ЦТ: здаём без памылак і парушэнняў!
На цэнтралізаваным тэсціраванні трэба правільна пісаць сваё імя, пашпартныя дадзеныя, а таксама лічбу “адзін”
Уступная кампанія выходзіць на фінішную прамую. У пятніцу, 14 чэрвеня, пройдзе цэнтралізаванае тэсціраванне па беларускай мове. 15 чэрвеня абітурыенты будуць здаваць рускую мову, а далей – па раскладзе, зацверджаным Рэспубліканскім Інстытутам кантролю ведаў. Яго графік можна паглядзець на афіцыйным сайце ўстановы – http://www.rikc.by.
Перад пачаткам іспытаў “Равеснік” падрыхтаваў памятку для абітурыентаў, у якой разам з дырэктарам рэгіянальнага цэнтра тэсціравання Уладзімірам МАРОЗАМ расказвае што можна і неабходна, а што ні ў якім разе нельга рабіць падчас тэсціравання.
* Уважліва пісаць сваё прозвішча, імя, імя па бацьку, а таксама нумар пашпарта. Неабходна звярнуць увагу на правільнасць напісання лічбы “адзін”. Яна пішацца, як палачка. Звычайную “адзінку” машына сканіруе, як сямёрку. Памятайце, што нават адна няправільная ці прапушчаная літара альбо лічба стварае вялікую праблему – будзе цяжка ідэнтыфікаваць сертыфікат. Запаўняць бланк неабходна чорнай гелевай ручкай.
* Самым распаўсюджаным парушэннем падчас цэнтралізаванага тэсціравання з’яўляецца выкарыстанне мабільных тэлефонаў. Любыя сродкі сувязі неабходна пакідаць дома, у гардэробе ці на сталах каля аўдыторыі. Нават адказным арганізатарам нельга мець пры сабе тэлефоны.
* Па правілах на цэнтралізаванае тэсціраванне з сабой можна пранесці самы просты калькулятар – аднарадковы, які не павінен з’яўляцца сродкам перадачы, прыёму і захоўвання інфармацыі. Прычым карыстацца ім магчыма толькі на двух іспытах – па фізіцы і хіміі. Акрамя таго, на ЦТ нельга праносіць алоўкі, цыркулі, лінейкі, ластык і іншыя канцылярскія прылады, не прадугледжаныя правіламі.
* З сабой можна ўзяць бутэльку вады. Толькі яна павінна быць без этыкеткі і пакінуць яе прыйдзецца на стале ў арганізатараў. Прыём медыцынскіх прэпаратаў лепш загадзя ўзгадніць з арганізатарамі. Каля кожнага пункта праходжання ЦТ будзе дзяжурыць “Хуткая дапамога”.
* На іспыты нельга спазняцца. Усе тэсты пачынаюцца ў 11 гадзін. З сабой абавязкова мець пашпарт, від на жыхарства ці пасведчанне бежанца, пропуск на ЦТ. Калі пашпарт згублены, неабходна ўзяць даведку ў аддзеле ўнутраных спраў. Пры выдачы новага пашпарту неабходна бу-дзе замяніць сертыфікат.
* Усю працэдуру ЦТ абітурыент праходзіць асабіста. Гэта правіла тычыцца і выдачы сертыфікатаў. Іх пад роспіс абітурыент атрымлівае ў месцы праходжання ЦТ.
Па словах Уладзіміра Мароза, працэс праходжання цэнтралізаванага тэсціравання ўжо добра “абкатаны”, у абітурыентаў ёсць магчымасць прайсці рэпетыцыйныя тэсты і, варта адзначыць, яны ахвотна яе выкарыстоўваюць. Нейкіх значных змяненняў у сёлетнім ЦТ няма, аднак, вядома ж, напамін лішнім не бывае.
Вольга СВІРЫДОВІЧ, “НТ”.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.