Давайце будзем даражыць жыццём!
Ахова працы застаецца важнейшай сацыяльна-эканамічнай праблемай, якая патрабуе пастаяннай увагі органаў улады наймальнікаў і саміх работнікаў
Для работніка ахова працы – адзіны спосаб захаваць жыццё, здароўе і працаздольнасць. І гэта павінна быць неад’емнай часткай працоўных прававых адносін.
Летась пры выкананні службовых абавязкаў у арганізацыях вобласці загінулі 47 работнікаў, што на 6 менш, чым у 2009 годзе. На 43 працэнты зменшыўся траўматызм у стане алкагольнага ап’янення. Але супакоенасці быць не павінна. Статыстыка сведчыць: прысутнічаюць парушэнні і недахопы як з боку асобных кіраўнікоў і адказных асоб прадпрыемстваў і арганізацый, так і саміх работнікаў па выкананні патрабаванняў заканадаўства па ахове працы.
У многіх на памяці – групавы ня-шчасны выпадак, які здарыўся летась 25 кастрычніка на СТАА “Пінск-дрэў-ДСП” ЗАТ “Холдынгавая кампанія “Пінскдрэў”. Нагадаю: ад атрыманых траўмаў памерлі 14 чалавек, 5 – атрымалі траўмы з цяжкім зыходам. Усяго ж у 2010 годзе на прадпрыемствах пінскага холдынгу ў выніку няшчасных выпадкаў 15 работнікаў загінулі і 11 былі цяжка траўміраваны, што склала 32 і 11,2 працэнта адпаведна да згаданага ўзроўню траўматызму па ўсёй вобласці.
Большасць няшчасных выпадкаў са смяротным зыходам адбылося ў недзяржаўным сектары эканомікі, сельскай гаспадарцы, прамысловасці і будаўніцтве. Аналіз прычын трагічных выпадкаў паказвае, што яны адны і тыя ж: нездавальняючая арганізацыя вытворчых работ і адсутнасць кантролю за іх правядзеннем адказнымі асобамі, недахопы ў дзейнасці сістэм кіравання аховай працы, эксплуатацыя тэхнічна няспраўнага абсталявання, невыкананне патрабаванняў інструкцый па ахове працы, працоўнай і вытворчай дысцыпліны самімі работнікамі. Адсюль – і выпадкі са смяротным зыходам у стане алкагольнага ап’янення.
Так, вясной мінулага года каля будаўнічага аб’екта ў вёсцы Прыбарава Брэсцкага раёна загінуў вадзіцель міні-пагрузчыка СААТ “Брэсткар”. Падчас расследавання выяўлена, што, знаходзячыся ў стане моцнага алкагольнага ап’янення, ён з’ехаў з дарогі і спыніўся на краі канавы. Грунт абваліўся, пагрузчык перакуліўся разам з вадзіцелем у канаву, запоўненую вадой. Выратаваць яго не змаглі: памёр на наступны дзень у бальніцы.
17 жніўня 2010 года адбыўся яшчэ адзін выпадак. Электрагазазваршчык вайсковай часці 2187, знаходзячыся ў стане ап’янення, выконваў газавую рэзку металаканструкцый будынка былога спартыўнага гарадка часці. Калі адразаў апорную стойку, канструкцыя абрушылася.
Спецыяльнае расследаванне гэтых двух выпадкаў дзяржаўным інспектарам аховы працы выявіла не толькі асобасныя, але і арганізацыйныя прычыны трагедый. Відавочна: у першую чаргу вінаваты алкаголь. У загінулых засталіся непаўналетнія дзеці, якія, згодна з заканадаўствам, павінны быць сацыяльна абаронены. Але ўзнікае пытанне: чаму дзяржава павінна несці матэрыяльныя выдаткі за работніка, які не выканаў свае працоўныя абавязкі, і чаму сам работнік, ужываючы алкаголь на рабоце, не думае аб сваіх дзецях?
Выпадкі смяротнага траўматызму на рабочых месцах у нецвярозым стане таксама мелі месца ў мінулым годзе ў філіяле “Прыазёрны” ААТ “Драгічынскі камбікормавы завод”, УП “Ляхавіцкая СПМК-18”, ДВПБУП “Аб’яднанне Брэстаблсельбуд”, ААТ “Айчына” Пружанскага раёна, ЗАТ “Інтэрбудсэрвіс” (г. Кобрын), філіяле “Пінскдрэў-Бобрык”. Мяркую, што кіраўнікі гэтых прадпрыемстваў недастаткова прымаюць меры для ўмацавання працоўнай дысцыпліны, выканання патрабаванняў прэзідэнцкай Дырэктывы №1.
Маюць месца выпадкі, калі работнікі ў спецыяльнай форме набываюць спіртныя напіткі ў рабочы час. Ім прадаюць, хоць зразумела, што яны вернуцца ў цэх ці на будоўлю. Вынікі гэтага могуць быць непапраўнымі…
Якім жа чынам арганізаваць работу па ахове працы ў арганізацыі, каб максімальна знізіць рызыку ўзнікнення небяспечных сітуацый? Пачаць варта з укаранення сістэмы кіравання аховай працы ў адпаведнасці з СТБ 18001-2009 з наяўнасцю працэдур, якія забяспечваюць ідэнтыфікацыю небяспек, ацэнку прафесійнай рызыкі, распрацоўку і рэалізацыю мерапрыемстваў па іх зніжэнні.
