Абласное свята сярэдневяковай культуры і традыцый сабрала ў Камянцы каля 300 удзельнікаў
Баталіі ля вежы
Даказана: бясстрашныя рыцары існуюць не толькі на старонках прыгодніцкіх кніг, а гісторыя паўтараецца з зайздроснай перыядычнасцю. Прынамсі, жыхары Камянца ўжо трэці год запар становяцца сведкамі незвычайных метамарфоз. Падзеі, якія пры іншых акалічнасцях можна было б назваць гістарычным дэжавю, у дадзеным кантэксце цудоўна ўпісаліся ў рамкі абласнога свята сярэдневяковай культуры і традыцый “Камянецкая вежа”. Сёлета відовішчнае мерапрыемства на два дні (з 25 па 26 чэрвеня) аб’яднала каля 300 прадстаўнікоў рыцарскіх клубаў і аматараў маляўнічых ваенных баталій з розных куточкаў Беларусі і Расіі.
На прэс-канферэнцыі арганізатары – упраўленне культуры аблвыканкама, Камянецкі райвыканкам і кіраўнік рыцарскага клуба “Снежны барс” Алесь Шавель – не без гонару адзначылі: сёлета фестываль лічыцца буйнейшым па значнасці і колькасці ўдзельнікаў. Аналагічныя імпрэзы, напрыклад, у Навагрудку ў большай ступені нагадваюць тэатр, камянецкія ж баі “да апошняга ваяра” захапляюць непадробнай натуральнасцю. Тут усё па-сапраўднаму, пачынаючы са знакамітай вежы, якая ўяўляе сабой жывую дэкарацыю, непадуладную надвор’ю частку гісторыі.
Любімы этап свята, па словах яго ўдзельнікаў, гэта штурм замка. Большасць ваенна-гістарычных клубаў прыязджае на Камянеччыну менавіта для таго, каб паспрабаваць свае сілы ў абароне або захопе адбудаванага загадзя дашчатага палаца. Ці варта казаць, што вельмі часта бязлітасныя баі не абыходзяцца без траўм – таму, каб знізіць працэнт няшчасных выпадкаў да мінімуму, даводзіцца старанна клапаціцца пра тэхніку бяспекі на турніры.
Сярод сёлетніх ноу-хау варта вылучыць конкурс гістарычнага касцюма і паказальны конны турнір. Да таго ж, насычаная праграма фэсту ўключыла ў сябе традыцыйныя адзіночныя і камандныя спаборніцтвы ваяроў у рыцарскіх даспехах, турнір лучнікаў і выставу-продаж ад майстроў народнай творчасці. На “салодкае” для гасцей і жыхароў старажытнага мястэчка арганізатары падрыхтавалі канцэрт сярэдневяковай музыкі, майстар-клас, дзе кожны жадаючы мог навучыцца танцаваць пад напевы таго часу, і эфектнае фаер-шоу ў суправаджэнні фольк-рока.
Ніна ЛЕАНАВЕЦ, “НТ”,
г. Камянец.
Фота аўтара.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.