Беларусь

Чаму брэсцкія модніцы аддаюць перавагу адзенню “сэканд-хэнд”


З рук у рукі
Брэсцкія модніцы аддаюць перавагу адзенню “сэканд-хэнд”
Некаторыя з маіх сябровак выглядаюць так, нібыта нядаўна сышлі з вокладкі глянцавага часопіса. Гэтыя спадарыні з фантазіяй дакладна ведаюць: сачыць за апошнімі павевамі моды сёння цалкам магчыма. Быць стыльнымі дапамагаюць магазіны, якія гандлююць еўрапейскім адзеннем “сэканд-хэнд”. Што цягне брэсцкіх модніц менавіта сюды?  Прапануем некалькі жалезных аргументаў, пасля якіх варыянт з “другіх рук” ужо не будзе здавацца нечым ненатуральным. Паверыць ці праверыць – вырашайце самі!
І ТАННА, І ХІТРА!
Лёгкая шыфонавая блузка маркі “Atmosphere” каштуе тут прыкладна 28 тысяч рублёў, спадніца з тым жа лагатыпам – 35, замшавыя басаножкі на высокіх абцасах ад “Zara” – 95. Якасць адзення вядомых брэндаў не выклікае сумненняў, а агульная сума пакупак вагаецца ў межах разумнага. І што самае важнае: за некалькі паходаў можна абнавіць свой сезонны гардэроб па цалкам спрыяльных цэнах.
РАДАСЦЬ ЦІ ГАДАСЦЬ?
Памылкова лічыць, што адзенне з “другіх рук” брыдкае і непрывабнае. Насамрэч, існуе некалькі яго відаў: stock – зусім новыя рэчы, lux ці extra – адзенне з мінімальным працэнтам зносу (першая, другая і трэцяя катэгорыі ў залежнасці ад выгляду і якасці тавару). На сартавальных фабрыках 20 гадзін падобныя рэчы апрацоўваюць парай і дэзынфікуючым газам.
АБНОЎКА КОЖНЫ ТЫДЗЕНЬ
Тавары ў магазінах “сэканд-хэнд” абнаўляюцца прыкладна раз на ты-дзень. Каб прыдбаць сабе нешта эксклюзіўнае, загадзя спытайце ў прадаўцоў, калі будзе новае паступленне. Лепш прыйсці зранку, адразу пасля прывозу, бо аматараў брэндавай вопраткі ў горадзе шмат. А яшчэ – ніякі гандлёвы цэнтр не можа парадаваць сваіх кліентаў такім багаццем скідак (ад 10 да 75 працэнтаў)! І апошняе: магу паспрачацца, што адзін з такіх магазінаў знаходзіцца зусім побач з вашым домам.
Тамара ВАСІЛЬКОВА, “НТ”.
Фота Юліі КОСАРАВАЙ.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля