Беларусь

Бестселеры/Рэтра


Бестселеры
З прэм’ерай! Вас і нас віншую, паважаныя чытачкі. Уявіце, што вы знаходзіцеся на першым паказе новага супермоднага кіно. Чакаеце новых уражанняў, захапляльнага сюжэта, сустрэчы з цікавымі героямі? Усё гэта будзе! Запрашаю да знаёмства з новай жаночай старонкай. Тут, як кажуць, без купюр, толькі самыя шчырыя выказванні, вострыя меркаванні і праўдзівыя гісторыі з жыцця. Дазваляецца выказвацца толькі без какецтва і ўсялякіх хітрасцей. Ёсць што сказаць – калі ласка, на “Какетак.net”.
На першае спатканне традыцыйна клічуць у кіно. Наша знаёмства таксама пачынаем з апошняга рада ў кінатэатры, але не на месцах для пацалункаў. Сёння мы з вамі – уважлівыя гледачы. Тэма сустрэчы – “Кінаманія”.
Сярод афіцыйна прызнаных лепшых фільмаў мінулага года – “Сацыяльная сетка”, “Чорны лебедзь”, “Прывід”, “Пачатак” і іншыя. Гэтыя кінастужкі лічацца бестселерамі і звярнулі на сябе ўвагу як кінакрытыкаў, так і аматараў сінематографа. Гучна заявілі пра сябе і беларускія фільмы “Трамвай у Парыж”, музыкальная стужка “Выцінанка-выразанка”. Нельга не ўспомніць і пра прэм’еру “Брэсцкай крэпасці” – фільма, які ўскалыхнуў сусветную грамадскасць і выклікаў нямала спрэчак. Нягледзячы на тое, што кіно сёння з’яўляецца хутчэй прыбытковым бізнесам, чым мастацтвам, ёсць рэжысёры, якія могуць дастукацца да пачуццяў не праз агульнавядомыя прыёмы, а дзякуючы новым ідэям, творчым хадам і арыгінальнаму бачанню розных аспектаў нашага жыцця.
Няважна, 3D ці 5D – галоўнае, каб фільм меў змястоўны сэнс і нёс пэўную карысную інфармацыю гледачам. Аматары рэтракіно могуць не пагадзіцца са мной: маўляў, цяперашняе кіно нават параўнаць са старымі фільмамі нельга. А як вы думаеце? Якое кіно варта паглядзець, ды можа і не адзін раз? Што выбраць: прэм’еру ў кінатэатры ці праверанае часам чорна-белае кіно? Можа, не трэба вяртацца ў мінулае, а лепш ісці наперад, выбіраючы новы фармат? Калі згодны, пішыце на наш адрас у рэдакцыю (адрас і тэлефон на апошняй старонцы) ці дасылайце на e-mail: olya_sviridovich@mail.ru.
Вольга СВІРЫДОВІЧ, “НТ”.

Рэтра
Сёння амаль немагчыма выявіць, што снілася бессмяротным галівудскім сімвалам мінулага стагоддзя, карыфеям чорна-белага кіно Чарлі Чапліну і Мэрылін Манро, ды калі ўзгаданыя асобы неаднойчы “гасцявалі” ў вашых снах, дарагія чытачы, – віншую з бездакорным густам. Даказана: людзі, якія глядзелі ў дзяцінстве толькі некаляровыя стужкі, на працягу жыцця бачаць такія ж сны. Аказваецца, кіно вельмі моцна ўздзейнічае на нашу псіхіку, а ў далейшым – і на фарміраванне пэўнага ладу жыцця, таму да выбару свайго асабістага “галівудскага” сцэнарыя трэба адносіцца адказна.
Усё ж калі вас не пужае такая перспектыва, пакінем яркія фарбы для рэальнасці і паспрабуем “падрамаць” у стылі рэтра, пазбаўленым раздражняльнай стракатасці. Спытаеце: “Што ў гэтым добрага?” Магчыма, некаторым прадстаўнікам пакалення “Next”, якія выраслі выключна на высокатэхналагічных навінках кінаіндустрыі і паспяхова асвоілі 3D фармат, неўздагад, чым могуць прывабліваць чорна-белыя стужкі. Адказ відавочны: гэта элегантная, вышуканая класіка, дзе заўжды ёсць месца і раблезіянскаму смеху, і здароваму глузду, гэта свята, якое застанецца з табой нават тады, калі экран патухне. Не верыце? Смела цісніце на “play” – і ўсё стане на свае месцы. Сардэчна запрашаю ў “Касабланку” перыяду Другой сусветнай вайны, дзе Хамфры Богарт і Інгрыд Бергман адчайна выбіраюць паміж каханнем і грамадскім абавязкам, асоба каралеўскіх крывей Одры Хэпбэрн на другім канцы свету бавіць свае першыя “Рымскія канікулы” з непараўнальным Грэгары Пэкам, а бялявая Мэрылін Манро справай пераконвае, што “У джазе толькі дзяўчыны”. Успомніце: публіка была зусім не ў захапленні, калі старыя савецкія стужкі “Папялушка”, “Сямнаццаць імгненняў вясны”, “У бой ідуць адны старыя” зайгралі ўсімі колерамі вясёлкі. Здаецца, сама сутнасць гэтых фільмаў была страчана…
Дыскутаваць наконт таго, якое кіно трэба глядзець, каб спаць спакойна і вырасці сапраўдным чалавекам, можна бясконца. Але выбіраць вам, чытачы: каляровыя вобразы ці чорна-белая класіка, якая ніколі не пастарэе і не выйдзе з моды. Вынікі вашых разваг дасылайце на электронны адрас: ninkaLe@mail.ru
Ніна ЛЕАНАВЕЦ, “НТ”.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля