Дзед Аўдзей
Сярэдняга росту, хударлявы, з рэдкімі русымі валасамі, дзед Аўдзей меў нос прамы, а губы –
злёгку прыпухлыя, што сведчыла аб слабасці характару. Вочы дзеда колеру бляклага лопуху нічога не адлюстроўвалі, акрамя пакорлівасці свайму лёсу. Таму, пэўна, і выглядаў непрэзентабельна: заўсёды ў старой, бруднай вопратцы, падвязаны кавалкам вяроўкі, негаваркі, калматы і абыякавы да ўсяго навакольнага. За ўсё гэта яшчэ ў маладыя гады атрымаў мянушку “дзед”.
Жыў Аўдзей у звычайнай вясковай хаце пад саламяным дахам, да задняй сцяны якой прымыкаў невялічкі хляўчук. Тут у цёплы час года кватаравалі пярэстая карова, двое парасят і куры. Узімку ўсё гэта жывёльнае царства перабіралася да гаспадара ў хату, дзе было цёпла, светла і ўтульна.
Гаспадаром Аўдзей быў нікчэмным, і з усімі справамі, у тым ліку і на прысядзібным участку, упраўлялася ягоная энергічная жонка Мар’я.
Трэба заўважыць, што ў жыцці сваім нічога добрага дзед не бачыў, акрамя тых прасторных лугоў, дзе з ранняй вясны і да позняй восені пасвіў статак вясковых кароў. Зімой жа амаль увесь час ляжаў на рускай печцы. У вёсцы пра яго гаварылі: жыве чалавек ні сабе, ні людзям.
І вось дзед Аўдзей памёр. Здарылася гэта зімою, у самы сцюдзёны і неспрыяльны час. Яго прыбралі ў што Бог даў і труну з целам паставілі ў чырвоны кут, дзе і прабавіўся нябожчык двое сутак.
На трэці дзень сталі выпраўляць Аўдзея ў апошні шлях. Падалі сані, у якія нехта дадумаўся запрэгчы маладую неаб’езджаную кабылку. Труну паставілі ў сані, і працэсія рушыла. Аднак у гэты час, адкуль ні вазьміся, выскачыў вялікі чорны сабака. Кабылка спужалася і панесла па вясковай вуліцы. Труна выпала з саней, расчынілася, і дзед Аўдзей паляцеў у снег. Народ ад перапуду разбегся. Але потым, апамятаўшыся, людзі вярнуліся. Запрэглі іншага, спакойнага, каня, паставілі труну ў сані, і пахавальны картэж зноў рушыў да могілак. Дзеда пахавалі, як патрабуюць хрысціянскія традыцыі.
Праўда, пакуль ён ляжаў на снезе, аднаму хлапчуку здалося, быццам дзед Аўдзей адкрыў вочы, падміргнуў, усміхнуўся і, шырока раскінуўшы рукі, гучна заспяваў: “Усё вакол калгаснае, усё вакол маё…”. Па дарозе з могілак дадому хлопчык расказаў аб гэтым аднавяскоўцам. Тыя здзівіліся, бо ніхто з прысутных нічога такога не заўважыў. Аднак ужо вечарам аб здарэнні гаварылі ўсе тры навакольныя вёскі, у кожнай дадавалі да гісторыі новыя “падрабязнасці”. А потым зрабілі агульны вывад: маўляў, як жыў дзед Аўдзей недарэчна, так і памёр.
Ніна ПАПОВА,
г. Брэст.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.