Беларусь

Тыдзень з жыцця вобласці


БРЭСТ
Усе на кірмаш!
Рэспубліканская духоўна-асветніцкая акцыя “Сям’я. Яднанне. Айчына” на гэтым тыдні праходзіць у абласным цэнтры. У праграме мерапрыемстваў – выстава-кірмаш прадукцыі выдавецтва Беларускага Экзархата на пляцоўцы перад Палацам культуры прафсаюзаў, шэраг тэматычных семінараў і прэзентацый. Завершыцца духоўная эстафета 10 ліпеня перадачай факсімільнага выдання Слуцкага Евангелля ў дар жыхарам Брэста.
БРЭСЦКІ РАЁН
Пазмагаемся, ветэраны?
У раёне стартаваў агляд-конкурс “Лепшы ветэранскі падворак”. Мэта мерапрыемства, удзельнікамі якога з’яўляюцца ветэраны вайны і працы, што самастойна вядуць сваю гаспадарку,  – актывізацыя работы па добраўпарадкаванні і навядзенні парадку на зямлі, прапаганда дасягненняў пажылых людзей у гэтым кірунку. Пераможцы і прызёры будуць вызначаны ў намінацыях “Лепшы жывёлавод”, “ А ў садзе, у гародзе…”, “Ад прыроды – матэрыял, ад майстроў – талент”. Вынікі конкурсу будуць падведзены ў жніўні.
БАРАНАВІЧЫ
“Пачатковы” вернісаж
У чацвер у выставачнай зале краязнаўчага музея адкрылася выстава графікі мясцовага мастака Андрэя Багданава “Пачатак”. На рахунку аўтара – удзел у 9 выставах, у тым ліку дзвюх персанальных. Новая экспазіцыя расказвае пра жыццё і быт усходніх славян.
БАРАНАВІЦКІ РАЁН
Без плям не абышлося
У нядзелю на дарозе Брэст – Мінск, каля вёскі Антанова, міліцыя затрымала аўтамабіль “Форд-Транзіт”, якім кіраваў жыхар г. Бярозы. У машыне знойдзена звыш тысячы бляша-нак плямавыводніку агульнай вагой больш за паўтоны. Тавар быў без адпаведных дакументаў, таму канфіскаваны. Па гэтым факце праводзіцца праверка.
БЯРОЗА
Летні “педсавет”
Вынікі навучальнага года падвялі педагогі раёна на пленарным пасяджэнні. Заўважана, што ў параўнанні з мінулым годам узрос узровень якасці ведаў школьнікаў па матэматыцы, рускай і беларускай мовах. Лепшымі ўстановамі адукацыі прызнаны сярэднія школы №2 і №3 г. Бярозы, гімназія г. Белаазёрска, а таксама Пескаўская, Спораўская, Равяціцкая сярэднія школы, Падкраіцкая базавая, яслі-сады №№6,8,10 у райцэнтры.
ГАНЦАВІЧЫ
Нарабіў бяды
Механізатар СВК “Лань” ехаў па прасёлачнай дарозе. Паблізу вёскі Чудзін не справіўся з кіраваннем і заруліў у раку. Трактар перакульнуўся, мужчына выбрацца з яго не паспеў і загінуў.
ДРАГІЧЫН
Гульня, гульня, гульня!
Заўтра на стадыёне ў г.п. Антопаль пройдзе традыцыйны міжраённы турнір па футболе на прызы майстра спорту Рэспублікі Беларусь Ігара Кавалевіча. Былы выпускнік Антопальскай СШ, а цяпер трэнер футбольнага клуба “Нафтан” шмат робіць для папулярызацыі гульні і падтрымкі юных футбалістаў. На гэты раз у турніры выступяць юнакі 1999-2000 гадоў нараджэння.
ЖАБІНКА
Інтэрнэт ідзе ў вёску
Работнікі цэнтральнай раённай бібліятэкі прайшлі пазапланавы курс павышэння камп’ютарнай адукацыі. Кожны яе супрацоўнік  цяпер можа дапамагчы нават навічку карыстацца новай паслугай “Выхад у інтэрнэт”. Для больш якаснага і сучаснага абслугоўвання насельніцтва плануецца падключыць да высакаскораснага інтэрнэту бібліятэкі ўсіх аграгарадкоў раёна.
ІВАНАВА
Хто лепшы за прылаўкам?
У райцэнтры на базе гарадскога ўнівермага і цэнтральнага ўніверсама №2 прайшоў конкурс прафесійнага майстэрства “Прадавец-2011”, ініцыятарам і фундатарам якога выступіла Іванаўскае райспажыўтаварыства. У конкурсе прынялі ўдзел прадаўцы ўсіх філіялаў арганізацыі. Пераможцам былі ўручаны ганаровыя дыпломы і грашовыя прэміі. Алёна Пакала і Ларыса Бандарэвіч заваявалі права прадстаўляць Іванаўскі раён на абласным конкурсе, дзе будуць змагацца за званне “Лепшы прадавец-2011” .
ІВАЦЭВІЧЫ
За спробу – граматы і кніжкі
Традыцыйны конкурс літаратурнай творчасці сярод школьнікаў раёна “Спроба пяра-2011”  назваў лепшых юных творцаў. Вышэйшыя адзнакі журы атрымалі Георгій Канановіч з СШ №3 г. Івацэвічы, Яўгенія Гапеева і Лізавета Шыманчык з 4-й школы, Сава Радзько з Аброўскай, Дзіяна Мялік з Гортальскай, Вікторыя Кудравец з Быценскай, Вікторыя Галоўчык з Целяханскай, Вераніка Карповіч з Вулькаўскай школ і Кацярына Равенка з ліцэя.
КАМЯНЕЦ
Валанцёры ў пушчы
З 10 ліпеня ў Белавежскай пушчы пачынае работу валанцёрскі летнік для моладзі. Яго арганізатарам выступіла Беларуская асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА. Хлопцы і дзяўчаты будуць працаваць па экалагічных праграмах, дапамогуць у навядзенні парадку ў запаветным лесе, бліжэй пазнаёмяцца з Белавежай. Для валанцёраў таксама запланавана работа тэматычных секцый.
КОБРЫН
Пра вольны час падлеткаў
На базе горада 7 ліпеня прайшло выязное пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх пры аблвыканкаме, на якім было разгледжана пытанне “Аб выкарыстанні аб’ектаў спорту і культуры Кобрынскага раёна па арганізацыі вольнага часу і фарміраванні здаровага ладу жыцця падлеткаў”. Удзельнікі мерапрыемства наведалі Палац культуры, ваенна-гістарычны музей імя А.В. Суворава, лядовую арэну, стадыён “Юнацтва”, парк культуры і адпачынку імя А.В. Суворава, а таксама пазнаёміліся з работай дзіцячага забаўляльнага цэнтра “Кеша”, фізкультурна-аздараўленчага комплексу “Аквапарк” і музея аграсядзібы “Студзінка”.
ЛУНІНЕЦ
Каму спатрэбіліся сцяжкі?
Звыш дзясятка алімпійскіх сцяжкоў, усталяваных каля Палаца культуры РУВП “Граніт” у Мікашэвічах, зламалі невядомыя хуліганы. Інцыдэнт адбыўся ноччу, і асобы вандалаў пакуль не высветлены. Аднак прыняты адпаведныя захады, каб знайсці вінаватых.
ЛЯХАВІЧЫ
“Бронзавы” трыумф
Юныя спартсмены раёна прынялі ўдзел у 6-й рэспубліканскай спартакіядзе школьнікаў. У Мінску яны выступалі на спаборніцтвах па самба, дзюдо і лёгкай атлетыцы. З бронзавымі медалямі дахаты вярнуліся дзюдаісткі Хрысціна Янушка і Алеся Барысевіч, а таксама  Ангеліна Сліва (лёгкая атлетыка).
МАЛАРЫТА
Перамаглі будаўнікі
Ва ўніверсальным спартыўным комплексе прайшла спартакіяда сярод работнікаў прадпрыемстваў і арганізацый горада. За права называцца мацнейшай змагаліся 11 каманд. Спартсмены-аматары высвятлялі адносіны ў армрэслінгу, настольным тэнісе, більярдзе, шашках, дартсе, скачках у даўжыню з месца, у эстафетным плаванні. У агульным заліку перамагла каманда ПМК-20, на другім месцы – райспажыўтаварыства, на трэцім – прадстаўнікі рамонтна-механічных майстэрань.
ПІНСК
У статусе “народнага”
Музею Чырванасцяжнай ордэна Ушакова I ступені Дняпроўскай флатыліі і 1-га Навучальнага атрада ВМФ СССР, які працуе ў сярэдняй агульнаадукацыйнай школе №1,
рашэннем калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь прысвоена званне “народны”. Адпаведны дакумент за подпісам міністра культуры Паўла Латушкі днямі атрымалі ў аддзеле культуры гарвыканкама.
ПІНСКІ РАЁН
Бібліятэчныя бенефісы
Сошненская спецыялізаваная бібліятэка экалагічнага выхавання і Лышчанская сельская бібліятэка адзначылі свае юбілеі. Да 65-годдзя ўстаноў калектывы падрыхтавалі святы-бенефісы, у якіх прынялі ўдзел чытачы, былыя бібліятэкары, артысты мастацкай самадзейнасці.
ПРУЖАНЫ
Цік-так ходзікі…
На плошчы перад Палацам культуры ў райцэнтры ўстаноўлены гарадскі гадзіннік. Яго вырабілі на мінскім ААТ “АГАТ – сістэмы кіравання”. Спецыялісты прадпрыемства зманціравалі гадзіннік, зрабілі яго наладку. Цяпер пружанцы не толькі змогуць зверыць час з паказаным на табло з неонавай падсветкай, але і даведацца аб тэмпературы паветра ды пачытаць інфармацыю і рэкламу бягучага радка.
СТОЛІН
Галоўнае – прыватызацыя
На прыёме грамадзян, які правёў намеснік старшыні аблвыканкама Якаў Бухавецкі, самымі папулярнымі сталі пытанні аб прыватызацыі і рамонце жылля, а таксама аб падвядзенні вады. Запланаваная сустрэча з жыхарамі райцэнра доўжылася дзве газіны. За гэты час свае праблемы з Якавам Адамавічам абмеркавалі 9 чалавек.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля