Беларусь

Вучымся эканоміць


Як даводзіцца выкручвацца маладым маці, каб задаволіць дзіцячыя патрэбы і капрызы?
Напэўна, няма сям’і, на жыццё якой не паўплывалі б цяперашнія эканамічныя ўмовы. Стала намнога складаней купіць якасныя рэчы за адносна невысокі кошт. Гэта ж датычыцца і прадуктаў харчавання. Бо, як ні круці, адной бульбай сыты не будзеш, арганізм трэба песціць і вітамінамі. Як бы ні складалася сітуацыя, дзяцей хочацца і апрануць прыгожа, і накарміць смачна. Дзіцяці цяжка растлумачыць, чаму маці не можа купіць чарговую цацку ці шакаладку.

Як выжыць ва ўмовах новай эканомікі  маладой матулі і колькі прыходзіцца траціць на маленькі цуд, паспрабавала высветліць на асабістым прыкладзе. Кожная маці разумее, як цяжка зараз гадаваць дзіця. Бо не кожная з нас можа пахваліцца магчымасцю натуральнага кармлення хаця б да года. Даводзіцца “падсаджваць” дзіця на малочныя сумесі. Добра, калі гэтая сумесь каштуе адносна нядорага. І дзіця харчуецца, і кашалёк пакутуе нязначна. Але такія выпадкі, на жаль, адзінкавыя. Заўважана, што арганізмы нашых дзяцей досыць далікатна ставяцца да ежы. Вядома, цяпер выбар і сумесей, і іншых прадуктаў дзіцячага харчавання досыць вялікі. На шчасце, прайшоў той час, калі на ўвесь горад была толькі адна “Малютка”. Але цана, да прыкладу, за пачак дзіцячага харчавання (300-500 г) вар’іруецца ў межах 11-60 тысяч рублёў. За слоічак агародніннага або фруктовага пюрэ можна аддаць ад 3 да 7 тысяч.
У асяроддзі такіх цэнавых прапаноў наваспечаным матулям даводзіцца выкручвацца і эканоміць. Шмат хто з’язджае да бабуль, маці, цётак у вёскі і там ужо корміць сваіх карапузаў самымі натуральнымі прадуктамі. Заменай сумесі ў такім выпадку становіцца каровіна або казінае малако. Пад рукой і свежая гародніна, і садавіна, і ягады. Тут жа бацькі знаходзяць і месца адпачынку. Для дзіцяці не горш адпачыць на свежым паветры за горадам, чым у далёкай Турцыі або Егіпце. Тым больш, што акліматызацыя ў малых праходзіць цяжэй, чым у дарослых.
Што ж тычыцца адзення, тут нашы дзяўчаты праяўляюць усю сваю знаходлівасць і фантазію. Хтосьці імкнецца эканоміць, купляючы адзенне ў “стокавых” магазінах і “сэканд-хэндах”, камусьці дастаецца гардэроб ад першага дзіцяці, пляменнікаў і нават дзяцей сябровак. Калі ж мама мае талент рукадзелля, тады справа ідзе яшчэ прасцей. З дапамогай ніткі і іголкі можна стварыць унікальныя, адзіныя ў сваім родзе рэчы. Гэта адносіцца не толькі да дзіцячай, але і жаночай, мужчынскай вопраткі. Шчыра кажучы, зайздрошчу белай зайздрасцю такім майстрыцам.
Асобная гутарка – памперсы. Калі дзіця яшчэ зусім маленькае, без гэтага проста не абысціся. Хоць ведаю асабіста прыклады, калі малое ўжо з трох месяцаў абыходзіцца без памперса. Цана за адзін такі прадмет гігіены дасягае зараз 3 тысяч рублёў. І мы вяртаемся ў той час, калі нашы мамы зноў і зноў кіпяцілі пялюшкі.
Вядома, кожны жыве па сродках. Адны купляюць калыску-трансформер, якая паслужыць дзіцяці як спальным месцам, так і прагулачным транспартам – так званы эканомны варыянт. А іншыя аддаюць перавагу вядомым дарагім маркам, у якіх малы адчувае сябе, нібы ў царскіх палатах. Але ж і ўяўленне пра жыццё і пра яго каштоўнасці ў кожнага сваё…
З любой сітуацыі можна знайсці выйсце. У некаторых выпадках прыходзіцца сказаць “не”, купіць замест адной шакаладкі другую… Дарэчы, вельмі папулярныя сёння беларускія прадукты. А часам, як ні выкручвайся, трэба ў чымсьці адмовіць сабе: не купіць сумачку ці туфлі моднага брэнда. Усё лепшае – дзецям. Пагадзіцеся, бачыць радасць у вачах свайго дзіцяці – гэта шчасце.
Таццяна КАЗЛОЎСКАЯ-ЛІСОТА,
г. Брэст.
Фота Юліі Косаравай.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля