беларусі адчуваецца атмасфера міру.
Лілія КАШТАНЮК, “НТ”.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.