Беларусь

А 12 мільёнаў падпаліла!


Брэст
Не толькі “вертывкаль”
У мінулую суботу адбылася традыцыйная гарадская “Брэсцкая лыжня-2011”. У эстафеце прадстаўнікоў выканаўчай улады перамагла каманда гарвыканкама, другімі сталі спартсмены адміністрацыі Маскоўскага раёна, трэцімі – Ленінскага. Сярод навучальных устаноў і прадпрыемстваў горада першае месца занялі лыжнікі каледжа сувязі і будтрэста №8. У жанчын на 3-кіламетровай дыстанцыі лепшымі былі Наталля Кузіч і Святлана Асіпук, у мужчын на 5-кіламетровай – Аляксандр Вароніч, Юрый Карпаў і Іван Барташ.
Брэсцкі раён
Сустрэча ў “Заходнім”
У аўторак памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, галоўны інспектар па Брэсцкай вобласці  Уладзімір Пузырэўскі сустрэўся з працоўным калектывам камунальнага сельскагаспадарчага прадпрыемства “СГЦ “Заходні”. Ён расказаў работнікам пра асноўныя арыенціры сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны ў стартавым годзе новай пяцігодкі, разам са старшынёй райвыканкама Уладзімірам Мацукам адказаў на пытанні прысутных.
Баранавічы
Бронза “Патэнцыялу”
З узнагародамі вярнуліся вучні ліцэя №1 і гімназіі №5 райцэнтра з ХХ адкрытай навуковай канферэнцыі “Патэнцыял”, якая прайшла ў Маскве. Дыпломамі III ступені па матэматыцы ўзнагароджаны Фаіна Алісултанава і Алёна Каваленка, дыпломы III ступені па экалогіі – у Карыны Хуцкай і Валерыі Гаспадарык. Такія ж дыпломы па фізіцы прывезлі Вадзім Міхайлоўскі і Арцём Нагорны.
Баранавіцкі раён
Лампадкі знойдзены
Супрацоўнікі крымінальнага вышуку затрымалі падазронага ў крадзяжах латунных лампадак і надмагільных вазонаў з месцаў пахавання трагічна загінулых лётчыкаў Аляксандра Жураўлевіча і Аляксандра Марфіцкага ў Русіно. 21-гадовы жыхар райцэнтра прызнаў сваю віну, украдзенае аператыўнікі канфіскавалі ў пункце прыёму другаснай сыравіны.
Бяроза
Смачна есці ў кабаках
У Кабакоўскай сярэдняй школе завершаны капітальны рамонт харчблока школьнай сталовай. У абноўленым памяшканні з’явіліся электрычная пліта, электрапатэльня, воданагравальнік, электрамясарубка, агароднінарэзка, халадзільнікі-маразільнікі. Дагэтуль дзеці хадзілі ў саўгасную сталовую, якая знаходзіцца ў кіламетры ад школы. Цяпер каля 100 вучняў харчуюцца ў камфортных умовах.
Ганцавічы
На лыжні – адны настаўнікі
У мінулыя выхадныя па ініцыятыве аддзела адукацыі райвыканкама і райкама галіновага прафсаюза прайшлі лыжныя спаборніцтвы настаўнікаў Ганцаўшчыны. Сярод 14 каманд упэўнена перамаглі педработнікі гарадской СШ №3. У індывідуальных гонках лепшымі сталі Ала Гімаздзінава, Наталля Грыгарук і Уладзімір Краўцоў з гэтай жа школы, Галіна Радзюк з Круговіцкай, Уладзімір Шахрай з Дзяніскавіцкай і Вячаслаў Сянько з Агарэвіцкай СШ.
Драгічын
У гасцях – партнёры
Учора ў тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва прайшоў дзень адчыненых дзвярэй для партнёраў, фундатараў з розных арганізацый і ўстаноў, прадпрымальнікаў. Гасцям прэзентавалі работу цэнтра, пазнаёмілі з яго супрацоўнікамі, а ў канцэртнай праграме прынялі ўдзел маладыя інваліды і клуб “Спатканне”.
Жабінка
У гонар славутага земляка
Учора ў вёсцы Малыя Сяхновічы, дзе неўзабаве афіцыйна адкрыецца гісторыка-краязнаўчы музей, у якім асобны пакой адведзены славутаму земляку Тадэвушу Касцюшку, грамадскасць раёна, а таксама госці з Польшчы ўшанавалі 265-ы дзень нараджэння героя зямлі нашай. Яны ўсклалі кветкі да бюста Касцюшкі, пазнаёміліся з экспанатамі музея.
Іванава
Мнагабор’е будучых прызыўнікоў
Спаборніцтвы па зімнім мнагабор’і ў праграме раённай спартакіяды сярод дапрызыўнай і прызыўнай моладзі прайшлі ў нядзелю. Больш за 70 вучняў старэйшых класаў усіх навучальных устаноў раёна паўдзельнічалі ў іх. Сярод гарадскіх школ мацнейшымі аказаліся хлопцы з САШ №4. У сельскіх групах  перамаглі каманды з Адрыжына і Ляхавічаў.
Івацэвічы
Сур’ёзны шчупак
Менавіта так можна ахарактарызаваць здабытую ў канцы студзеня жыхаром райцэнтра Уладзімірам Лахеем рыбіну. Закінуў ён у лунку на Аброўскім вадасховішчы жыўца (у яго ролі выступіла плотка), а выцягнуў за 35 хвілін шчупака. Трафей заважыў 9,3 кілаграма.
