Беларусь

Мяса “Пятрушкавая асалода”


ад Надзеі НАЗАРУК, начальніка вытворчага аддзела ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Маларыцкага райвыканкама:
– Як і большасць жанчын, гатую для сваіх сямейнікаў пастаянна. Прычым стараюся гэта рабіць з густам. Таму часта эксперыментую з мясам (стравы з яго ў нашай сям’і карыстаюцца найбольшай папулярнасцю), з рыбай.
Ёсць у маёй кулінарнай кнізе і рэцэпт прыгатавання дамашняга плаўленага сыру. Рабіць яго проста. І танна атрымліваецца, калі ёсць сваё малако, тварог, яйкі. Да 3 літраў кіпячонага малака дадаём 1,5 кілаграма дамашняга тварагу, размешваем і даводзім да кіпення. Пасля масу адкідваем на сіта і даём сцячы сыроватцы, дадаём у яе 100 грамаў масла, соль і цукар па смаку, 1/3 чайнай лыжкі харчовай соды, 2 сырыя яйкі. Усё перамешваем і трымаем на сыроватачнай “лазні” 15 мінут. Затым выкладваем у палатняны мяшочак, кла-дзём пад гнёт, каб сцякла вадкасць, – сыр гатовы. Ну, а на святочны стол я прапаную прыгатаваць мяса марынаванае з пятрушкай.
Нам спатрэбяцца: 1 кг свініны, 3 сырыя яйкі, 150 грамаў маянэзу, 2 сталовыя лыжкі крухмалу, 7-8 зубчыкаў здробненага часнаку, вялікі пучок дробна парэзанай пятрушкі.
Мяса рэжам на парцыённыя кавалкі, злёгку адбіваем. Пасля абмакаем іх у сумесь, прыгатаваную з астатніх інгрэдыентаў. Складваем у каструлю і на 3-4 гадзіны ставім у халадзільнік. Замарынаванае мяса абсмажваем у вялікай колькасці алею. На стол падаецца гарачым з любым гарнірам і соусам.
Прыемнага апетыту і са святам вас, працаўнікі палёў і ферм!

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля