Беларусь

  • Главная
  • Экалогія
  • І людзі, і навакольнае асяроддзе выйграюць, калі займацца нарыхтоўкай і перапрацоўкай другаснай сыравіны

І людзі, і навакольнае асяроддзе выйграюць, калі займацца нарыхтоўкай і перапрацоўкай другаснай сыравіны


Адходы – у даходы
Штогод у рэспубліцы набіраецца некалькі мільёнаў тон цвёрдых адходаў, якія вывозяць на палігоны захавання. Гэта прыводзіць да пастаяннага выключэння з абароту зямельных рэсурсаў і росту забру-джвання навакольнага асяроддзя. Хоць частка гэтых адходаў – папера, кардон, шкло, палімеры, тэкстыль, гума – можа быць выкарыстана ў якасці другаснай сыравіны. Два гады таму ў Рэспубліцы Беларусь была прынята Дзяржаўная праграма збору (нарыхтоўкі) і перапрацоўкі другаснай сыравіны на 2009 – 2015 гады. Ход выканання яе мерапрыемстваў у вобласці і роля органаў самакіравання ў фарміраванні ў насельніцтва адукаванага і адказнага падыходу да абыходжання з адходамі на прыкладзе Баранавіч і Баранавіцкага раёна былі разгледжаны на 6-й сесіі абласнога Савета дэпутатаў 26-га склікання.

Народныя выбраннікі наведалі аб’екты, праз якія другасныя рэсурсы ўключаюцца ў абарот. У камунальным унітарным рамонтна-эксплуатацыйным прадпрыемстве “ЖРЭУ горада Баранавічы” яны пазнаёміліся з сістэмай раз-дзельнага збору камунальных адходаў. Для гэтых мэт толькі летась за кошт сродкаў дзяржаўнага аб’яднання “Белрэсурсы” і за свае асабістыя тут набыта 55 кантэйнераў для раздзельнага збору камунальных адходаў. Усяго ж у горадзе абсталявана 119 пляцовак, на якіх размешчаны 334 такія кантэйнеры.
На сартавальна-перагрузачнай станцыі ў Баранавічах  дэпутаты змаглі паназіраць за працэсам сартавання камунальных адходаў. Не менш цікавым было знаёмства з арганізацыяй работы па закупе макулатуры і металалому ў арганізацый і насельніцтва ў ААТ “Баранавічыметалапракат”. Прадпрыемства гэтае, акрамя збору другаснай сыравіны, займаецца яе перапрацоўкай і гандлюе вырабамі з металу.
У ПУП “Баранавіцкі каапгандаль” нарыхтоўкай чорнага і каляровага металу займаюцца 110 магазінаў, 10 стацыянарных прыёмных пунктаў і 3 аўтавыязныя, а яшчэ – 20 штатных нарыхтоўшчыкаў. Дагаворы на закуп макулатуры тут заключаюць з 16 школамі. Па словах кіраўніцтва прадпрыемства, нарыхтоўка і перапрацоўка другаснай сыравіны – справа выгадная і прыбытковая. Важна толькі займацца ёй усур’ёз – і тады ўсё атрымаецца. А галоўнае – ад гэтага выйграюць усе: і чалавек, і навакольнае асяроддзе.
Мяркуючы па дыскусіях, якія ўзнікалі практычна на кожным з аб’ектаў, тэма, што была вынесена на абмеркаванне дэпутатаў, закранула за жывое кожнага. Нарыхтоўка другаснай сыравіны – гэта яшчэ і вырашэнне экалагічнай праблемы нашай матухны-зямлі.
Працяг размовы, тон якой задала сваім выступленнем старшыня камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Тамара Ялкоўская, адбыўся на пленарным пасяджэнні. Што тычыцца выканання мерапрыемстваў Дзяржаўнай праграмы збору (нарыхтоўкі) і перапрацоўкі другаснай сыравіны, зазначыла Тамара Анатольеўна, дык у іх задзейнічаны як прадпрыемствы і арганізацыі, так і жыхары вобласці, школьнікі. Дзякуючы сумесным намаганням, у апошні час у гэтым кірунку ўдалося нямала зрабіць. Так, раздзельным зборам камунальных адходаў зараз ахоплена 80,2 працэнта гарадскога і 35 працэнтаў сельскага насельніцтва. На тэрыторыі населеных пунктаў для гэтых мэт устаноўлена 3755 спецыяльных кантэйнераў. У 16 раёнах функцыянуюць станцыі сарціроўкі адходаў, у Брэсце і Баранавічах будуюцца смеццеперапрацоўчыя заводы. У вобласці створана і дзейнічае нарыхтоўчая сетка спажывецкай кааперацыі. Нарыхтоўкай другасных матэрыяльных рэсурсаў на Брэстчыне займаюцца 90 прыёмна-нарыхтоўчых пунктаў і больш за паўтары тысячы гандлёвых прадпрыемстваў. За гэты час удалося арганізаваць збор адпрацаваных батарэек. Праўда, лічбы па іх нарыхтоўцы яшчэ невялікія і пытанне з перапрацоўкай застаецца адкрытым.
Аднак зробленага аказалася недастаткова для выканання даве-дзеных паказчыкаў па нарыхтоўцы і перадачы перапрацоўчым прадпрыемствам другаснай сыравіны. Летась нарыхтоўшчыкамі выкананы толькі тры паказчыкі з сямі: па палімерных, будаўнічых і асфальта-бетонных адходах. За 5 месяцаў сёлета даведзеныя заданні таксама не выкананы. А гэта значыць, што камунальныя і бытавыя адходы працягваюць забруджваць навакольнае асяроддзе настолькі, наколькі недавыкананы заданні па іх нарыхтоўцы. Адсутнічае сістэма збору ад насельніцтва гумавых шын. У Маларыцкай і Столінскай ЖКГ дрэнна наладжаны збор буйнагабарытных адходаў, а на палігонах у Бярозе і Белаазёрску другасная сыравіна ўвогуле не выбіраецца.
Адной з галоўных прычын такой сітуацыі дэпутаты Аляксандр Юш з Пінска, Васіль Качурка з Баранавіч, Сяргей Сарокаў з Ганцавіч, старшыня Камянецкага раённага Савета дэпутатаў Мікалай Войцык называлі адсутнасць рэкламы і належнай інфармаванасці насельніцтва аб важнасці збору і здачы другаснай сыравіны. Адзначаны таксама нізкія закупачныя цэны на яе, якія дыктуюць перапрацоўшчыкі, адсутнасць работы па павышэнні экалагічнай адукацыі сярод насельніцтва, у першую чаргу – сярод дзяцей.
Гімназіі №3 горада Баранавічы, праўда, гэта не датычыцца. У гэтай установе адукацыі экалагічны змест унесены ў кожны прадмет пачатковых класаў. Народныя выбраннікі мелі магчымасць пазнаёміцца з работай педагагічнага калектыву гімназіі па экалагічным выхаванні дзяцей. Кабінет экалогіі, шматлікія стэнды, кантэйнеры ля ўваходу ў будынак з маляўнічымі надпісамі “Папера”, “Пластык”, “Шкло”, “Батарэйкі”, куды можна выкінуць адпрацаваныя рэчы, змалку прывучаюць хлопчыкаў і дзяўчынак не забруджваць навакольнае асяроддзе і інфармуюць аб важнасці збору другаснай сыравіны.
Сярод насельніцтва гэтую работу павінны весці мясцовыя органы самакіравання, адзначыў старшыня абласнога Савета дэпутатаў Сяргей Ашмянцаў. Чым актыўней будзе работа з людзьмі ў гэтым кірунку, тым вышэй – вынік, а значыць, і навакольнае асяроддзе можна выратаваць ад забруджвання.
Надзея ЯЦУРА, “НТ”,
г. Баранавічы.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля