Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Яўген Казімірчык кіруецца правілам: дробязных пытанняў не існуе
Апошняя інстанцыя
Перад пачаткам работы з грамадзянамі Яўген Аляксандравіч расказаў, што да абеду працаваў у Белаазёрску. Ці то лета паўплывала на актыўнасць мясцовых жыхароў, ці то ў іх сапраўды няма праблем і пытанняў, якія самі не ў стане вырашыць, толькі ў вызначаны час на прыём да дэпутата прыйшлі ўсяго тры выбаршчыкі. Увогуле ж, падчас работы ў рэгіёне Яўген Казімірчык адзін раз у месяц прымае грама-дзян у райцэнтры і Белаазёрску, на працягу года абавязкова працуе ў кожным сельсавеце. Акрамя гэтага, праводзіць сустрэчы ў працоўных калектывах Бярозаўшчыны. Нароўні з пытаннямі рэгіянальнага характару, дэпутату часта даводзіцца займацца і прыватнымі, якія пры належным разглядзе цалкам вырашаюцца на мясцовым узроўні.
З прыватнымі праблемамі прыйшлі на прыём выбаршчыкі з Бярозы і на гэты раз. Шчыра кажучы, вельмі хацелася, каб хоць адзін са зваротаў тычыўся нечага калі не глабальнага, дык хоць мясцовага маштабу. На жаль, мае спадзяванні не спраўдзіліся.
Першым у рабочы кабінет дэпутата ў райвыканкаме зайшоў удзельнік вайны, 85-гадовы жыхар Бярозы Уладзімір Барушка. Пажылы мужчына папрасіў Яўгена Казімірчыка дапамагчы ўтылізаваць старэнькія “Жыгулі” – маўляў, ніхто не хоча браць такое дабро. Аўтамабіль 1975 года выпуску даўно зрабіўся непрыгодным і толькі замінае ў двары. Яўген Аляксандравіч папрасіў яго крыху пачакаць, а сам пачаў тэлефанаваць майстру аддзялення УП “Брэстдругмет” у вёску Першамайская, якое купляе лом чорных металаў у насельніцтва. Сваю дапамогу ветэрану прапанаваў і Лявонцій Папко – ён другім прыйшоў на прыём да дэпутата, а пасля на асабістай машыне адвёз удзельніка вайны ў фірму ў горадзе, якая таксама займаецца ўтылізацыяй старых аўтамабіляў.
Што тычыцца праблемы, якая хвалюе наступнага немаладога мужчыну, як і пенсіянерку з райцэнтра Надзею Сянкевіч, дык яна з катэгорыі “як Іван Іванавіч пасварыўся з Іванам Нікіфаравічам”. Мяркуючы па фразе, якую ён вымавіў “Да вас я прыйшоў, як у апошнюю інстанцыю” – можна было здагадацца, што справа суседзяў, калі адзін хоча паставіць на мяжы свайго ўчастка агаро-джу, а другі не дае гэтага зрабіць, цягнецца не адзін год. Магчыма, калі-небудзь людзі зразумеюць, што справа гэтая, у параўнанні з іншымі, нічога не вартая, і самі знойдуць шляхі яе вырашэння, а пакуль жа ў надзеі, што гэта дапаможа зрабіць іх прадстаўнік у органах улады, задоўга да пачатку прыёма чакалі яго ля кабінета.
Яўген Казімірчык, кіруючыся правілам – дробязных пытанняў не існуе, паабяцаў пенсіянерам наведацца да незгаворлівых суседзяў і пагутарыць з імі, каб паспрыяць хутчэйшай развязцы заблытаных вузлоў Лявонція Піліпавіча і Надзеі Васільеўны.
Жыхар Паўночнага гарадка Віктар Каспіровіч на прыём прыйшоў з набалелай для яго праблемай – наконт будаўніцтва пандуса ў жылым доме. Вырашэннем яе, па словах мужчыны, займалася ўнітарнае жыллёва-эксплуатацыйнае прадпрыемства “Бярозажылсэрвіс”. Аднак прапанова вывесці пандус на вуліцу з кватэры не задавальняе сям’ю, у якой хворае дзіця. У дадзеным выпадку добра падышоў бы другі варыянт – зрабіць пандус з ганка, але гэта можа пашкодзіць газаправод.
Яўген Казімірчык тут жа патэлефанаваў кіраўніку “Бярозажылсэрвісу” Анатолю Максімчыку, які паведаміў, што ў цяперашні час распрацоўваецца праектна-каштарысная дакументацыя на будаўніцтва пандуса. Калі яна будзе гатова і вырашыцца пытанне фінансавання, дык усё будзе зроблена – пры ўмове, што разбяруцца з газаправодам. Дапамагчы ў ажыццяўленні гэтага паабяцала і памочнік дэпутата, галоўны інжынер міжрайгаза Наталля Карпеш…
Пераканалася: з самымі рознымі пытаннямі ідуць выбаршчыкі да свайго дэпутата. І нярэдка спяшаюцца да Яўгена Казімірчыка за дапамогай – нібы ў апошнюю інстанцыю, дзе абавязкова апраўдаюць іх давер…
Надзея ЯЦУРА,”НТ”,
г. Бяроза.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.