Беларусь

Што лепш: шопінг ці актыўны адпачынак?


Рэлакс
Шопінгавая мітусня, харчовы ажыятаж, перабоі з валютай – неяк раптоўна нашы думкі занялі гэтыя нежаночыя праблемы. На кожным кроку толькі і чуеш пра тое, дзе купіць што-небудзь танней, па старых цэнах. Аднак не толькі ў прадукты, адзенне ці прылады быту варта рабіць фінансавыя ўкладанні. Нельга забываць і пра сябе любімых. Хоць і гавораць, што жанчыны стрэс заядаюць ці змагаюцца з ім паходамі па магазінах або ў салоны прыгажосці, нельга забываць пра прыгажосць унутраную…
У здаровым целе – здаровы дух. Выбіраем спорт і актыўны адпачынак. Хтосьці разумны сказаў: мы жывём, пакуль рухаемся. Некаторыя скептыкі контраргументуюць мне цяперашнімі цэнамі на адпачынак, аднак заўважу: хто шукае, той знойдзе. Па сродках і без удару па бюджэце можа стаць, напрыклад, велапрагулка. Дарэчы, кошт адной пракатнай гадзіны – у межах 6500-7000 рублёў. Пляжы і зоны адпачынку ўвогуле бясплатныя, а як бавіць час – залежыць ад вашай фантазіі. Можна ў бадмінтон гуляць, а можна і прыкладным мастацтвам заняцца: прыродных матэрыялаў у нас багата. Басейны, лядовыя арэны, картынгавы стадыён ці варыянт “да бабулі ў вёску” – выбіраем адпаведна са сваімі магчымасцямі.
Аматары адпачыць на беразе мора таксама могуць сэканоміць. Замест пуцёвак у гасцініцы ці пансіянаты прыйдзецца паклапаціцца пра адпачынак “дзікунамі”. Каб не пераплачваць за чыгуначны праезд, можна аддаць перавагу аўтобусным турам. Калі пакапацца ў нетрах інтэрнэт-прасторы, дык шляхоў дабрацца да запаветнага мора знойдзецца вялікая колькасць.
Турыстычныя паходы з сябрамі, выезд на шашлыкі з сям’ёй, экскурсійныя паездкі па знакамітых мясцінах Беларусі – варыянтаў недарагога адпачынку шмат. Нават калі вы не ў водпуску, адпачыць можна ў вольны час. За сярэднюю і адносна невысокую плату (50-70 тысяч рублёў у месяц) можна набыць абанемент у фітнес-цэнтр. Масажны кабінет, спа, саўна, лазня, курсы вязання ці танцавальная студыя – усё будзе на карысць вашаму настрою і, як вынік, добраму самаадчуванню. Нельга марнаваць лета ў душных кабінетах ці на канапе ля тэлевізара. Для нас, маладых і актыўных, гэта сапраўднае злачынства. Калі згодны, пішыце на наш адрас у рэдакцыю (адрас і тэлефон – на апошняй старонцы) ці дасылайце на e-mail: olya_sviridovich@mail.ru
Вольга СВІРЫДОВІЧ, “НТ”.

Тонус
Калі гвалт вакол эканамічнай сітуацыі ў краіне цалкам дэстабілізаваў псіхалагічны стан, прывесці арганізм у тонус дапаможа шопінг-тэрапія. Як бы скептычна гэта зараз ні гучала, але паход па магазінах павінен прыносіць прадстаўніцам прыгожай паловы чалавецтва максімальнае задавальненне. Мы і толькі мы можам ператварыць гэтую часам мітуслівую справу ў сапраўднае мастацтва – без аглядкі на імклівы рост цэн, паўпустыя прылаўкі ў некаторых гандлёвых кропках і небывалы спажывецкі ажыятаж…
Адпраўляемся за пакупкамі! Толькі пунктамі прызначэння на нашым шляху стануць зусім не буцікі, сучасныя супермаркеты, прадуктовыя рынкі, якія апошнім часам ператварыліся ў месцы масавага паломніцтва. Надышоў час у корані памяняць звыклыя маршруты і зазірнуць туды, дзе значна лягчэй знайсці кампраміс паміж жаданнямі і памерамі кашалька.
Сёння прадпрымальныя брастаўчанкі ахвотна папаўняюць свае “спажывецкія кошыкі” ў шматлікіх дысконтах, камісіёнках, апранаюцца ў брэндавых “стоках” і “сэканд-хэндах” горада над Бугам. Падобныя назвы ўжо не гучаць як лаянка, а з’яўляюцца сінонімамі эканоміі і добрага густу. Нават сусветна вядомыя модніцы могуць пахваліцца наяўнасцю ў сваім гардэробе адзення з “другіх рук”, якое часта ўяўляе сабой эксклюзіўныя дызайнерскія знаходкі.
Што да касметыкі, прадуктаў харчавання і бытавых прылад – імпартныя варыянты заменім айчыннымі адпаведнікамі. Яны мала ў чым саступаюць, а ў некаторых выпадках нават пераўзыходзяць замежныя аналагі.  Шапаголікі са стажам наўрад ці лёгка адмовяцца ад таго, што даўно стала неад’емнай часткай жыцця. Гэта ж здрада самой сабе! Але як толькі вы, шаноўныя какеткі, паспрабуеце падняць любімыя хобі на новы ўзровень, навучыцеся эканоміць – і кашалёк, і неўтаймаваныя жаданні заўжды будуць у тонусе. Я не заклікаю ігнараваць цяжкасці, схаваўшыся ад іх пад гарой моднага адзення. Але чаму б ні сустрэць непазбежнае ў самай лепшай сваёй сукенцы? Калі ў вас на гэты конт іншая пазіцыя – прашу неадкладна падзяліцца! Электронны адрас усё той жа: ninkaLe@mail.ru. Чакаем новых ідэй наконт выгадных фінансавых укладанняў.
Ніна ЛЕАНАВЕЦ, “НТ”.
Фота: Юлія Косарава

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля