Беларусь

Усходняя вытанчанасць і… рыс


РЫС “УСХОДНЯЯ ВЫТАНЧАНАСЦЬ” ад Жанны ВАЛАСЮК, дырэктара СП “Розніца-гандаль” Іванаўскага райспажыўтаварыства:
– Правільнае харчаванне засцерагае наш арганізм ад шэрагу хвароб, павышае імунітэт. Стараюся гатаваць стравы на пары, выкарыстоўваць крупы, гародніну і садавіну. Карысна і смачна. Спадзяюся, прыйдзецца да смаку і палюбіцца чытачам “НТ” рыс “Усходняя вытанчанасць”.
Неабходныя прадукты: адвараны рассыпісты рыс – 3 шклянкі, цукар –  2 сталовыя лыжкі, масла сметанковае – 1 сталовая лыжка, садавіна –  300 г, фінікі –  100 г, міндаль –  100 г.
Рыс перамяшаць з цукрам і маслам. Частку замесу выкладваем у форму для пудынгу пластом 2 сантыметры, а наверх – прамытыя і ачышчаныя ад костачак і насення садавіну, фінікі і арэхі. Злёгку змяшаем. Чаргуем пласты некалькі разоў. Адварваем на паравой лазні каля 30 хвілін. Страву падаём на стол цёплай.
Пакуль гатуецца рыс, прапаную зрабіць арыгінальную салату з шампіньёнаў і семак.
Інгрэдыенты: 2 лісты салаты, 2 сталовыя лыжкі ачышчаных семак сланечніка, 200 г грыбоў, 2 сталовыя лыжкі пятрушкі, па 1-й сталовай лыжцы сметанковага масла і алею, 2 сталовыя лыжкі лімоннага соку, 1-2 зубкі часнаку, перац чорны молаты, соль.
Семкі абсмажваем на сухой патэльні. Выкладваем іх у талерку, а таксама дробна парэзаную пятрушку і здробнены часнок, выціскаем лімонны сок і дадаём лыжку алею. Змешваем і – у халадзільнік. Далей наразаем шампіньёны, абсмажваем на сметанковым масле. У салатніцу выкладваем дробна парэзанае лісце салаты і паліваем яго лімонным сокам. Затым – абсмажаныя грыбы і семкавая сумесь. Дадаём перац, соль па смаку, усё змешваем – гатова.
Прыемнага вам апетыту!

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля