Дапамога з крэатывам
На Белым возеры пад Брэстам прайшоў 3-ці абласны форум валанцёраў Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа
Гэта была сустрэча лепшых валанцёраў, 56-ці хлопцаў і дзяўчат, якія прысвяцілі жыццё дапамозе іншым людзям. У госці запрасілі аднадумцаў з Гомельскай і Магілёўскай абласцей. Моладзь атрымала магчымасць абмяняцца вопытам валанцёрскай работы, паўдзельнічаць у майстар-класах па асноўных кірунках дзейнасці беларускага Чырвонага Крыжа, пазнаёміцца з інавацыямі ў валанцёрстве.
А каб цікавей было працаваць, форум зрабілі тэматычным – усе яго ўдзельнікі трапілі на востраў скарбаў. Такі крэатыўны падыход не мог не паўплываць як на арганізатараў, так і на ўдзельнікаў мерапрыемства. Сяброўская атмасфера, лёгкасць і нефармальнасць зносін, прысутнасць элемента гульні з рознымі таямніцамі зрабілі форум захапляльным.
Насычаная праграма валанцёрскай сустрэчы нікому не пакінула шансаў пасумаваць. Нават вучоба атрымалася цікавай і не была ў цяжар. Валанцёры абмеркавалі розныя тэмы: лідарства, піяр-дзейнасць, канфлікты і спосабы іх вырашэння, эфектыўныя зносіны, першая даўрачэбная дапамога, барацьба з гандлем людзьмі. Урокі зносін, безумоўна, дапамогуць маладым, бо ім даводзіцца працаваць з рознымі людзьмі.
Ідэі гуманізму і міласэрнасці, якія прапагандуе Беларускае Таварыства Чырвонага Крыжа, блізкія і зразумелыя сучасным юнакам ды дзяўчатам. Пацвярджэннем таму сталі конкурсы “Лепшы валан-цёр-2010” і “Лепшая валанцёрская ініцыятыва-2010”. У першым пераможцаў вызначылі ў 11 намінацыях. Сярод іх – Аляксандр Фадзееў (Драгічынская раённая арганізацыя БТЧК), Галіна Гуціч (Бярозаўская раённая арганізацыя), Павел Крупка (Кобрынская), Ірына Муляўка (Брэсцкая гарадская) і іншыя. Прыз глядацкіх сімпатый атрымаў пінчанін Аляксей Матузка.
Няпроста было выбраць лепшыя ініцыятывы, бо з кожным годам павялічваецца не толькі колькасць, але расце і якасць работы, якая праводзіцца. Узнагародамі адзначаны 10 праектаў. У ліку пераможцаў – валанцёрскія групы “Моладзь за здаровы лад жыцця” са Століншчыны, “Бюро радасці” абласнога грамадска-культурнага цэнтра, “Мерыдыян” з Лунінецкага раёна, “Праметэй” Пружанскага дзяржаўнага агратэхнічнага каледжа…
Важным момантам стала ўручэнне кожнаму ўдзельніку форуму “Кніжкі валанцёра”, куды хлопцы і дзяўчаты будуць запісваць асабістыя валанцёрскія дасягненні і зробленыя добрыя справы. “Гэта будзе моцным матывуючым штуршком у будучай рабоце валанцёраў”, – пераканана старшыня абласной арганізацыі Чырвонага Крыжа Ларыса Варанко.
На форуме абраны новы абласны валанцёрскі савет, які будзе каардынаваць дзейнасць валанцёраў Чырвонага Крыжа ў наступным годзе. Выбралі самых актыўных і ініцыятыўных.
Дзмітрый ШЫФЕРШТЭЙН,
студэнт БрДУ
імя А.С. Пушкіна.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.