У віхуры танца
Чвэрць веку дорыць радасць гледачам узорны дзіцячы калектыў “Каруначкі”
Што ні кажыце, а народны танец жыве. І будзе жыць, пакуль ёсць энтузіясты, улюбёныя ўсёй душой у арганізатарскую справу, якія ствараюць цудоўныя танцавальныя калектывы і трымаюць іх на плыву дзесяцігоддзямі.
Амаль трыццаць гадоў таму ў Жабінкаўскі гарадскі Дом культуры прыйшла на працу харэографам звычайная дзяўчына Ірына. Звычайная, але за плячыма ўжо мела тытул майстра спорту па спартыўнай гімнастыцы, танцавала ў дзіцячым калектыве “Лялькі” горада Баранавічы, закончыла аддзяленне харэаграфіі Гродзенскага культасветвучылішча. Праз два гады карпатлівых рэпетыцый, падбору рэпертуару дзіцячы танцавальны калектыў пад яе кіраўніцтвам атрымаў званне ўзорнага. Для раёна гэта была падзея, бо раней тут не было ні народных, ні ўзорных ансамбляў і хароў.
Каб удала спалучаць мелодыю з рухамі, найперш патрэбны талент. Яркія, адпрацаваныя да дробязей праграмныя нумары юныя танцоры неўзабаве пачалі паказваць не толькі на раённай сцэне, але ў вобласці і рэспубліцы. “Каруначкі” гучна заявілі пра сябе падчас шматлікіх фестываляў і конкурсаў, пачалі атрымліваць прызнанне і высокія ўзнагароды. Напрыканцы мінулага года яны дамагліся права ўдзельнічаць у IV адкрытым конкурсе мастацтваў “Вікторыя-2010”, які праходзіў у Мінску і на які з’ехалася амаль пяцьдзясят дзіцячых гуртоў з усёй Беларусі. У намінацыі “Народны танец” жабінкаўскія танцоры заваявалі адразу два кубкі пераможцаў і дыпломы I ступені.
– Калектыў пастаянна аднаўляецца, – расказвае кіраўнік Ірына Румко. – Прыходзяць новыя дзеткі ва ўзросце 3-4 гадоў, якіх трэба вучыць з нуля. Жадаючых шмат, і гэта радуе. Некаторыя дзеці, якія прайшлі праз “Каруначкі”, і далей звязваюць свой лёс з танцамі. Вельмі прыемна, што мае выпускнікі Андрэй Макарук і Цімафей Рудніцкі танцуюць у славутым ансамблі “Харошкі”, а Саша Макарук выступае ў дзяржаўным ансамблі “Белыя росы” пры Гродзенскай філармоніі.
Неаднойчы даводзілася быць на рэпетыцыях і канцэртах “Каруначкаў”. І кожны раз прасочвалася думка: з якім імпэтам дзеці танцуюць, колькі трэба цярпення, каб гэтаму іх навучыць! А на твары кіраўніка – толькі ўсмешка. Хаця ў жыцці і на працы жанчына вельмі патрабавальная і настойлівая. Падзяка ўсяму – мноства кветак ад гледачоў і бацькоў пасля чарговага канцэрта. Кветкі кветкамі, а Ірына Румко марыць: некалі танцы будзе суправаджаць аркестравая група, у яе з’явіцца магчымасць гастраляваць са сваім адметным калектывам…
Аляксей ГАНЧУК, “НТ”,
г. Жабінка.
Фота аўтара.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.