Лічу, што недастатковы аб’ём сучасных ведаў па ахове працы ў кіраўнікоў і спецыялістаў з’яўляецца прычынай нізкага ўзроўню арганізацыі работы і кантролю за выкананнем патрабаванняў. Яны не могуць прадбачыць небяспеку, значыць – не ў стане прыняць своечасовыя меры, каб яе пазбегнуць. Трэба ўлічваць, што за апошнія 5 год нарматыўная дакументацыя па ахове працы значна змянілася. Адсюль – неабходнасць прайсці навучанне і праверку ведаў усім службовым асобам. Без гэтага ўскладаць адказнасць за арганізацыю аховы працы, бяспечнае правядзенне работ на іх недапушчальна, інакш адказнасць давядзецца несці персанальна кіраўніку прадпрыемства.
Згодна дзеючай нарматыўнай дакументацыі не пазней месяца з дня назначэння на пасаду і перыядычна (не радзей аднаго разу ў тры гады) спецыялісты, у службовыя абавязкі якіх уваходзяць пытанні аховы працы, праходзяць праверку ведаў у камісіях мясцовых выканаўчых органаў. Падрыхтоўка да экзамену можа ажыццяўляцца самастойна ці на платнай аснове ў вучэбна-метадычным цэнтры Інстытута павышэння кваліфікацыі і падрыхтоўкі кадраў (г. Брэст, вул. Дзяржынскага, 22), вучэбным пункце ЖКГ (г. Брэст, вул. Брэсцкіх дывізій, 13/3), ДУА “Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы” (г. Брэст, вул. Карбышава, 63). Толькі пасля праходжання праверкі ведаў службовымі асобамі кіраўнік прадпрыемства рыхтуе загад аб назначэнні адказных за арганізацыю аховы працы непасрэдна на рабочых месцах, у кожным структурным падраздзяленні (на кожным аб’екце правядзення работ). Таксама назначаюцца адказныя за спраўны стан і бяспечную эксплуатацыю вытворчага абсталявання, машын і механізмаў. Распрацоўваюцца і ўзгадняюцца інструкцыі па ахове працы, якія афармляюцца ў журналах рэгістрацыі (неабходную дакументацыю можна набыць у Брэсцкім цэнтры аховы працы па адрасе: г. Брэст, вул. Леніна, 22, п. 18).
Штогадовая праверка ведаў праводзіцца ў рабочых, якія выконваюць работы павышанай небяспекі (станочнікаў, зваршчыкаў, вадзіцеляў пагрузчыкаў, электраманцёраў і інш). Зазначу, камісія складаецца толькі з ліку службовых асоб, якія прайшлі праверку ведаў у камісіях гаррайвыканкамаў.
Істотны ўплыў на папярэджанне траўматызму аказваюць мабільныя групы, якія летась абследавалі 754 аб’екты. У гаррайвыканкамы, пракуратуру, іншыя органы кіравання было адпраўлена 393 даведкі і інфармацыі аб знойдзеных парушэннях нормаў аховы працы і прапановы па прыцягненні іх кіраўнікоў да дысцыплінарнай і іншай адказнасці. Калі наймальнікі не выконвалі рэкамендацыі па стварэнні бяспечных умоў працы, дык накіроўваўся запыт у Дэпартамент дзяржаўнай інспекцыі працы аб правядзенні пазапланавых праверак, па выніках якіх і прымаліся санкцыі. Мяркую, такую практыку прадоўжым, бо мала выявіць парушэнне – трэба дабіцца выпраўлення сітуацыі і выключыць магчымасць яе паўтарэння.
У выніку прафілактычнай работы дзяржаўнымі інспектарамі працы за мінулы год выдадзена 790 загадаў на ліквідацыю больш чым 12 тысяч парушэнняў. Спынена эксплуатацыя 899 станкоў, машын і абсталявання, якія стваралі пагрозу для жыцця і здароўя працаўнікоў. Прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці 544 службовыя асобы, у тым ліку звольнены – 33. За парушэнні атрымалі штраф 516 чалавек і 281 наймальнік на агульную суму 395 мільёнаў рублёў. З удзелам дзяржінспектараў праведзена 1087 семінараў і нарад па пытаннях заканадаўства аб працы, ахове працы, у якіх прынялі ўдзел больш за 38 тысяч чалавек. Інспектары ўдзельнічалі ў праверцы ведаў у 3654 кіраўнікоў і спецыялістаў арганізацый.
Работа па ахове працы толькі тады можа быць паспяховай, калі яна будзе сістэматычнай і мэтанакіраванай.
Валянцін ПРАВАТОРАЎ,
начальнік абласнога ўпраўлення
Дэпартамента дзяржінспекцыі працы.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.