Што турбуе пракурора?
Сяргей ХМАРУК, пракурор вобласці, правёў прэс-канферэнцыю для СМІ Берасцейшчыны
ЗАДАЧЫ І ФУНКЦЫІ
– Пракуратура ад імя дзяржавы ажыццяўляе нагляд за дакладным і аднолькавым выкананнем нарматыўных прававых актаў на тэрыторыі вобласці. Важнейшая з функцый – каардынацыя дзейнасці праваахоўных і іншых органаў у барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй.
ПРАФІЛАКТЫКА І ПАПЯРЭДЖАННЕ
– Актывізацыя пракурорскага нагляду ў прафілактыцы правапарушэнняў садзейнічала таму, што праваахоўныя, іншыя дзяржаўныя органы вынікова супрацьдзейнічалі злачыннасці. Больш дзейсным у гэтай важнай рабоце стаў удзел грамадскіх фарміраванняў. Зараз паўсюдна створаны і дзейнічаюць саветы грамадскіх пунктаў, павысілася актыўнасць добраахвотных дружын, якія падтрымліваюць парадак на вуліцах і ажыццяўляюць кантроль за дзейнасцю праваахоўных органаў з боку грамадства.
ЗЛАЧЫННАСЦЬ
– Сёлета за 5 месяцаў на Брэстчыне зарэгістравана на 12,5 працэнта злачынстваў менш у параўнанні з адпаведным перыядам 2010 года. На трэць (са 100 да 69) скарацілася колькасць асабліва цяжкіх, на чвэрць (з 485 да 371) – цяжкіх злачынстваў. Менш здзейснена злачынстваў асобамі, якія маюць судзімасць. Зменшылася колькасць крадзяжоў, але пра поспехі пакуль што рана гаварыць. У асноўным з-за таго, што грамадзяне самі даволі легкадумна адносяцца да захаванасці сваёй маёмасці і злодзеі пранікаюць у дамы шляхам свабоднага доступу. Гэтак жа – і з крадзяжамі з аўтамабіляў, якія гаспадары пакідаюць у дварах.
Менш стала разбояў, рабаванняў, махлярстваў. Гаворачы пра зніжэнне злачыннасці ў цэлым, варта адзначыць, што ў трох раёнах – Ляхавіцкім, Столінскім і Пінскім – яна ўзрасла.
ДАРОЖНА-ТРАНСПАРТНЫЯ ЗДАРЭННІ І П’ЯНСТВА
– Вострай застаецца праблема кіравання транспартам у нецвярозым выглядзе, а значыць – і здзяйснення ДТЗ. Калі летась назіралася зніжэнне, дык сёлета іх колькасць узрасла з 70 да 84. П’янымі грамадзянамі здзейснена і большасць наўмысных забойстваў – 21 з 26. Таму пракуратурай узмоцнены нагляд за выкананнем антыалкагольнага заканадаўства. На барацьбу з п’янствам накіраваны намаганні як праваахоўных органаў, мясцовага кіравання і самакіравання, так і грамадскіх фарміраванняў. Фотаздымкі асоб, якія злоўжываюць алкаголем, змяшчаюцца на стэнды “Акно ганьбы”.
НОВАЕ Ў РАБОЦЕ ПРАКУРАТУРЫ
– Цяпер пракуратура працуе ва ўмовах рэалізацыі палажэнняў Канцэпцыі ўдасканальвання сістэмы мер крымінальнай адказнасці і парадку іх выканання. Выконваючы яе, мы не імкнёмся да таго, каб неабгрунтавана вызваляць людзей ад крымінальнай адказнасці – ні ў якім разе! У месцах пазбаўлення волі павінны знаходзіцца толькі тыя, хто здзейсніў такія цяжкія злачынствы, што месцам іх выпраўлення можа быць ізаляцыя ад грамадства ў закрытай папраўчай установе. Згодна з упамянутай Канцэпцыяй змяніліся падыходы да назначэння пакаранняў. Так, з 3 тысяч асу-джаных за 5 месяцаў да рэальнага пазбаўлення волі прыцягнуты толькі 666 чалавек. Яшчэ больш за 200 чалавек аказаліся за кратамі таму, што ўхіляліся ад адбывання пакарання ў выглядзе абмежавання волі.
Выкарыстоўваем у сваёй практыцы магчымасць спынення крымінальнай справы на стадыі расследавання, не даводзячы яе да суда. Калі, напрыклад, злачынства не з’яўляецца цяжкім ці асабліва цяжкім, калі абвінавачаны кампенсаваў прычыненую шкоду, не мае іншых праблем з законам, а пацярпелы прабачыў яму. Змяняем таксама падыходы да прымянення на практыцы ўмоўна-датэрміновага вызвалення.
КАРУПЦЫЯ І НАЦЫЯНАЛЬНАЯ БЯСПЕКА
– Колькасць выяўленых карупцыйных злачынстваў значна ніжэй, чым у мінулыя гады. На мой погляд, таму, што акцэнт у сваёй дзейнасці праваахоўныя органы робяць на іх папярэджанне. У дзяржаве прыняты шэраг мер, якія накіраваны на абарону яе інтарэсаў, спажывецкага рынку – гэта тычыцца вывазу тавараў. Грамадзяне павінны разумець дзеянні ўлады. Праблемы існуюць, але яны часовыя, і дзяржава вызначае правілы, згодна з якімі павінны жыць людзі. Таму несанкцыянаваных акцый не павінна быць. Нашым грамадзянам варта памятаць пра проціпраўнасць такіх дзеянняў і жыць у згодзе з законам.
Запісала Надзея ЯЦУРА, “НТ”.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.