Камянец
Лепшы ў вобласці
Напрыканцы мінулага тыдня стала вядома, што раённы аддзел унутраных спраў за высокія паказчыкі ў аператыўна-службовай дзейнасці па выніках 2010 года прызнаны лепшым у вобласці сярод аддзелаў трэцяй ступені. І сведчанне таму – адпаведнае пасведчанне і пераходны кубак за агульнае зніжэнне колькасці правапарушэнняў і высокі працэнт раскрыцця злачынстваў.
Кобрын
Аўтаматызавалі бібліятэку
Завершана аўтаматызацыя вытворчых працэсаў у цэнтральнай раённай бібліятэцы. Цяпер гэтая ўстанова аказвае 35 відаў дадатковых паслуг, большасць якіх ажыццяўляецца з дапамогай сучасных інфармацыйных тэхналогій. У бліжэйшы час у аўтаматызаваным рэжыме будуць абслугоўвацца і чытачы: папяровыя фармуляры заменяць на электронныя, а пошук неабходнай літаратуры стануць весці праз віртуальны каталог.
Лунінец
Ідэалагічны арыенцір
На выніковай нарадзе ідэалагічнага актыву Лунінеччыны, што прайшла ў райвыканкаме, былі пазначаны прыярытэтныя арыенціры на 2011 год. Яе ўдзельнікі абмеркавалі таксама пытанні кадравага патэнцыялу і вынікі падпісной кампаніі на першае паўгоддзе 2011-га. У нарадзе прыняў удзел старшыня раённага Савета дэпутатаў Віталь Адзішчаў.
Ляхавічы
Усе дарогі вялі ў “Колас”…
Апошнія студзеньскія дзянькі на Ляхавіччыне выдаліся насычанымі на спартыўныя саперніцтвы. У комплексе “Колас” прайшла раённая спартакіяда вучнёўскай моладзі па настольным тэнісе – пераможцай стала каманда Малагарадзішчанскага дзіцячага сада-агульнаадукацыйнай школы. Затым стартавала спартакіяда насельніцтва сельскіх Саветаў. У ёй роўных не было Жарабковіцкаму сельскаму Савету. І ў 5-ы раз адбыўся адкрыты Кубак Ляхавіцкага аграрнага каледжа па дзюдо, у якім прынялі ўдзел спартсмены з Беларусі, Расіі, Эстоніі і Латвіі. Ляхавіччанам дасталіся 8 першых месцаў.
Маларыта
Бібліятэка на колах
Нядаўна раённая бібліятэка набыла бібліобус – спецыяльны аўтамабіль для абслугоўвання насельніцтва аддаленых вёсак. Цяпер фарміруецца кніжны фонд  у дзве тысячы экземпляраў. Вяскоўцы змогуць браць у карыстанне кнігі тэрмінам на месяц. Бібліобус абсталяваны двума  месцамі, якімі жадаючыя могуць скарыстацца для прагляду свежых часопісаў.
Пінск
Лыжаў хуткі бег
Гарадскія спаборніцтвы “Пінская лыжня-2011”, у якіх удзельнічала каля 300 чалавек, прайшлі ў мінулую суботу. Індывідуальныя і камандныя гонкі захапілі спартыўным запалам і выявілі мацнейшых лыжнікаў. Так, у камандных спаборніцтвах першыя месцы занялі: сярод школьнікаў – САШ №14, сярод студэнтаў – хлопцы з аграрна-тэхнічнага каледжа і дзяўчаты з педагагічнага, сярод працуючай мола-дзі – лыжнікі гарадскога аддзела МНС. Актыўна асвоілі лыжы і чыноўнікі: перамога на гэтай лыжні дасталася камандзе намесніка старшыні гарвыканкама Аляксандра Сацуты.
Пінскі раён
Вялікая радасць – дзецям
У Парахонску прайшлі адразу два наваселлі. Пасля рэканструкцыі тут урачыста адкрылі сярэднюю школу і яслі-сад. Цяпер у школьнікаў, дзякуючы старанню будаўнікоў БПМК-33, ёсць утульныя класы, актавая і спартыўная залы, а ў дашкалят з’явіліся музычная і фізкультурная залы, сучасная мэбля і гульнявое абсталяванне.
Пружаны
Двойчы трэція
Па выніках рэспубліканскага спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў па вырошчванні і вытворчасці льняной трасты, насення вышэйшых рэпрадукцый і валакна ў 2010 годзе Мінсельгасхарч сярод раёнаў прысудзіў Пружан-шчыне трэцяе месца. Бронза і ў мехатрада ААТ “Пружанскі льнозавод”.

Столін
А 12 мільёнаў падпаліла!
39-гадовая супрацоўніца банка вінаватая ў крадзяжы 205 мільёнаў рублёў. Такі вердыкт вынес суд мясцовай жыхарцы, якая на працягу 3 гадоў прысвойвала грошы. Калі факт нястачы стаў вядомы, жанчына паспрабавала скончыць жыццё самагубствам: зачынілася ў кабінеце і падпаліла 12 мільёнаў рублёў. Пакаранне – дзевяць з паловай гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля